мобильная версия
Прамень

Тыдзень Стаўбцоўшчыны

Нумар - №16-18    Рубрыка - Падзеі і здарэнні

27.01.2012

Фотография 1

ЗАГСам зарэгістраваны па раёне 5 шлюбаў. Выдадзены пасведчанні аб нараджэнні дзесяці маленькім жыхарам Стаўбцоўшчыны: Лізавеце Конюх, Ільі Лукашэвічу, Захару Федаровічу, Цімафею Скараходаву, Наталлі Саўчук, Ганне Тубальцавай, Мікалаю Ішчанку, Максіму Сафараву, Максіму Тарабешу і Раману Лапко. 

Зямны шлях закончыўся для 19 чалавек.

У пажарнай часці згадалі вогненнае здарэнне ў Коласаве. Ноччу з 20 на 21 студзеня ў вёсцы ўспыхнуў нежылы, даўно закінуты дом. Працяглы час ён стаяў без акон і дзвярэй, а з 2005 года месцазнаходжанне яго ўладальніка ўвогуле невядомае. Агонь пашкодзіў сцены і дах пабудовы, але, разам з тым, узнікае іншая, больш сур'ёзная праблема. Адзін з пунктаў раённай праграмы па папярэджанні пажараў і гібелі людзей на іх на 2010-2012 гады, зацверджанай старшынёй райвыканкама, абавязвае сельвыканкамы правесці ўлік падобных безгаспадарных домаўладанняў і прыняць меры па абмежаванні доступу ў іх старонніх асоб, а таксама па іх зносе. 

Міліцыяй узбуджана крымінальная справа па артыкуле "Угон транспартнага сродку". Будучы ў гасцях, нецвярозы гр. С. завалодаў чужымі ключамі і аўтамабілем, на якім паспеў учыніць паездку ў горад Мінск.

Суд прысудзіў адзін мільён пяцьдзясят тысяч рублёў штрафу 32-гадоваму жыхару Ячнага, раней судзімаму, які, будучы нецвярозым, разбіў шыбіны ў акне дома жыхара Тулёнкі. Да 2,5 года абмежавання волі прыгавораны 21-гадовы стаўбчанін: дастаўлены ў раённую бальніцу для медыцынскага агляду на прадмет алкагольнага ап'янення, ён вырашыў разабрацца з участковым інспектарам міліцыі з дапамогай кулакоў. На чыгуначнай станцыі Коласава 50-гадовая жанчына без пэўнага месца жыхарства, раней судзімая, выкрала ў пацярпеўшага пасля сумеснага распіцця спіртнога мабільны тэлефон, за што атрымала 5 месяцаў арышту. Пазбаўлены волі на чатыры гады 28-гадовы жыхар Зуёў, раней судзімы шэсць разоў: на гэты раз ён учыніў хуліганства ў адносінах да суседзяў, а таксама крадзеж 250 тысяч рублёў з дачнага дома. 40-гадовы жыхар Рубяжэвічаў аштрафаваны на 700 тысяч рублёў за самавольнае будаўніцтва прыбудоў да дома і хлява. За аналагічныя парушэнні пакарана штрафам у суме 850 тысяч рублёў і 51-гадовая стаўбчанка. Яшчэ ў адной жыхаркі райцэнтра канфіскаваны самагонны апарат і 60 л брагі, якія яна захоўвала ў сябе дома. За парушэнне закона ёй вынесены штраф у памеры 210 тысяч рублёў.

ДАІ выявіла 167 парушэнняў правілаў дарожнага руху. Сярод парушальнікаў - трое п'яных і 6 бяспраўных вадзіцеляў, 16 недысцыплінаваных пешаходаў і інш. У сувязі са снегападамі і прагназуемымі моцнымі маразамі ДАІ заклікае не заставацца абыякавымі, паведамляць па тэл. 102 факты, калі ў дарозе здарылася паломка аўтамабіля і патрэбна дапамога, калі на праезджай частцы знаходзіцца нецвярозы чалавек.

 "Хуткая" выязджала да хворых 195 разоў, у тым ліку 6 сігналаў паступіла ад асоб з алкагольным ап'яненнем. Раніцай 21 студзеня паступіў трывожны званок з Вялікага Двара. На жаль, дапамога медыкаў 20-гадоваму мясцоваму жыхару, які звёў рахункі з жыццём, ужо не спатрэбілася...

Таццяна ПЯТКЕВІЧ