Унікальная аперацыя
Нумар - №16-18 Рубрыка - Медыцына
27.01.2012
Нашу краіну абляцела вестка, што ў Беларусі ўпершыню ў Рэспубліканскім навукова-практычным цэнтры трансплантацыі органаў і тканак праведзена ўнікальная аперацыя па перасадцы комплексу "печань-нырка". Такія аперацыі рэдкасць і ў свеце. Для нас гэтая навіна цікавая і тым, што пацыентам быў 52-гадовы мужчына са Стаўбцоўскага раёна.
Як паведамляецца, гэтая аперацыя па трансплантацыі органаў пабіла ўсе рэкорды - яна працягвалася 17 гадзін. Адразу была зроблена перасадка печані, затым - ныркі. Па словах загадчыка аддзела нефралогіі і трансплантацыі ныркі Рэспубліканскага навукова-практычнага цэнтра Алега Калачыка, чалавек, які перанёс аперацыю, нарадзіўся трэці раз.
Цяпер жыццё прааперыраванага хворага падтрымліваецца з дапамогай спецыяльных апаратаў.
Аперацыя - яшчэ адзін доказ таго, якіх вышынь дасягнула навука і практыка ў галіне медыцыны ў нашай краіне. Па медыцынскую дапамогу ў Беларусь едуць сёння з іншых краін блізкага замежжа, дзе перасадка органаў пакуль не ажыццяўляецца, як і на лячэнне ў беларускі Інстытут анкалогіі.
Аперацыі па перасадцы органаў вельмі дарагія, эквівалентныя суме ад 10 да 20 тысяч долараў. Гэта не ўключае кошту спецыяльных прэпаратаў, якія выкарыстоўваюцца для таго, каб трансплантаваны орган не быў адарваны арганізмам. Пацыенту аперацыя была праведзена бясплатна.
Прааперыраваны знаходзіцца цяпер у цэнтры ўвагі не толькі медыкаў, якія здзейснілі подзвіг, але і грамадскасці. І канешне ж, усе жадаюць, каб для пацыента перыяд рэабілітацыі прайшоў паспяхова і як мага хутчэй.






