мобильная версия
Прамень

Падзеі і здарэнні

Нумар - №6-8    Рубрыка - Тыдзень Стаўбцоўшчыны

13.01.2012

ЗАГСам зарэгістраваны ў новым годзе 19 шлюбаў і зроблены пяць адзнак аб скасаванні сямейнага саюза. Пасведчанні аб нараджэнні выдадзены трыццаці маленькім жыхарам Стаўбцоўшчыны: Канстанціну Гацуру, Даніілу Кацернюку, Дзіяне Бенедзіктовіч, Вераніцы Цішчанка, Цімафею Багдановічу, Юліі Ярашэвіч, Софіі Ясюкевіч, Мацвею Булку, Алёне Бусько, Кацярыне Пахадня, Яраславу Мілюцю, Яўгенію Карачуну, Аляксандры Зарубінай, Мікіту Трэбунскіх, Мацвею Шусеву, Вользе Амельчанка, двайнятам Шкутам - Аляксандру і Ангеліне, Ягору Зуеўскаму, Яраславу Шпакоўскаму, Арцемію Жукаву, Мацвею Окуню, Арцёму Якаўлеву, Мікіту Хлебнікаву, Віктару Мілько, Лізавеце Нядзведскай, Сяргею Касцюку, Кацярыне Недзень, Захару Падплятнёву і Ганне Мамчыц.

Зямны шлях закончыўся для 53-х чалавек.

У пажарнай часці згадалі вогненнае здарэнне ў Новым Свержані, дзе на Каляды згарэў дом, у якім  пражываў пенсіянер. На шчасце, на той момант яго ў доме не было. Прычына няшчасця, хутчэй за ўсё, звязана з курэннем. У Галавенчыцах, магчыма, у выніку падпалу, згарэў безгаспадарны хлеў.

Міліцыяй узбуджана крымінальная справа ў адносінах да грамадзяніна, які вынес з кватэры па вуліцы Свярдлова ў Стоўбцах манітор камп'ютара. З пачатку года ў дзяжурнай часці зарэгістравана 148 паведамленняў аб правапарушэннях. Складзена 46 пратаколаў за дробнае хуліганства, 9 - за знаходжанне ў п'яным выглядзе ў грамадскім месцы і два - за знаходжанне п'яным на рабочым месцы, тры - за самагонаварэнне і інш.

Пракуратурай раёна праведзена пяць праверак выканання заканадаўства аб барацьбе з карупцыяй, у тым ліку дзве - у парадку разгляду зваротаў грамадзян і заяў аб учыненні злачынстваў. Па іх выніках вынесены два прадстаўленні і адно прадпісанне, пяць службовых асоб прыцягнуты да адказнасці. У суд накіраваны чатыры крымінальныя справы, у тым ліку справа ў адносінах да нецвярозага вадзіцеля, які праявіў няўважлівасць і неасцярожнасць, няправільна ацаніў дарожную абстаноўку і ўчыніў наезд на пешахода. Апошні атрымаў цяжкія траўмы. У суд накіравана і іскавая заява аб спагнанні страт у памеры 4 мільёны 413 тысяч рублёў, расходаваных цэнтральнай раённай бальніцай на лячэнне пацярпеўшага.

Суд вынес прыгавор у выглядзе штрафу 1 мільён 50 тысяч рублёў 35-гадоваму стаўбчаніну, што пашкодзіў каля дома № 2 па вуліцы Цэнтральнай тры аўтамашыны (хуліган кампенсаваў і нанесеныя страты - амаль 8 мільёнаў рублёў). За крадзеж грошай у соннага сабутэльніка пакарана 200-мі гадзінамі грамадскіх работ 21-гадовая жыхарка Заямнага.

ДАІ выявіла 190 парушэнняў правілаў дарожнага руху. Сярод парушальнікаў - 8 п'яных і пяць бяспраўных вадзіцеляў, 14 недысцыплінаваных пешаходаў і інш. Здарылася 16 дарожных аварый. На шчасце, ніхто не пацярпеў.

"Хуткая" выязджала да хворых 230 разоў, у прыватнасці кожны дзясяты сігнал паступіў да асоб з алкагольным ап'яненнем. У навагоднюю ноч абарвалася жыццё 34-гадовай жанчыны,  якая кінулася з дзявятага паверха дома.

Таццяна ПЯТКЕВІЧ