Творчая моладзь Стаўбцоўшчыны
Нумар - №4-5 Рубрыка - Культура
10.01.2012

СКРЫПКІ ЧАРОЎНЫЯ ГУКІ
Стаўбцоўская школа мастацтваў зноў сабрала паўнюткую залу на традыцыйны ражджэственскі канцэрт у камернай зале школы. Афіша запрасіла на гэты канцэрт двойчы - на працягу двух вечароў стаўбчане і госці райцэнтра маглі выдатна адпачыць: паслухаць класічную музыку ў выдатным выкананні, ражджэственскія песні, вершы, паглядзець калядныя інсцэніроўкі. Пастараліся і педагогі, і вучні. Сцэнарый падрыхтавала і зрэжысіравала канцэрт загадчыца тэатральнага аддзялення, кіраўнік дзіцячага тэатра "Чараўнікі" Вольга Навіцкая.
Танальнасць святочнаму канцэрту задало ражджэственскае слова свяшчэнніка Сергія Бегіяна, якому педагогі школы мастацтваў удзячныя за змястоўныя лекцыі-сустрэчы на духоўную тэму, што ён праводзіць для іх па пятніцах.
У святочным канцэрце гучалі самыя розныя канцэртныя нумары, у ім змаглі паказаць свае таленты творчыя калектывы і салісты. З ражджэственскім цыклам песнапенняў выступілі народны вакальны ансамбль "Берагіня" пад кіраўніцтвам Тамары Барэхавай і вакальная група дзіцячага хору "Верасень" пад кіраўніцтвам Святланы Швечыкавай. Калядкі на сцэне паказалі выхаванцы педагога Галіны Грэкавай, члены паэтычнага тэатра "Ластаўкі Наднямоння", якія пачаставалі ўсіх аладкамі. Танцавалі для гасцей "Шчабятушкі" - гэтым харэаграфічным калектывам кіруе цяпер Юлія Бохан. Усю глыбіню фальклорных традыцый прадэманстравалі ў сваім выступленні "Калядкі" пад акампанемент баяна і фісгармоніі юныя артысты ўзорнага ансамбля народнай песні "Жавароначкі" пад кіраўніцтвам Людмілы Каняплянікавай-Доўнар. Гучалі ражджэственскія песні ў выкананні вакальнага ансамбля "Любава" пад кіраўніцтвам Тамары Барэхавай. Упрыгожыла канцэртную праграму выступленне дзіцячага ансамбля скрыпачоў. Ражджэственскі цыкл песнапенняў з тэатралізацыяй выканала вакальная група пад кіраўніцтвам Надзеі Храмянковай. Асабліва пастараліся Мікіта Пятровіч, Улада Грэкава, Лявон Несялоўскі, Ганна Лукашэвіч, Дар'я Клімаш, Аляксандра Шуцько, Таццяна Акуліч - выканаўцы на музычных інструментах, салісты, танцоры, дэкламатары.
Ражджэственскі канцэрт Стаўбцоўскай школы мастацтваў становіцца мастацкай падзеяй у нашым горадзе. Шчаслівы той, у каго надарылася магчымасць прыйсці ў залу і атрымаць асалоду ад адметнага мастацтва.
ФІЛАРМОНІЯ Ў НАВАКОЛАСАВЕ
Наваколасаўская школа мастацтваў з гэтага навучальнага года адкрыла дзіцячую філармонію.
Гэта новаўвядзенне дало магчымасць выхаванцам мясцовага дзіцячага сада ў пэўны час прыходзіць у школу мастацтваў на заняткі. Вучні школы мастацтваў рыхтуюць для іх канцэрт, які ўключае танцы, эстрадны вакал, народныя песні, ігру на народных інструментах. Акрамя таго, педагогі школы арганізоўваюць з малышамі гульні, што таксама мае мэтай прыцягнуць іх да мастацтва, навучыць слухаць добрую музыку.
Дзейнасць дзіцячай філармоніі дазваляе прыгледзецца да дашкольнікаў, убачыць у іх таленты - гэтая пераемнасць дае выдатны плён. Многія становяцца вучнямі школы мастацтваў, пры гэтым беспамылкова вызначыўшыся, у якім накірунку будуць атрымліваць адукацыю.
У гэтым навучальным годзе ў Наваколасаўскай школе мастацтваў навучаюцца 100 дзяцей. Акрамя гэтага працуюць два філіялы - у Новай Вёсцы і Горках.
ЗОРКІ - ДЗЕЦЯМ
Народная студыя жывапісу "Раніца" Шашкоўскай школы мастацтваў, якой 15 гадоў кіруе Святлана Калкоўская, сумесна з кандытарскай фабрыкай "Камунарка" і зоркамі беларускай эстрады прыняла ўдзел у дабрачыннай акцыі для дзяцей-інвалідаў у сталічным Палацы Рэспублікі.
Выхаванцы студыі "Раніца" прадставілі выставу малюнкаў. Кіраўніцтва кандытарскай фабрыкі "Камунарка" выказала гатоўнасць і надалей працягваць супрацоўніцтва са студыяй "Раніца". Работы юных мастакоў з Шашкоў упрыгожылі плакаты вядомай беларускай фабрыкі ласункаў.
ВЯСКОВЫЯ СТРОІ
У Любані прайшоў першы абласны фестываль-конкурс адраджэння нацыянальных строяў. Ён сабраў прадстаўнікоў усіх раёнаў, якія дэманстравалі ў розных формах - сродкамі відэа, навуковымі работамі, прэзентацыямі - беларускія касцюмы. Асабліва вызначыліся работнікі культуры Любкаўшчыны. Яны прадэманстравалі найбагацейшую калекцыю нацыянальных строяў кожнай вёскі раёна. Такая работа па адраджэнні нацыянальнай спадчыны была высока ацэнена. Удзельнікаў фестывалю ўразілі не толькі любанскія нацыянальныя касцюмы, але і фальклорныя калектывы ў нацыянальных строях, якія выступілі на сцэне новай дзіцячай школы мастацтваў, дзе і праходзіў абласны конкурс.
Наш раён на фестывалі ў суправаджэнні кіраўніка народнага клуба майстроў народнай творчасці "Пралеска" Аліны Халявінскай прадстаўляла мастачка, майстар беларускай лялькі, роспісу, кіраўнік народнай мастацкай студыі "Раніца" Шашкоўскай школы мастацтваў Святлана Калкоўская. Яна прадставіла на выставе калекцыю лялек у беларускіх строях.






