мобильная версия
Прамень

Каб мець высокія паказчыкі

Нумар - №6-8    Рубрыка - Сельская гаспадарка

13.01.2012

Фотография 1

Па надоях малака ад каровы ААТ "Жацерава" трывала замацавалася  сярод лепшых таварыстваў раёна. Жывёлаводы на працягу мінулага года шчыра працавалі і адправілі на малакаперапрацоўчыя заводы 4320 тон сыравіны, а ў сярэднім ад кожнай каровы атрымалі па 6128 кілаграмаў малака, прыбаўка склала 439 кілаграмаў. У гісторыі гаспадаркі такі паказчык атрыманы ўпершыню.

-  Вынікамі работы малочнага цэха мы задаволены, - сказала галоўны заатэхнік Ларыса Дзясятнік, - спакойная і рытмічная работа дала станоўчы плён. І ў студзені бягучага года нашы работнікі плюсуюць, у адносінах да адпаведнага леташняга перыяду  штодзень прыбаўляюць па 2,4 кілаграма малака на карову.

Ларыса Аляксандраўна расказвае, што паказчык удалося павялічыць за кошт праведзеных рэканструкцый жывёлагадоўчых памяшканняў, належнага кармлення і ўтрымання дойнага статка. А іменна, за мінулы год пераабсталявалі цялятнікі на фермах у Раёўшчыне і Савонях пад беспрывязное ўтрыманне жывёлы, што дазволіла механізаваць раздачу кармоў, лягчэй стала працаваць і абслуговаму персаналу. Наладзілі дыферэнцыраванае кармленне кароў. І асаблівая ўвага ўдзяляецца пяршачкам, ад якіх у першыя тры месяцы можна атрымаць максімальную колькасць малака.

-  І мы ўсё робім для таго, каб павялічыць аб'ёмы прадукцыі, - дадае галоўны спецыяліст. - Ёсць  дастатковая колькасць травяных кармоў і камбікармоў, закупляем і ўключаем у рацыёны розныя вітамінныя дабаўкі. І даяркі зацікаўлены ў тым, каб надаіць больш малака.

Лепшага выніку дасягнулі работнікі МТФ "Жацерава".

-  Мы здолелі надаіць па 6446 кілаграмаў малака ад каровы, - сказала брыгадзір Яніна Кійко. - Прыбавілі да мінулагодняга 434 кілаграмы. Прырастаць год ад году цяжэй, але жаданне і магчымасць  павялічыць паказчык у  нашых жывёлаводаў ёсць. І многае тут таксама будзе залежаць ад нашых цялятніц, ад таго, якіх яны вырасцяць цялушак для аднаўлення статка.

Сярод жывёлаводаў найвышэйшых вынікаў дабіліся аператары машыннага даення Алена Карыпанава  з МТФ "Горкі" і  Таццяна Бялаева з МТФ "Жацерава", якія маюць паказчыкі - 7418 і 7312 кілаграмаў. Варта дадаць, што ўсе даяркі таварыства,  дваццаць дзве жанчыны, стараліся. Шасцітысячніцамі сталі адзінаццаць, астатнія перасягнулі пяцітысячны рубеж.

А наконт таго, колькі сёлета ў таварыстве разлічваюць атрымаць малака ад кожнай каровы, галоўны заатэхнік лічыць, што загадваць наперад нельга. Рэзервы, зразумела, ёсць і  па 6400 кілаграмаў цалкам магчыма надаіць, а можа і больш. Вялікія спадзяванні на  рэканструкцыю, якая пачалася на МТФ "Горкі". Тут будзе пабудаваны новы малочны блок з даільнай залай.

- Рэканструкцыяй мы займаемся пастаянна. Каб мець высокія паказчыкі, трэба паляпшаць умовы ўтрымання жывёлы, - гаворыць дырэктар таварыства Іван Краўчук,  - а таксама ліквідаваць і нялёгкую ручную працу жывёлаводаў. У мінулым годзе планы былі вялікія, але не ўсё атрымалася, таму паступова будзем ажыццяўляць іх сёлета. Адновім спачатку Горкаўскую ферму. Будаўнічыя работы правядзём за ўласныя сродкі, а вось на малочнае  абсталяванне прыйдзецца браць крэдыт. Разлічваем  павялічыць дойны статак. Будзем карэнным чынам мяняць і тэхналогію вытворчасці мяса ялавічыны, пераводзіць бычкоў таксама на беспрывязное ўтрыманне, каб пастаянна мець кілаграмовыя прывагі. Справы ў жывёлагадоўлі ў нас зараз  ладзяцца -  маем неблагія надоі і прыбаўленні ў вазе жывёлы на вырошчванні і адкорме. Сёлета пастараемся павялічыць паказчыкі ў раслінаводстве, каб поўнасцю забяспечыць збожжам і травянымі кармамі не толькі свой статак, а і мець магчымасць больш прадаваць.

На здымку: брыгадзір МТФ "Жацерава" Яніна Кійко і галоўны заатэхнік Ларыса Дзясятнік.

Фота Васіля ЗЯНЬКО

Надзея БАТАЛКА