У новы год – з пазітывам
Нумар - №4-5 Рубрыка - Моладзь Стаўбцоўшчыны
10.01.2012
Новы, 2012, год пачынаецца для моладзі Стаўбцоўшчыны з добрага настрою. Маладосць - гэта заўсёды пазітыў, аптымізм і вера ў свае сілы, а яшчэ - цікавы лад жыцця. Чым больш маладых людзей жыве так, а не інакш, тым лепш.
Што прапануе моладзі Стаўбцоўшчыны ў новым годзе аддзел па справах моладзі райвыканкама? Расказвае начальнік аддзела Анастасія КАЛОДЗІНСКАЯ:
- Разам з навагоднімі віншаваннямі стаўбцоўскай моладзі перадаю словы ўдзячнасці тым, хто на працягу года аказваў нам пасільную дапамогу ў рэалізацыі шматлікіх праектаў. Сярод іх - дырэктары Стаўбцоўскіх электрасетак Уладзімір Рублеўскі і ААТ "Рубяжэвічы" Дзяніс Колесень, індывідуальны прадпрымальнік Святлана Лапко, раённая арганізацыя грамадскага аб'яднання "Белая Русь". Дзякуй і кіраўнікам прадпрыемстваў, арганізацый раёна, якія з разуменнем адносяцца да валанцёрскага руху па добраўпарадкаванні нашага райцэнтра, садзейнічаюць, каб і іх маладыя работнікі былі членамі валанцёрскага атрада. Гэты рух патрэбны, і ён абавязкова працягнецца ў новым годзе.
- Чым вы плануеце зацікавіць моладзь раёна ў 2012? Што з'явіцца новага?
- Застанецца "баяздольнай" вядомая і таленавітая каманда вясёлых і знаходлівых Стаўбцоўскіх электрычных сетак "Кароткае замыканне". Як і ў мінулыя гады, будзем працаваць з ёю і чакаць ад яе дастойных выступленняў. Маючы ў сябе такую каманду, такі "нежартоўны" арыенцір і рэсурс, мяркуем арганізаваць сёлета раённы фестываль КВЗ. Ужо ў студзені пройдзе раённая акцыя за здаровы лад жыцця - "У будучае - без цыгарэты". Думаем зацікавіць ёю найперш працоўную моладзь.
У новым годзе адродзім работу маладзёжных перасоўных шматпрофільных цэнтраў і будзем больш заахвочваць да грамадскай работы маладыя сем'і, маладых спецыялістаў.
- Якія традыцыі пяройдуць і ў год новы, аб'яўлены ў нашай краіне Годам кнігі?
- Тыя традыцыі, якія дапамагаюць выхоўваць фізічна здаровага і духоўна багатага маладога чалавека, раскрываюць яго здольнасці на раённым, абласным і рэспубліканскім узроўнях. Несумненна, гэта штогадовы турзлёт рабочай моладзі, конкурсы мастацкай самадзейнасці сярод рабочай моладзі "Вясёлка талентаў", "Песні юнацтва нашых бацькоў". Сярод новых конкурсаў у маштабах Міншчыны - конкурс сучаснага танца "Молодёжная жара" і інш., у якіх мы таксама будзем браць удзел.
Адметнасцю сталі Дні прызыўніка з уручэннем павестак у памятных месцах - гісторыка-культурным комплексе "Лінія Сталіна", цэнтры аграэкатурызму "Станькава", у музейным комплексе на радзіме Ф. Э. Дзяржынскага. Не забудзем таксама пра конкурсы прафесійнага майстэрства і ўшанаванне маладых механізатараў - герояў уборачнай, пасяўной. Абавязкова працягнем работу з цяжкімі падлеткамі, правядзенне Дзён прафілактыкі і т. п., супрацоўніцтва з раённымі арганізацыямі Беларускі рэспубліканскі саюз моладзі і Беларуская рэспубліканская піянерская арганізацыя. У раёне аб'яўлены конкурс на лепшую пярвічку.






