мобильная версия
Прамень

І дыскатэкі, і агеньчыкі

Нумар - №6-8    Рубрыка - Культура

13.01.2012

Фотография 1

На дыскатэку ў Дзераўнянскі цэнтр культуры прыязджае моладзь не толькі з нашага раёна, а і з размешчаных паблізу  - Валожынскага, Дзяржынскага, Навагрудскага, і нават са сталіцы. Летнімі месяцамі тут штодзень збіраецца да 350 чалавек. Чым так папулярны сельскі клуб? Як аказалася, сваімі цікавымі музычнымі праграмамі, якія распрацоўваюць і праводзяць работнікі цэнтра.

-  Мы стараемся ісці ў нагу з часам, купілі новую апаратуру, - расказвае дырэктар цэнтра Галіна Янкоўская, -  і пастаянна прыслухоўваемся да парад маладых людзей, з якімі многа размаўляем на музычныя тэмы. Наш дзі-джэй Міхаіл Гарачка сваім прафесійным вядзеннем вечароў усіх проста зачароўвае.

Плённа супрацоўнічаюць работнікі культуры і з мясцовым сельскагаспадарчым таварыствам ААТ "Дзераўное". Дапамагаюць праводзіць святочныя агеньчыкі для працаўнікоў гаспадаркі, конкурсныя і забаўляльныя праграмы, ладзяць святы вёсак. Традыцыйнымі сталі выезды-віншаванні да юбіляраў на працу.

- Мы складаем план мерапрыемстваў разам са старшынёй прафкама Галінай Карповіч, з якой нам вельмі прыемна супрацоўнічаць, - гаворыць Галіна Казіміраўна. - Работнікі таварыства прымаюць у іх самы актыўны ўдзел. Гэта ў першую чаргу бухгалтар Ірына Гусева, загадчыца склада Наталля Бычкевіч, дыспетчар Вольга Гамаюнава, аператар машыннага даення Алена Лапко, галоўны ветурач Вольга Мішук. Сёлета навагодняе тэатралізаванае прадстаўленне прайшло пад назвай "Прыгоды Снягурак".

Варта адзначыць, што святочныя навагоднія агеньчыкі вельмі падабаюцца кіраўніку сельскагаспадарчага таварыства Мікалаю Дроню. За кошт таварыства для Цэнтра культуры набыты мікрафоны.

-  Вялікі дзякуй Мікалаю Несцеравічу і за дапамогу ў рамонце сцэны, - гаворыць дырэктар цэнтра. - Ён заўсёды адгукаецца на нашы просьбы, а за ўласныя сродкі мы купілі тканіну і пашылі новую заслону, а таксама набылі новыя касцюмы для казачных персанажаў - Дзеда Мароза і Снягуркі.

На здымку: не адно дзесяцігоддзе працуюць у Цэнтры культуры яго кіраўнік Галіна Янкоўская, балетмайстар Галіна Кухарчык, хармайстар Нэлі Мельнік і мастацкі кіраўнік Галіна Каразей.

Фота Васіля ЗЯНЬКО

Надзея БАТАЛКА