Калі праца не толькі па абавязку
Нумар - №4-5 Рубрыка - Жыццё. Улада. Чалавек
10.01.2012
У снежні мінулага года адбыўся з'езд Камуністычнай партыі Беларусі. Удзел у ім прыняла і сакратар Стаўбцоўскай партыйнай арганізацыі Н. У. Дубовік. Прыемна было пачаць размову з Нінай Уладзіміраўнай з віншавання. Яе выбралі ў састаў Цэнтральнага камітэта КПБ.
- Дзякуй. Разумею, што гэта вялікі давер, які абавязвае працаваць яшчэ больш вынікова і адказна. Дарэчы, Указам Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь ад 6 снежня 2011 года ордэнам Пашаны за плённую дзяржаўную і грамадскую дзейнасць, значны ўклад у развіццё заканадаўства і парламентарызму ўзнгароджана першы сакратар ЦК КПБ Таццяна Генадзьеўна Голубева, а другі сакратар Ігар Васільевіч Карпенка і член бюро ЦК КПБ Раіса Аляксандраўна Ціханская сярод узнагароджаных медалём "За працоўныя заслугі". Гэта высокая адзнака ўкладу Камуністычнай партыі ў дзяржаўнае будаўніцтва, умацаванне суверэнітэту Рэспублікі Беларусь, клопату аб дабрабыце народа.
Цяпер аб ходзе з'езда, які працаваў у Доме афіцэраў. Прагучаў партыйны гімн "Інтэрнацыянал", у зале палымнеў чырвоны сцяг. Традыцыйна выразны і сімвал - серп і молат, а над імі - пяціканечная зорка. А акаймляюць эмблему КПБ словы: народаўладдзе, справядлівасць, сацыялізм. Іменна гэта з'яўляецца галоўнай мэтай партыі.
У Праграме Камуністычнай партыі Беларусі, праект якой абмеркавалі камуністы, акрэслена роля Беларусі ў сучасным свеце, падведзены ўрокі айчыннай гісторыі і выбару беларускага народа, вызначана стратэгія і тактыка КПБ на сучасным этапе. Падкрэслена, што стратэгічнай мэтай беларускіх камуністаў з'яўляецца пабудова сацыялізму. А для рэалізацыі гэтай праграмы неабходна ўмацоўваць беларускую дзяржаву і яе асноўныя палітычныя інстытуты як галоўных гарантаў эканамічнай і палітычнай стабільнасці краіны, захавання бяспекі, асноўных правоў і свабод грамадзян.
Дарэчы, у рабоце з'езда прымалі ўдзел прадстаўнікі кампартый Кітая, Літоўскай Рэспублікі, Кубы. Асабліва запомнілася выступленне кубінскага госця, які падкрэсліў, што Беларусь з'яўляецца ў свеце астраўком свабоды і высокай маральнасці.
Што датычыць надзённых задач, то на з'ездзе акрэслена неабходнасць весці агітацыйную работу, каб больш камуністаў было выбрана ў Саветы дэпутатаў. Асаблівая ўвага - росту радоў КПБ, прыцягненню маладых сіл.
Магу смела сказаць, што камуністы, як і належыць, паказваюць прыклад у працы, у жыцці. Так, толькі добрае гавораць аб членах партарганізацыі Хатаўскога спіртзавода, у гэтай пярвічцы сёння сем чалавек.
- Шмат залежыць і ад асобы лідара. Шчырая, добразычлівая, вельмі ўважлівая ла людзей - такія водгукі і пра вас, Ніна Уладзіміраўна. І ў раёне вас добра ведаюць не толькі як сакратара партарганізацыі, а і па іншай грамадскай рабоце.
- Дзякуй за камплімент, але не трэба мяне расхвальваць. Скажу толькі, што мне шанцуе на добрых людзей. Што датычыць грамадскіх спраў, то дапамагае жыццёвы, педагагічны вопыт. І прынцып: дапамажы таму, каму патрэбна твая дапамога. Мы з мясцовым актывам пастараліся, каб запамінальнымі сталі Новы год і калядныя святы і для самых юных, і для састарэлых жыхароў вёскі Дудкі, дзе я маю паўнамоцтвы старасты. Падрыхтавалі, няхай і сціплыя, але якія маглі, падарункі.
Разумееце, любая, як вы кажаце, грамадская работа прынясе плён, калі яна не ў цяжар, не толькі па абавязку, а ад душы.
Вось, скажам, аддаўшы шмат гадоў педагагічнай працы, я не магу сябе ўявіць не ў асяроддзі дзяцей. З задавальненнем вяду заняткі ў літаратурным салоне "Натхненне" Шашкоўскай школы мастацтваў. Якая радасць у вачах дзяўчынак і хлопчыкаў, калі яны дэкламуюць вершы аб прыгажосці нашай прыроды, роднай зямлі.
З задавальненнем наведваю выставы, асабліва мастацкай творчасці. Вось і ў гэтыя выхадныя паедзем з мужам у Мінск.






