Вынікі года ў малочнай і мясной галінах
Нумар - №16-18 Рубрыка - Сельская гаспадарка
27.01.2012
За мінулы год жывёлаводамі малочных цэхаў сельгаставарыстваў раёна надоена 72424,5 тоны малака, што на 1074,5 тоны менш за папярэдні год. Павялічылі вытворчасць ў параўнанні з леташнімі паказчыкамі шэсць гаспадарак.
Найбольшая прыбаўка дасягнута ў ААТ "Радзіма Якуба Коласа" і "Каганец", адпаведна 1061,2 і 985,4 тоны. У сярэднім ад кожнай каровы атрымана па 5082 кілаграмы. Па-ранейшаму ў лідарах працаўнікі ААТ "Вялікі Двор". Жывёлаводы гэтага таварыства не ўступаюць першынства і з году ў год нарошчваюць вытворчасць. У шасцёрцы лепшых таксама налібацкія, жацераўскія і агранёманскія рупліўцы фермаў. І ў той жа час восем таварыстваў спрацавалі ніжэй сваіх магчымасцяў. Калі па выніках папярэдняга года паказчык ніжэйшы за чатыры тысячы мелі чатыры гаспадаркі, то летась іх стала шэсць. Рэалізавана па ўсіх каналах збыту 62345,3 тоны малака. Таварнасць павялічылася і склала 86,1 працэнта, самая высокая ў ААТ "Каганец" і "Вялікі Двор" - звыш 92 працэнтаў.
А вось у мясных справах жывёлаводы спрацавалі з плюсам. Вытворчасць ялавічыны павялічылася на 87,4 тоны. Амаль у два разы больш вырашчана мяса ў ААТ "Ніўнае-агра". Палепшыліся і сярэднясутачныя прывагі. У вытворчасці свініны таксама абнадзейваючая тэндэнцыя росту. Паступова папраўляюцца справы на СТК "Крамец" ААТ "Вішнявецкі-агра", а вось на фермах ААТ "Аталезь-агра", "Радзіма Дзяржынскага" назіраецца адставанне ад мінулагодніх вынікаў.






