Сельская гаспадарка
Нумар - №16-18 Рубрыка - Сельская гаспадарка
27.01.2012
КРУГЛЫ СТОЛ - ДЛЯ ВЕДАЎ
Райкамам прафсаюза работнікаў АПК арганізаваны і праведзены семінар-вучоба, на які былі запрошаны старшыні прафкамаў, юрысты, эканамісты і спецыялісты кадравай службы сельгаставарыстваў раёна. Мэта - папоўніць веды ў нарматыўна-прававой базе. Вучоба прайшла ў форме круглага стала. Прысутнымі было зададзена шмат пытанняў, на якія змястоўныя адказы давалі спецыялісты абласнога камітэта прафсаюза работнікаў АПК - загадчык аддзела па сацыяльна-эканамічнай рабоце Аксана Бельская, галоўны прававы інспектар працы Кірыл Азаранка і загадчык аргаддзела Алена Кячко. Размова вялася аб калектыўна-дагаворнай рабоце, прытрымліванні заканадаўства па аплаце працы, прыёме і звальненні з работы, пераводзе на другую работу, кантрактнай форме найму і г. д., а таксама аб маючай адбыцца справаздачна-выбарнай кампаніі.
ПРАГРАМА НАСЫЧАНАЯ
У так званае міжсезонне ў Цэнтры павышэння кваліфікацыі кіруючых работнікаў і спецыялістаў Стаўбцоўскага райсельгасхарчу штогод вучацца і праходзяць перападрыхтоўку працаўнікі сельскагаспадарчых кааператываў. Сёлета праграма заняткаў даволі насычаная.
- На пачатку студзеня мы запрасілі вучоных з Беларускага навукова-даследчага інстытута земляробства для правядзення вучобы на тэму "Тэхналогія машыннага даення", - расказвае намеснік начальніка цэнтра Васіль Ненадавец. - Акрамя даярак былі запрошаны галоўныя заатэхнікі і спецыялісты сярэдняга звяна данай галіны. Вучоба праводзілася па куставым метадзе на базе чатырох таварыстваў - ААТ "Агранёманскі", "Вішнявецкі-агра", "Дзераўное" і "Шашкі".
Навуковыя супрацоўнікі выязджалі ў гэтыя сельгаставарыствы, дзе і праводзілі заняткі. Слухачы праявілі цікавасць і задалі нямала пытанняў. Яно і зразумела, бо правільна падаіць карову - гэта таксама навука, і трэба абавязкова яе прытрымлівацца. За два дні навучанне прайшлі 250 чалавек практычна з усіх гаспадарак. У студзені павышалі кваліфікацыю механізатары. Адна група прайшла спецыяльны курс па эксплуатацыі энерганасычанай тэхнікі, які выкладалі спецыялісты завода-вытворцы ААТ "Гомсельмаш", другая - па рабоце на трактарах маркі "Беларус".
- Пасля завяршэння перападрыхтоўкі, на люты, запланавана правядзенне заняткаў са спецыялістамі агранамічных, інжынерных службаў і механізатарамі па інтэнсіўных тэхналогіях вырошчвання ўсіх сельскагаспадарчых культур, рэгуліроўках тэхнікі і т. п., - дадае Васіль Мікалаевіч, - зразумела, з прыцягненнем навукоўцаў.
А зараз у цэнтры вучацца 28 курсантаў для работы на энерганасычаных трактарах на катэгорыі "В", "Д" і "F". Пасля заканчэння заняткаў, якія будуць працягвацца да сярэдзіны сакавіка, і здачы адпаведных кваліфікацыйных экзаменаў яны атрымаюць пасведчанні з правам работы на энерганасычаных трактарах.






