Па пакупкі – з ільготным пасведчаннем
Нумар - №6-8 Рубрыка - Гандаль
13.01.2012
Як ужо паведамлялася, з 1 студзеня ў раёне прадастаўляюцца гандлёвыя скідкі на сацыяльна значныя тавары і паслугі для падтрымкі сацыяльна неабароненых катэгорый грамадзян.
Гандлёвыя скідкі прадастаўляюцца пераважна ў памеры трох працэнтаў на ўсе харчовыя тавары, за выключэннем гарэлкі, лікёра-гарэлачных вырабаў, піва, цыгарэт і цукру, а таксама на прамысловыя тавары ў памеры пяці працэнтаў (пералік іх устаноўлены, даволі шырокі - ад швейных вырабаў да посуду).
Каму і ў якіх магазінах можна атаварыцца са скідкай, паведамілі ў аддзеле эканомікі райвыканкама.
Так, інвалідам І і ІІ групаў, удзельнікам Вялікай Айчыннай вайны (усяго ў раёне іх пражывае 2800 чалавек) можна набываць прадукты са скідкай у магазіне № 25 "Забота" райспажыўтаварыства (вул. Ленінская, 91). Як патлумачыла намеснік старшыні райспажыўтаварыства Галіна Міткевіч, ільготнае абслугоўванне будзе ажыццяўляцца з панядзелка па чацвер з 9 да 12 гадзін пры прадастаўленні пасведчання, якое дае права на льготу, са скідкай тры працэнты пры пакупцы на суму 50 тысяч рублёў і больш. Гэтыя ж катэгорыі грамадзян маюць права набываць нехарчовыя тавары ў магазіне "Чаравікі" ПУП "Кааппрамгандаль" (вул. Каперніка, 6) са скідкай пяць працэнтаў. Магазін гатовы абслужыць пакупнікоў пры прадастаўленні пасведчання ў любы дзень і час сваёй работы.
694 шматдзетныя сям'і раёна будуць абслугоўваць у двух магазінах "Мясапрадукты" СЗАТ "Птушкафабрыка "Колас" (вул. Ленінская, 87/5, і вул. Сацыялістычная, 84) па дысконтных картах.
У магазіне "Астэрыя" ТАА "Аграінвест" (вул. Ленінская, 29) атаварваюць са скідкай дзяцей-інвалідаў ва ўзросце да 18 гадоў, асоб з ліку дзяцей-сірот, якія засталіся без апекі бацькоў. Іх 125 чалавек.
У магазіне "Пятачок" Стаўбцоўскага мясакамбіната (вул. Ленінская, 87) скідкі прадугледжаны ветэранам Вялікай Айчыннай вайны і асобам, якія пацярпелі ад наступстваў вайны, для інвалідаў баявых дзеянняў у Афганістане (259 чалавек).
Адзінокіх пенсіянераў, якія атрымліваюць працоўную пенсію ніжэйшую за бюджэт пражытачнага мінімуму (у спісе такіх 22 чалавекі), чакаюць у магазіне "Маркет" ТДА "Зіма" (вул. Сацыялістычная). Для іх прадукты тут прапануюць з чатырохпрацэнтнай скідкай.
Раённы камбінат бытавога абслугоўвання прадастаўляе сацыяльна неабароненым жыхарам раёна трохпрацэнтную скідку адзін раз у месяц: на адно мыццё бялізны (вагой да 10 кг), адну простую стрыжку, дробны рамонт аднаго швейнага вырабу і адной пары абутку.






