мобильная версия
Прамень

Рамонт – не толькі з жыроўкі

Нумар - №6-8    Рубрыка - Добраўпарадкаванне

13.01.2012

У 2012 годзе запланаваны работы па ўзмацненні фасада дома № 10 (вуліца Калініна) і замена мяккага даху на шыферны па вуліцы Калініна, 9, у Стоўбцах.

У аб'яднанні камунальных службаў мяркуюць завяршыць сёлета і пераходны аб'ект -  рамонт даху па вул. Свярдлова, 29. Пры выдзяленні дадатковых сродкаў з бюджэту плануецца рамонт па наступных адрасах: вул. Сацыялістычная, 117-а (дах), вул. Энгельса, 4-а (дах), вул. Алфёрава, 3 у пасёлку Наваколасава (дах), а таксама выраб праектна-каштарыснай дакументацыі і рамонт балконаў у  Наваколасаве. 

Нехта з гараджан абурыцца: маўляў, нягуста, ды і майго дома ў  спісе няма, хаця ў жыроўцы таксама прысутнічаюць налічэнні на капрамонт.

Давайце зробім простыя матэматычныя падлікі. Папярэдне налічэнні жыльцоў на капрамонт за 2012 год могуць скласці каля 600 мільёнаў рублёў. Запланаваныя выдаткі на яго правядзенне выліваюцца ў  мільярд 700 мільёнаў рублёў. Справа ў тым, што на капрамонт жылога фонду камунальнікі выкарыстоўваюць не толькі сродкі камунальных плацяжоў жыльцоў, а таксама бюджэтныя сродкі і свае ўласныя рэзервы. Грошай наймальнікаў і ўласнікаў жылых дамоў хопіць у лепшым выпадку на ажыццяўленне трэцяй часткі намечаных  планаў, а памер дзвюх апошніх крыніц фінансавання ніяк не можа быць безразмерным. Нельга не сказаць і пра  "хранічныя" даўгі некаторых жыльцоў за камунальныя плацяжы. На жаль, не ўсе налічэнні ў жыроўках удаецца спагнаць. У АКС на даны момант "вісяць" 92 мільёны рублёў пратэрмінаванай запазычанасці.

Але работы ўсё роўна не спыняюцца. Каб пераканацца ў гэтым, варта азірнуцца на год мінулы. Налічэнні жыльцам на капрамонт за 2011 год склалі каля 543 мільёнаў рублёў. Работы па капрамонце выкананы Стаўбцоўскім аб'яднаннем камунальных службаў на 735 мільёнаў рублёў. За налічэнні быў уцеплены фасад дома № 23 па вул. Свярдлова ў Стоўбцах і па гэтай жа вуліцы праведзена мадэрнізацыя даху дома № 39 з падрыхтоўкай праектна-каштарыснай дакументацыі для абодвух аб'ектаў. Акрамя таго, заменена дахавае пакрыццё на доме № 14 па вул. Меліяратараў у Дзераўной і доме ДРП № 1 у Сцяцках.

Таццяна ПЯТКЕВІЧ