мобильная версия
Прамень

Каб бачыць будучае, трэба памятаць даўняе

Нумар - №4-5    Рубрыка - Адукацыя

10.01.2012

Маленькая сельская школа раёна - Тонаўская сярэдняя, дзе навучаюцца толькі 46 вучняў, адсвяткавала свой векавы юбілей. Госці з раёна, якія былі на ўрачыстасці, прызналі: каб свята атрымалася, не трэба пампезнасці, як гэта часта бывае на юбілеях, дастаткова ўкласці душу. Тая цеплыня, прастата, шчырасць, якія напаўнялі ўрачыстасць, дазволілі кожнаму пранікнуцца важнасцю падзеі - усе мы родам са школы. Да таго ж сцэнарый быў да драбніц прадуманы, каб нічога не ўпусціць, нікога не забыць. У сітуацыі, што ў школе па штатным раскладзе няма намеснікаў дырэктара па вучэбнай і выхаваўчай рабоце, кіраўніку навучальнай установы Сяргею Дубінцу было залічана ў талент уменне мабілізаваць калектыў і згуртаваць для агульнай справы. На вышыні былі як педагогі, так і вучні - у сцэнарыі былі задзейнічаны ўсе. Удзельнікі ўрачыстасці адчулі, што Тонаўская СШ - гэта адна вялікая дружная сям'я дарослых і дзяцей. І парадаваліся за школу.

А выпускнікі розных гадоў стварылі экспромтам свой сцэнарый - ды так удала! Былі і слёзы радасці, і такія цікавыя ўспаміны, што пацешылі ўсіх, і канцэртныя нумары - ніхто не каплексаваў, выконваючы іх у зале. Гэта так усіх аб'яднала, расчуліла. У зімовыя па календары дні ўсе выпускнікі прыйшлі з букетамі жывых кветак. І падарылі іх сваім настаўнікам. Многія з іх ужо на заслужаным адпачынку, некаторыя і цяпер падтрымліваюць школу і даюць урокі дзецям. Нізкі паклон выпускнікоў быў адрасаваны настаўнікам-ветэранам Я. П. Высоцкай,  Л. А. Лазоўскай, Э. А. Высоцкай, З. П. Кадалка, Н. С. Высоцкай, Т. М. Анісько, В. Н. Карніцкай, С. Г. Казацкай, В. М. Красоўскай і сённяшнім педагогам, якія аддаюць свой прафесіяналізм і сэрца дзецям.

Былі ўспомнены і былыя кіраўнікі навучальнай установы - Дзям'янка, У. Л. Плявака,  А. І. Камёнка,  А. Я. Купрыенкава А. А. Лазоўскі, М. М. Леміновіч, М. В. Машчыц, П. М. Раманчук, М. М. Хмель, С. В. Юрчык, М. М. Сапега і сённяшні дырэктар С. М. Дубінец.

У ліку выпускнікоў школы Франц Мінько, як і тры яго браты. Франц Францавіч прайшоў працоўны шлях ад іжынера да намесніка міністра сельскай гаспадаркі краіны. Выступленне яго было вельмі простым, нягледзячы на яго службовы ранг. Усе былі роўныя ў сценах роднай школы, якая за 34 выпускі дала пуцёўку ў жыццё 606 вучням, з іх - 25 залатым медалістам. 60 працэнтаў выпускнікоў Тонаўскай школы атрымалі вышэйшую адукацыю. Выпускнікі розных гадоў брат і сястра Аляксандр і Ала Высоцкія, Сяргей Мінкевіч, Сяргей Чэмка, Аляксандр Апанасік у сваіх выступленнях успомнілі і іншых выпускнікоў, сваіх аднакласнікаў, хто не змог па розных прычынах прыбыць на 100-гадовы юбілей школы.

Прыгожым было на свяце выступленне таленавітай сям'і Сабалеўскіх - Тадэвуша Люцыянавіча, Рамуальды Ігнатаўны і іх дачок Ніны і Таццяны. Гэта сямейная дынастыя педагогаў, у якую ўліўся і дырэктар Тонаўскай СШ Сяргей Дубінец, муж Таццяны. Сям'я спрыяе таму, каб Сяргей Мір'евіч на сваёй рабоце змог спаўна творча раскрыцца.

Заслуга Сяргея Мір'евіча і ў тым, што ён сумеў наладзіць добрыя сяброўскія сувязі са школамі-суседкамі. І ў святочны дзень на юбілей Тонаўскай СШ з віншаваннямі прыехалі кіраўнікі Шашкоўскай, Рочавіцкай, Цясноўскай школ, Літвенскага вучэбна-педагагічнага комплексу "Дзіцячы сад-сярэдняя школа", Засульскай школы Ірына Колесень, Рэгіна Чарнец, Святлана Макась, Іна Петрашкевіч, Таццяна Гарановіч. Былі прадстаўнікі Рубяжэвіцкай СШ. З вішавальным словам да калектыву школы-юбіляра падымаліся прадстаўнікі аддзела адукацыі райвыканкама на чале з начальнікам Юрыем Ларычэвым з падарукам ад райвыканкама і аддзела адукацыі - ноўтбукам, старшыня ААТ "Рубяжэвічы" Дзяніс Колесень з падарункам - велатрэнажорам, старшыня Рубяжэвіцкага сельвыканкама Ала Стралкоўская. У вянок школы ўкладзены іх шчырыя віншаванні і пажаданні поспехаў навучальнай установе, якая з'яўляецца дастойнай прадаўжальніцай летапісу адукацыі ў Тонаве. А пачатак гэтага летапісу быў пакладзены ў 1885 годзе народным вучылішчам. Затым на сродкі прыхаджан Тонава-Слабодскай царквы па благаславенні свяшчэнніка Бяляева быў пабудаваны ў 1911 годзе цагляны будынак двухкласнай школы. Пазней школа дабудоўвалася і дарасла да статусу сярэдняй.

Лана СВЯТЛІЦКАЯ