мобильная версия
Прамень

У новы год – з прыбаўкай

Нумар - №4-5    Рубрыка - Афіцыйна

10.01.2012

Пад заслону адыходзячага года Прэзідэнтам Беларусі і Саветам Міністраў былі прыняты рашэнні аб павелічэнні зарплат, дапамог і стыпендый.

Месячная мінімальная заработная плата (МЗП) з 1 студзеня 2012 года ўстаноўлена ў памеры Br1 млн (пагадзінная - Br5 тыс. 930). Такім чынам, у новым годзе ніводны работнік у Беларусі не можа атрымліваць зарплату ніжэйшую за гэтую адзнаку.

Тарыфная стаўка першага разраду для аплаты працы работнікаў бюджэтных і прыраўнаваных да іх арганізацый павышана са Br151 тыс. да Br200 тыс. Таксама павялічваецца дыяпазон карэкціруючых каэфіцыентаў да тарыфных ставак (акладаў) работнікаў бюджэтных арганізацый - з 2,862-0,915 да 3,720-0,920. Гэтыя рашэнні дадуць магчымасць павысіць зарплату работнікаў бюджэтнай сферы ў сярэднім на 19,4 працэнта.

"Рашэнне аб павелічэнні тарыфнай стаўкі першага разраду прынята ў мэтах павышэння ўзроўню аплаты працы работнікаў бюджэтных арганізацый, пакупной здольнасці іх заработнай платы і частковага аднаўлення дыферэнцыяцыі ў аплаце працы", - адзначыла міністр працы і сацабароны Беларусі Мар'яна Шчоткіна.

Прынятае рашэнне прывядзе да павелічэння аплаты працы і ў тых арганізацыях рэальнага сектара эканомікі, якія ў сваіх лакальных нарматыўных актах прадугледжваюць устанаўленне тарыфнай стаўкі першага разраду на ўзроўні не ніжэйшым за ўстаноўлены ўрадам.

Стыпендыі ў новым годзе таксама павялічацца амаль на 20 працэнтаў. Адпаведны ўказ 30 снежня 2011 года падпісаў кіраўнік дзяржавы. Амаль 190 тысяч студэнтаў і навучэнцаў у нашай краіне атрымаюць з 1 студзеня павялічаныя стыпендыі (больш за 105 тыс. студэнтаў ВНУ, каля 66 тыс. навучэнцаў і курсантаў ССНУ, больш за 18 тыс. навучэнцаў устаноў прафесійна-тэхнічнай адукацыі).

Памер стыпендыі студэнта (у залежнасці ад паспяховасці) цяпер складзе ад Br376 тыс. да Br601,6 тыс., навучэнцаў - ад Br314 тыс. да Br502,4 тыс.

Неабходнай умовай для атрымання высокай стыпендыі з'яўляюцца веды і добрая паспяховасць студэнта. Менавіта таму прадугледжана назначэнне навучальных стыпендый студэнтам гуманітарных спецыяльнасцяў пры ўмове наяўнасці сярэдняга бала паспяховасці ад 6,0 і больш, тэхнічных спецыяльнасцяў - ад 5.

Таксама ўказам Прэзідэнта з 1 студзеня 2012 года павялічваюцца памеры дапамог некаторым катэгорыям грамадзян. Дакументам прадугледжана павелічэнне памеру дапамог:

- на дзяцей старэйшых за 3 гады, якія выхоўваюцца ў малазабяспечаных сем'ях - да 50 працэнтаў найбольшай велічыні бюджэту пражытачнага мінімуму ў сярэднім на душу насельніцтва (БПМ);

- па догляду дзіцяці-інваліда ва ўзросце да 18 гадоў - да 100 працэнтаў БПМ;

- на дзяцей ва ўзросце да 18 гадоў, інфіцыраваных вірусам імунадэфіцыту чалавека - да 70 працэнтаў БПМ;

- па догляду інваліда I групы або асобы, якая дасягнула 80-гадовага ўзросту, да 100 працэнтаў БПМ, дзвюх і больш названых катэгорый грамадзян да 120 працэнтаў БПМ.

У студзені 2012 года памер БПМ складае Br574 тыс. 790. Адпаведна ў грашовым выражэнні памеры дапамогі ў студзені раўняюцца Br574 тыс. 790 (100 працэнтаў БПМ), Br402 тыс. 350 (70 працэнтаў БПМ), Br287 тыс. 400 (50 працэнтаў БПМ) і Br689 тыс. 750 (120 працэнтаў БПМ).

Усяго павышэнне памераў дапамог закране больш за 150 тысяч атрымальнікаў.

"Фінансаванне выплаты дапамог у 2012 годзе будзе ажыццяўляцца за кошт сродкаў Фонду сацыяльнай абароны насельніцтва Міністэрства працы і сацыяльнай абароны, - адзначыла міністр працы і сацабароны Беларусі Мар'яна Шчоткіна. - Неабходныя сродкі Фонд мае".

Выплата дапамог у новых памерах пачнецца з лютага 2012 года. Адначасова ў лютым будзе праведзена выплата розніцы паміж новым памерам дапамогі і фактычна выплачаным у студзені, падкрэсліла Мар'яна Шчоткіна.

Рашэнні, прынятыя Прэзідэнтам і ўрадам, будуць садзейнічаць узмацненню сацыяльнай абароны насельніцтва, асабліва найменш абароненых яго слаёў.

БелТА