Расцвітаюць і ў cтудзені ружы
Нумар - №4-5 Рубрыка - Сельская гаспадарка
10.01.2012

Загадчыца сталовай ААТ "Радзіма Якуба Коласа" Іна Рымашэўская не толькі спагадлівая жанчына, а і повар выдатны. Працуюць з ёй памочніцы Ірына Міхаськова і Святлана Цвірка. Жанчыны завіхаюцца разам не першы год. Яны вараць смачныя абеды не толькі для работнікаў таварыства, а і для вучняў мясцовай школы. Усе разам абслугоўваюць "агеньчыкі" і іншыя мерапрыемствы, якія праводзяцца ў сталовай. І вельмі дапасуюць адна да адной: так шыкоўна сервіруюць рознымі стравамі святочны стол, што можна залюбавацца. І завадатарка сярод іх, зразумела, загадчыца.
Іна Міхайлаўна балуе адмысловымі стравамі і сваіх дамашніх, асабліва на навагоднія святы. Яна лічыць, што на Новы год павінна быць на стале новая страва і з году ў год стараецца не паўтарацца. Сама штосьці прыдумае, або з часопіса "Наша кухня" выбера тое, што зацікавіць. Фантазія тут бязмежная, было б толькі смачна і падабалася ў першую чаргу мужу і сыну, якіх сёлета чакаў сюрпрыз і на Каляды. Абавязкова на кожным святочным стале прысутнічае і дамашняя выпечка - рулеты, кексы, булкі.
Зацікавіла нас і тое, як адмыслова ўпрыгожана кветкамі абедзенная зала сталовай.
- Я вельмі люблю хатнія кветкі, - сказала Іна Міхайлаўна, - і дома ў мяне іх многа, стаяць нават на падлозе. І дзяўчаты мяне падтрымліваюць, бо таксама захапляюцца кветкамі.
На зіму работнікі сталовай усе вазоны з падаконнікаў знімаюць і расстаўляюць на некалькіх сталах. Мы налічылі больш за паўсотню розных відаў. Асобна ля сцяны стаяць тры вялікія ружы - самыя любімыя сярод мноства экзатычных кветак. Яны ўжо выраслі і сталі дрэўцамі.
- А як пачынаюць цвісці, то вачэй не адвесці ад гэткай прыгажосці, - дадала загадчыца, - і на душы тады становіцца радасна.
Васіль ЗЯНЬКО (фота)






