Моцнае плячо жанчыны
Нумар - №6-8 Рубрыка - Жыццё. Улада. Чалавек
13.01.2012
У навагоднія дні, напярэдадні Ражджаства Хрыстовага адбылося святочнае пасяджэнне раённай арганізацыі грамадскага аб'яднання "Беларускі саюз жанчын", які ў гэтыя дні адзначае 20-годдзе з дня пачатку дзейнасці.
Раённае аддзяленне гэтай арганізацыі на Стаўбцоўшчыне ўзначальвае начальнік упраўлення па працы, занятасці і сацыяльнай абароне насельніцтва райвыканкама Наталля Лапко.
Пасяджэнне мела на парадку дня некалькі пытанняў: узнагароджанне жанчын з актыўнай грамадзянскай пазіцыяй, якія ўнеслі асабісты ўклад у падтрымку жаночага руху, накіраванага на абарону інтарэсаў сям'і, жанчын, дзяцей, ва ўмацаванне духоўнасці і маральнасці ў грамадстве, Падзякамі Мінскай абласной арганізацыі Беларускага саюза жанчын; абмеркаванне задач, пастаўленых на V Рэспубліканскай справаздачна-выбарнай канферэнцыі Беларускага саюза жанчын.
Дэлегат канферэнцыі ад нашага раёна Наталля Лапко прывезла з форуму шмат уражанняў, жыва і ярка падзялілася імі з прысутнымі. Беларускі саюз жанчын непакояць праблемы сацыяльнага сіроцтва, нізкага ўзроўню нараджальнасці, крызісу інстытута сям'і, узроўню смяротнасці. І такія праблемы сучаснага грамадства як распаўсюджванне шкодных звычак сярод дзяцей і моладзі, злачыннасць сярод непаўналетніх, гандаль жанчынамі, працоўная міграцыя з краіны. Супрацьстаянне гэтым негатыўным з'явам патрабуе арганізацыйнага ўмацавання Беларускага саюза жанчын, удасканалення формаў і метадаў работы на месцах, у працоўных калектывах, ва ўстановах адукацыі. Прыцягненне ў кола актыву маладых, энергічных, ініцыятыўных жанчын - задача і стаўбцоўскай раённай арганізацыі гэтага грамадскага аб'яднання.
Нягледзячы на сур'ёзнае абмеркаванне задач, пастаўленых на рэспубліканскай канферэнцыі, пасяджэнне за круглым сталом мела святочны характар. Тут трэба аддаць належнае Наталлі Лапко, якая ўмее згуртаваць публіку, эмацыянальна і цёпла сказаць аб кожным добрае слова, стварыць дамашнюю ўтульную абстаноўку. Жанчынам, якія прыйшлі на гэтае пасяджэнне, прыемна было атрымаць падзякі Мінскай абласной арганізацыі Беларускага саюза жанчын. У ліку ўзнагароджаных 8 чалавек.
Ніна Ганісеўская на працягу 10 гадоў узначальвае раённую арганізацыю грамадскага аб'яднання "Беларуская асацыяцыя дапамогі дзецям-інвалідам і маладым інвалідам". Гэтая дабрачынная арганізацыя аб'яднала сем'і раёна, у якіх выхоўваюцца дзеці-інваліды. Дзякуючы Ніне Фёдараўне аб'яднанне жыве цікавым паўнацэнным жыццём, прыцягваецца дабрачынная дапамога для падтрымкі сем'яў, для дзяцей арганізуюцца паездкі, экскурсіі, дабрачынныя святы.
Іна Міхно, урач з больш чым 40-гадовым стажам, каля 20 гадоў узначальвае стаўбцоўскае аддзяленне грамадскага аб'яднання "Беларуская няўрадавая арганізацыя "Дзіцячы дыябет". Стараннямі Іны Станіславаўны гэтая арганізацыя не толькі аб'яднала сем'і з хворымі на дыябет дзецьмі, але і актыўна прапагандуе здаровы лад жыцця, дапамагае людзям, якія пакутуюць ад гэтага складанага захворвання. Члены арганізацыі ўдзельнічаюць у многіх раённых, абласных, рэспубліканскіх і міжнародных мерапрыемствах. Клуб "Салодкае жыццё" прымае ўдзел у рыцарскіх фестывалях, знаёміць людзей з кухняй сярэдневякоўя. Дзейнасць гэтай арганізацыі - прыклад для ўсіх, як можна не паддацца немачам і жыць у грамадстве на роўных з усімі.
