Каму давяраюць людзі
Нумар - №4-5 Рубрыка - Ахова правапарадку
10.01.2012

Работнікі ААТ "Каганец" сабраліся на тэрыторыі машынна-трактарнага парку з неардынарнай нагоды - іх участковаму інспектару міліцыі Паўлу Карніцкаму ўручалі Грамату, завізіраваную міністрам унутраных спраў Рэспублікі Беларусь.
- Высокую адзнаку міністра ваш участковы заслужыў за раскрыццё злачынства, - падкрэслілі пры яе ўручэнні начальнік раённага аддзела міліцыі Алег Савасцей і яго намеснік па ідэалагічнай рабоце і кадравым забеспячэнні Сяргей Богач.
Участковы Павел Карніцкі - аўтарытэтны ў засульскіх ваколіцах чалавек, паважаны вясковец. Яго сям'я з двума дзецьмі-школьнікамі увесь час жыве ў вёсцы Зарэчча, побач з вясковымі людзьмі і сярод іх, у гушчыні іх і сваіх жа, падобных на іхнія, клопатаў. Жонка Святлана Віктараўна працуе мастацкім кіраўніком мясцовага Дома культуры. Будуюць дом сваімі рукамі.
Участковы нязменна абслугоўвае тэрыторыю Засульскага сельсавета з мая 1996 года, лічы, з самага пачатку службы ў міліцыі. Атрымліваецца, больш за 15 гадоў працуе на адным і тым жа ўчастку. Адзін гэты факт гаворыць аб многім. А тут - раскрыццё злачынства, якое не засталося незаўважаным з боку кіраўніцтва МУС Рэспублікі Беларусь.
Непадалёку ад вёскі Дудкі аўтамабілем быў збіты насмерць пажылы жыхар вёскі Шашкі. Вадзіцель з месца здарэння ўцёк, а загінуўшага, які вяртаўся з лесу з бітончыкам чарніц, выкінуў у кювет, каб замесці сляды злачынства...
У яго ўчыненні падазраваўся вадзіцель аўтамабіля "ВАЗ" зялёнага колеру. У ходзе агляду месца здарэння былі знойдзены часцінкі зялёнай фарбы. Усім участковым інспектарам аператыўна была дадзена арыенціроўка праверыць уладальнікаў аўтамабіляў аналагічных маркі і колеру на сваіх адміністрацыйных участках. Павел Карніцкі таксама працаваў у гэтым накірунку.
Магчыма, унутрана ім рухала асаблівая зацікаўленасць знайсці злачынцу. Ахвяру гэтага дарожна-транспартнага здарэння ўчастковы завочна ведаў. Ведаў праз яго пляменніка, які жыве ў Засуллі. Той не раз расказваў пра свайго дзядзьку з Шашкоў, няшчаснага глуханямога чалавека, якому як могуць дапамагаюць усе сваякі.
Праз тыдзень Паўлу Карніцкаму паступіла на мабільны тэлефон інфармацыя з вёскі Тонава. Маўляў, у размове з мясцовымі жыхарамі адзін стаўбчанін мімаходзь абмовіўся, што збіў на дарозе чалавека і ўцёк... Даведацца адрас таго, хто прагаварыўся, міліцыі не складала ніякай праблемы. Калі супрацоўнікі выехалі на месца, то ў гаражы яго ўбачылі акурат зялёны "ВАЗ" з пабітым лабавым шклом і іншымі пашкоджаннямі, аналагічнымі тым, што маглі быць атрыманы ў дарожна-транспартным здарэнні.
Уладальнік гэтага аўто, раней ужо судзімы, быў затрыманы. Адразу ён, зразумела, усё адмаўляў. Аднак пры апытанні відавочцы пацвердзілі, што падазраваемы прыязджаў да сваякоў у вёску Тонава і гаварыў, што па дарозе збіў пешахода, не спыніўся. Прызначаная тэхнічная экспертыза аўтамабіля ўстанавіла яго неабвержную датычнасць да данага дарожна-транспартнага здарэння. Падазраваемага чакае суд і пакаранне...
Грамата побач з іконай
Застаецца пытанне: чаму пазванілі з інфармацыяй менавіта Паўлу Карніцкаму? Ён жа ўчастковы ў Засульскім сельсавеце, а не ў Шашкоўскім, дзе адбылася аварыя з гібеллю пешахода?
Некалькі гадоў таму, калі не хапала ўчастковых, Павел Зянонавіч абслугоўваў адначасова з Засульскім і іншыя адміністрацыйныя ўчасткі. У многіх аддаленых вёсках нават за кароткі адрэзак службы людзі запомнілі яго за ўніклівасць, прафесійны падыход, гатоўнасць вырашаць іх праблемы. Вось і набралі пры неабходнасці нумар таго, каго ведаюць і каму давяраюць.
Служба міліцэйская кругласутачная, але Павел Карніцкі паспявае знайсці час і на паляванне, зімою - стаць на лыжы. Усё ж такі спартыўнае мінулае дае аб сабе знаць - у свой час закончыў Акадэмію фізвыхавання і спорту. На спартыўную сцежку накіроўвае і дзяцей. У Засульскай школе, дзе вучацца Надзея і Дзмітрый, бацька бывае часта. Як правіла, па доўгу службы.
Участковы выступае перад вучнямі на лінейках, каб растлумачыць ім правілы паводзін на дарозе, у грамадскіх месцах. У суботу на дыскатэцы ў клубе яго можна сустрэць разам з настаўніцка-бацькоўскім патрулём і членамі добраахвотнай дружыны сельсавета. У цесным кантакце з сельвыканкамам і школай вядзецца работа з нядобранадзейнымі сем'ямі. Іх на тэрыторыі сельсавета тры. У пяці сем'ях знаходжанне семярых непаўналетніх прызнана сацыяльна небяспечным. Дзве маці, пазбаўленыя бацькоўскіх правоў, адносяцца да ліку абавязаных асоб. На ўчастковым ляжыць пастаянны кантроль за тым, каб гэтыя жанчыны рэгулярна выходзілі на працу і кампенсавалі выдаткі на ўтрыманне сваіх дзяцей у дзяржаўных установах.
Абстаноўка з правапарадкам на тэрыторыі адміністрацыйнага ўчастка Паўла Карніцкага застаецца спакойнай. Непакой выклікаюць дачныя таварыствы, іх тут 36, дзе нярэдка здараюцца крадзяжы, пры тым, што адсутнасць гаспадароў і іх нясвоечасовы зварот у міліцыю пазбаўляюць важных "рэчдокаў".
- А дзе ваша грамата? - спытала ў Паўла Карніцкага напярэдадні нашай размовы.
- Дома пакінуў. Побач з абразом, - усміхнуўся ён.
Галоўнае - жыць па хрысціянскіх законах, служыць людзям і адносіцца да іх так, як бы ты хацеў, каб яны адносіліся да цябе.
Васіль ЗЯНЬКО (фота)






