Добра, што праблемы не назапашваюцца
Нумар - №4-5 Рубрыка - Прамая лінія
10.01.2012

Рэдакцыя нашай газеты, як ніхто, адчула станоўчае ў практыцы правядзення прамых тэлефонных ліній з кіраўніцтвам раёна, дзяржаўных ведамстваў і структур. Перыядычна жыхары раёна могуць задаць пытанні старшыні райвыканкама і яго намеснікам. Прамыя лініі - планавыя, яны праводзяцца рэгулярна, згодна з зацверджаным у раённым выканаўчым камітэце графікам. Дзякуючы гэтаму "разгрузіўся" рэдакцыйны тэлефон гарачай лініі.
Такія думкі былі ў час правядзення прамой тэлефоннай лініі з намеснікам старшыні райвыканкама, які курыруе пытанні сацыяльнай сферы і ідэалагічнай работы, Сяргеем Шэсцелем. І ў час тэлефоннай лініі на працягу гадзіны паступіла не так і многа пытанняў, што, у першую чаргу, сведчыць аб належнай арганізацыі работы з прыёмам грамадзян. Пытанні, праблемы не "назапашваюцца", а агучваюцца і вырашаюцца па меры іх узнікнення.
Звароты грамадзян у час работы прамой лініі датычылі як асабістага жыцця чалавека, так і грамадскага.
Інвалід І групы з Кнотаўшчыны Сяргей Шасцілоўскі акрэсліў некалькі пытанняў. Адно з іх - праблема кадраў у Кнотаўшчынскай амбулаторыі, у прыватнасці, патрэбнасць ва ўрачы.
- Кадравая праблема востра стаіць не толькі ў Кнотаўшчыне, але і ва ўсім нашым раёне. На сучасны момант сфера медыцынскага абслугоўвання раёна мае патрэбу ў 28 урачах. Плануецца, што ў Кнотаўшчынскую амбулаторыю ўрач прыступіць да работы з 1 жніўня 2012 года - чакаем маладога спецыяліста з медуніверсітэта. Пакуль 2 разы на тыдзень у гэтай амбулаторыі вядуць прыём фельчары бліжэйшых Мікалаеўшчынскага і Любкаўшчынскага фельчарска-акушэрскіх пунктаў.
Другое пытанне Сяргея Уладзіміравіча - падсыпка дарогі ў вёсцы Кнотаўшчына.
Пакуль рыхтаваўся нумар да друку, гэтую работу перад Новым годам выканала ў Кнотаўшчыне ДЭУ-135.
Асабістае пытанне Сяргея Шасцілоўскага ўтрымлівала просьбу ў аказанні дапамогі з закупам дроў.
- Улічваючы вашую просьбу, як інваліда І групы, вашая заява будзе разгледжана на пасяджэнні раённай камісіі па аказанні дапамогі асобам, хто аказаўся ў цяжкай жыццёвай сітуацыі, каб выдзеліць вам аднаразовую грашовую дапамогу.
(Пакуль вярстаўся нумар, дапамога была аказана).
Стаўбчанін Браніслаў Калошыч падняў праблему, якая непакоіць і іншых жыхароў райцэнтра, - разбітая дарога ля гарадскіх дзіцячых ясляў-сада № 7.
- Дзякую вам за нераўнадушную пазіцыю, за непакой аб добраўпарадкаванні райцэнтра. Гэтае пытанне на самой справе патрабуе неадкладнага вырашэння. Яно на кантролі ў райвыканкаме. Усё, што можна зрабіць у гэтыя зімовыя дні па выпраўленні сітуацыі з бездарожжам каля дашкольнай навучальнай установы, будзе выканана сіламі дарожных арганізацый і камунальнай службы горада.
Інвалід ІІ групы Іван Гацура падняў праблему работы грамадскай лазні ў Заямным. Многія памятаюць той час, як гэта лазня была адна з лепшых у раёне, і сюды з задавальненнем прыязджалі нават з райцэнтра. Цяпер яна не працуе.
- Лазня знаходзіцца на балансе аб'яднання камунальных службаў. Перададзена яна гэтай арганізацыі ў нерабочым стане. Патрэбна адшукаць фінансавыя сродкі для правядзення неабходнага аб'ёму работ. Мяркуецца, што гэта ўдасца зрабіць у першым квартале 2012 года.
Рыгор Канапліцкі з Жацерава пацікавіўся, які парадак абмену пасведчанняў ліквідатараў аварыі на Чарнобыльскай АЭС?
- У райвыканкаме ствараецца камісія па абмене пасведчанняў удзельнікаў вынікаў аварыі на Чарнобыльскай АЭС. Замена гэтых дакументаў будзе праведзена на працягу 2012 года.
Таццяна Скурат пацікавілася: "У адной з публікацый раённай газеты мы прачыталі, што плануецца стварыць раённую камісію па каардынацыі работы супрацоўніцтва ўлады і Царквы? У якой стадыі гэтая работа?"
- Камісія садзейнічання кантролю за выкананнем заканадаўства аб свабодзе веравызнання і рэлігійных арганізацый створана. Падрыхтаваны і праект праграмы супрацоўніцтва раённай улады і Царквы.