Зоя Кулеш, працоўнае жыццё якой звязана са спажывецкай кааперацыяй, 20 гадоў узначальвала прафсаюзную арганізацыю райспажыўтаварыства. Менавіта яна заклала добрыя традыцыі прафсаюзнага жыцця, якія жывуць і сёння. Створаны Зояй Ільінічнай жаночы клуб праводзіць работу па розных накірунках.
Ганна Галяновіч, педагог з 30-гадовым стажам, мае заслугу перад грамадствам у тым, што яе прафесіяналізмам і стараннямі падрыхтаваны пераможцы міжнародных, рэспубліканскіх, абласных алімпіяд. На працягу многіх гадоў Ганна Іванаўна кіруе метадычным аб'яднаннем настаўнікаў рускай мовы і літаратуры раёна, дзеліцца сваім творчым вопытам на семінарах, канферэнцыях. Ганна Галяновіч з'яўляецца членам дзяржаўнай камісіі па падрыхоўцы і выпуску вучэбных дапаможнікаў для ўстаноў адукацыі.
Ніна Дубовік вядомая сваёй актыўнай грамадзянскай пазіцыяй. Педагог па адукацыі, яна ўзначальвала калектыў Шашкоўскай сярэдняй школы, працавала настаўніцай і заўсёды паралельна займалася грамадскай работай, узначальвала грамадскія аб'яднанні, з'яўляецца дэпутатам сельскага Савета. Узнагароджана Ганаровай граматай Вярхоўнага Савета БССР, мае званні "Выдатнік народнай адукацыі БССР" і "Выдатнік народнай адукацыі СССР".
Марыя Шумчык - на чале педадагічнага калектыву Дзераўнянскай сярэдняй школы. Талент кіраўніка і педагога, якім валодае Марыя Мар'янаўна, вывеў навучальную ўстанову на такую вышыню, што дзейнасць яе заўважана і адзначана ў вобласці. Сельская навучальная ўстанова супрацоўнічае з БДАТУ, штогод больш за 70 працэнтаў выпускнікоў становяцца студэнтамі вышэйшых навучальных устаноў. Марыя Шумчык атрымала Падзяку рэспубліканскага аб'яднання "Беларускі саюз жанчын".
Валянціна Атрушкевіч шмат гадоў аддала працы на ніве навучання і выхавання падрастаючага пакалення як педагог, атрымала званне "Выдатнік асветы Рэспублікі Беларусь". У апошні час яна ўзначальвае Мікалаеўшчынскі дом-інтэрнат для ветэранаў вайны і працы. Яе ініцыятывы, старанні і тут даюць такі плён, што па вопыт у Мікалаеўшчыну едуць з іншых рэгіёнаў. Сацыяльная ўстанова не раз выходзіла пераможцай у абласных спаборніцтвах у розных намінацыях.
Прыемна знаходзіцца на пасяджэнні жанчын. Кожнай было дадзена слова. Выказванні яшчэ раз пацвердзілі, наколькі цікавыя і неардынарныя гэта асобы.
Абмяркоўваючы планы на наступны год, актывісты жаночага руху вынеслі рашэнне аб стварэнні пры раённай арганізацыі Беларускага саюза жанчын клуба "Стаўбчанка". Свае ініцыятывы, прапановы па яго дзейнасці можна адрасаваць старшыні грамадскага аб'яднання Наталлі Лапко.
P.S. Падзякай Мінскай абласной арганізацыі Беларускага саюза жанчын узнагароджана і журналіст нашай рэдакцыі, аўтар данага матэрыяла Святлана Жыбуль. Віншуем!






