мобильная версия
Прамень

Стаўбцоўшчына спартыўная

Нумар - №4-5    Рубрыка - Спорт

10.01.2012

Фотография 1

АБАРОНЯЦЬ ГОНАР ВОБЛАСЦІ

У лёгкаатлетычным манежы сталіцы праведзена спартакіяда ДЮСШ Мінскай вобласці. У спаборніцтвах удзельнічалі 17 калектываў дзіцяча-юнацкіх спартыўных школ і школ алімпійскага  рэзерву, якія маюць аддзяленні лёгкай атлетыкі.

Прыемна паведаміць, што каманда малодшай узроставай групы (1997-98 г.н.) Стаўбцоўскага раёна выйшла пераможцай. Нашы юныя лёгкаатлеты заваявалі права абараняць гонар Міншчыны на рэспубліканскай спартакіядзе ДЮСШ. Агульная перамога складвалася з поспеху маладых талентаў. Дзмітрый Казацкі, які  вучыцца ў СШ № 3, першынстваваў у бегу на 1500 і 800 метраў. Яго аднакласніку Антону Васілеўскаму з найлепшым вынікам пакарылася 400-метровая дыстанцыя. Павел Кухарчык, вучань Засульскай СШ, перамог у бегу на 1500 метраў з бар'ерамі і стаў другім у трохкіламетровым кросе. Прызавыя месцы таксама здабылі Юлія Грамыка ў штурханні ядра, Вераніка Паляшук у бегу на 60 і 200 метраў і Кірыл Луцэвіч у скачках у даўжыню. Усе яны навучэнцы трэцяй гарадской школы. У бегу на 1500 метраў з бар'ерамі з другім вынікам завяршыў дыстанцыю Аляксандр Уласік з Коласаўскай СШ.

Упартай была барацьба ў групе лёгкаатлетаў 1995-96 г.н. Тут у нашых таксама багата прызоў. Пераможцамі ў відах праграмы сталі Андрэй Бурдукевіч (Цясноўская СШ), Настасся Чарнец (Тонаўская СШ), Арцём Галяновіч (Старасвержанская СШ). На прызавых прыступках - Арцём Бурдукевіч, Дзмітрый Віндзігульскі, Аксана Нягоцька (усе яны навучэнцы Цясноўскай школы), Уладзіслаў Звярынскі (СШ № 3 г. Стоўбцы), Настасся Шкут (Коласаўская СШ), Юрый Марцінкевіч (Тонаўская СШ). У агульнакамандным заліку стаўбчане падзялілі трэцяе месца з камандай Барысава.

Вялікая заслуга ў падрыхтоўцы юных лёгкаатлетаў належыць настаўнікам фізічнай культуры і першым трэнерам І. В. Буржымскаму, М. Ч. Садоўскай, Э. І. Варывоцкаму, А. М. Галоўку, Д. М. Кукушкіну. Асабліва трэба адзначыць работу трэнераў ДЮСШ А. М. Турчановіча, Ю. А. Кручка, М. М. Мазура.

 

У ЛІЗЕ ДЗІЦЯЧАГА ФУТБОЛА

У фінале Кубка Лігі дзіцячага футбола выступілі тры каманды Стаўбцоўскай ДЮСШ. І ўсе яны са спаборніцтваў па міні-футболе, якія праходзілі ў футбольным манежы, размешчаным па праспекце Пераможцаў горада Мінска, вярнуліся з прызамі. Нашы юныя футбалісты ва ўзроставай групе 9 гадоў занялі першае месца, на год старэйшыя за іх рабяты сталі трэцімі, а каманда адзінаццацігадовых рабят - на другой прыступцы.

Вынікі сведчаць, што і ў футболе Стаўбцоўшчыны падрастае добрая змена. Рыхтаваў каманды юных футбалістаў трэнер Д. А. Макарэвіч.

 

ДАЛЁКАГА ПЛАВАННЯ!

Крыху перафразіраваўшы вядомую прымаўку, выкажам пажаданне: "Добраму караблю - далёкага плавання!" Гэтак і ў спорце. Радуе, калі нашы юныя футбалісты здабываюць славу для сваёй, мясцовай каманды. Але толькі парадуемся іх выхаду на вялікую спартыўную арэну.

Захапляемся гульнёй Аляксея Рудзянка, здатнага бамбардзіра каманды "Нёман-Агра". Упэўнена выпускае трэнер Андрэй Мікалаевіч Аляксея і на гульні ў саставе клуба "Гарадзея", прызёра першынства рэспублікі ў першай лізе. Больш таго, Рудзянок зацікавіў і настаўнікаў некаторых расійскіх каманд.

Максім Талейка, які таксама ўнёс значны ўклад у перамогу стаўбцоўскай каманды ў першынстве вобласці, радуе і балельшчыкаў каманды "Шахцёр" (Салігорск). За дубліруючы састаў клуба ён у чэмпіянаце рэспублікі 2011 года правёў 26 гульняў і забіў тры  галы.

Алег Каракін носіць футболку з эмблемай клуба "Тарпеда-БелАЗ". Сямнаццацігадовы спартсмен гуляе за рэзервовы састаў, але гатовы выйсці на поле і за "аснову". На віду ў вядучых трэнераў рэспублікі Уладзіслаў Жук, Дзмітрый Калоша, некаторыя іншыя нашы хлопцы.

Плённа працуйце, і ўдача будзе з вамі!

Ф. ФЯДОТАЎ