Цясноўская прафілактыка
Нумар - №4-5 Рубрыка - Жыццё. Улада. Чалавек
10.01.2012
Цясноўскі сельскі Савет стаў адрасам выязнога сумеснага пасяджэння раённых камісій па барацьбе з п'янствам, а таксама па справах непаўналетніх райвыканкама.
- У 2011 годзе ўзровень злачыннасці сярод непаўналетніх раёна зменшыўся ў два разы, але праблема п'янства і алкагалізму застаецца злабадзённай, - задаў тон пасяджэнню намеснік старшыні райвыканкама Сяргей Шэсцель. Агучаныя ім лічбы наводзяць на сур'ёзны роздум. На ўліку ва ўрача-нарколага знаходзяцца 1185 чалавек (48 - на прафілактычным уліку, астатнія - на дыспансерным; сярод іх 200 жанчын) і 92 падлеткі. Амаль кожны дзясяты з памёршых пайшоў з жыцця па прычыне, якая звязана не з захворваннем, а прама ці ўскосна - з ужываннем алкаголю. Узрасла колькасць непаўналетніх, затрыманых за распіццё піва і іншых алкагольных напіткаў. З 19-ці злачынстваў, учыненых імі, найбольшая колькасць прыходзіцца на райцэнтр, Рубяжэвіцкі, Залужскі і іншыя сельсаветы.
Улічваючы гэта, Сяргей Шэсцель прапанаваў аб'яднаць намаганні ўсіх суб'ектаў прафілактыкі і стварыць на базе цэнтральнай раённай бальніцы клуб ананімных алкаголікаў. У рэспубліцы ўжо дзейнічае 60 такіх клубаў, і яны зарэкамендавалі сябе эфектыўнай формай барацьбы з гэтай шкоднай звычкай і, як сведчыць рэчаіснасць, асноўнай прычынай сямейных скандалаў, правапарушэнняў і злачыннасці.
У Цясноўскім сельсавеце, як адзначылі яго старшыня Тадэвуш Галавач і ўчастковы інспектар Андрэй Новікаў, вядзецца непрымірымая барацьба з самагонаварэннем (хаця гэтыя традыцыі ў пушчанскім краі досыць жывучыя), з п'янкай на рабочых месцах. Ніводзін падобны факт не замоўчваецца (падыход участковага - беспакаранасць параджае ўсёдазволенасць, таму важней папярэдзіць парушэнне, правесці прафілактыку), а атрымлівае прававую ацэнку і афішуецца на сельскім сходзе. Адгаворкі тыпу "самагонку п'ю - не мая, а гарэлку купляю - лячуся" ніяк не праходзяць. "У Цеснавой наладжана ўзаемадзеянне сельвыканкама і ўчастковага інспектара", - адзначыў намеснік начальніка раённага аддзела ўнутраных спраў Руслан Харута. Сувязь са старастамі, рэйды ў магазіны, "кадзіроўка" за кошт ААТ "Радзіма Дзяржынскага", дапамога ў працаўладкаванні, дзейнасць добраахвотнай дружыны - гэтыя і іншыя формы сумеснай работы даюць свой плён. Стабільнай застаецца аператыўная абстаноўка на тэрыторыі сельсавета.
На тэрыторыі сельсавета пражываюць чатыры нядобранадзейныя сям'і, дзе становішча шасцярых дзяцей прызнана сацыяльна небяспечным. Пяць непаўналетніх пастаўлены на ўнутрышкольны ўлік. Двое падлеткаў знаходзяцца на ўліку ў інспекцыі па справах непаўналетніх. Як адзначыла дырэктар школы Святлана Макась, дзеці гэтыя задзейнічаны ў гуртках, з імі і іх бацькамі пастаянна вядуцца прафілактычныя гутаркі. "Асноўны недахоп школы, - заўважыла намеснік старшыні камісіі па справах непаўналетніх Наталля Хвасько, - слабая работа сацыяльнай псіхолага-педагагічнай службы, недастатковае валоданне яе работнікамі нарматыўнай дакументацыяй па Дэкрэту № 18".
На пасяджэнні трымалі публічны адказ і тыя сем'і, дзе сітуацыя была ці застаецца не зусім здаровай, бацькі ўжываюць спіртное, а дзеці, карыстаючыся бескантрольнасцю, ідуць на правапарушэнні і злачынствы. Адметным прыкладам можна назваць адну з такіх сямей: матуля прайшла курс антыалкагольнага лячэння, добра працуе на ферме, а і яе 12-гадовы сын, які стаіць на ўліку ў інспекцыі па справах непаўналетніх, выпраўляецца пад уплывам трэнера гуртка па лёгкай атлетыцы. Узяўшы над хлопцам апеку, трэнер займаецца з ім, бярэ на спаборніцтвы. Справы ў сям'і пачалі наладжвацца.
У сувязі з тым, што праблемы нядобранадзейных сямей актуальныя для кожнага сельсавета, на выязное пасяджэнне былі запрошаны і заслуханы старшыні Літвенскага і Вішнявецкага сельсаветаў Ірэна Дзяжынская і Ніна Гурыновіч. "Вішнявецкім сельвыканкамам сумесна з іншымі суб'ектамі прафілактыкі разгледжаны на савеце прафілактыкі, на камісіі па барацьбе з п'янствам 61 чалавек", - расказала Ніна Гурыновіч. - Па выніках праведзенай работы 18 чалавек добраахвотна прайшлі курс лячэння ад алкагольнай залежнасці. На жаль, пяцёра з іх выйшлі з гэтага строю. Сёння сельгаспрадпрыемствам распрацавана сістэма даплат за работу без парушэнняў, у тым ліку без ужывання спіртнога, разглядаецца магчымасць прадастаўлення дбайным работнікам добраўпарадкаванага жылля і шэраг іншых льгот".
"Неабходна вывучыць гэты вопыт і праз паўгода абмеркаваць яго", - прапанаваў Сяргей Шэсцель.






