Традыцыі застаюцца
Нумар - №6-8 Рубрыка - Жыццё. Улада. Чалавек
13.01.2012

Кожны населены пункт раёна жыве сваім адметным жыццём - сваімі традыцыямі, радасцямі, клопатамі. Не выключэнне і Налібакі. Мы гэта адчулі і на вясковай вуліцы, і ў будынку сельвыканкама. Было нечакана ўбачыць на імправізаванай гандлёвай плошчы сапраўдны кірмаш - у разбітых палатках, на гэтым міні-рынку гандаль ішоў поўным ходам. Аказваецца, у дні заработнай платы сюды прывозяць свой тавар індывідуальныя прадпрымальнікі з райцэнтра - і вяскоўцам добра, і прадпрымальнікам прыбытак.
Час быў перад Ражджаством Хрыстовым, пераважная большасць вяскоўцаў адносяць сябе да каталіцкага веравызнання. Ксёндз мясцовага касцёла па просьбе людзей хадзіў па дамах, спавядаў тых парафіян, каму цяжка дайсці да храма. Набожны люд рыхтаваўся да вялікага хрысціянскага свята не толькі прыбіраннем у сваіх дамах і дварах, але і прыгатаваннем сваёй душы.
Старшыня Налібацкага сельвыканкама Уладзімір Лойка, расказваючы пра навіны вёскі, не прамінуў сказаць, што ў падтрыманні дабрабыту ва ўсіх адносінах вялікую дапамогу аказваюць мясцовыя свяшчэннаслужыцелі - каталіцкі і праваслаўны - ксёндз Мар'ян Шэршань і ігумен Афанасій. І як прыклад, прапанаваў паехаць паглядзець, у якім належным стане знаходзяцца налібацкія могілкі. І сапраўды, варта было паехаць паглядзець. Месца пахавання продкаў у такім ідэальным парадку, што пранікаешся вялікай павагай да свецкай і царкоўнай улад, і да саміх людзей, чыімі рукамі падтрымліваецца чысціня.
Як і ў іншых сельвыканкамах, у Налібацкім таксама нямала вяскоўцаў, хто, знаходзячыся на заслужаным адпачынку, актыўна ўдзельнічае ў грамадскім жыцці, бярэ на сябе абавязкі старасты, выбіраецца дэпутатам сельскага Савета, першы адклікаецца на калектыўную справу. У ліку такіх "хадакоў" за народ і былы старшыня Налібацкага сельвыканкама Марыя Пухальская. 20 гадоў яна ўзначальвала гэты сельскі Савет. Цяпер на пенсіі, але знаходзіцца ў курсе ўсіх спраў. Вось і ў гэты дзень мы засталі яе ў сельвыканкаме. Прывёў яе ў будынак мясцовай улады такі клопат: патрэба ў хадатайніцтве сельвыканкама, каб быў вернуты дзённы рэйс маршрутнага аўтобуса адпраўленнем у 14.20, і каб абсталяваць аўтобусны прыпынак.
Уладзімір Міхайлавіч прыветна сустрэў Марыю Альфонсаўну, расказаў пра навіны і сам паслухаў, чым жыве народ.
Вось так, усёй грамадой, і будуюць тут жыццё адметнай вёскі, якая дала назву нацыянальнаму багаццю краіны - Налібацкай пушчы.
На здымку: ёсць што абмеркаваць старшыні Налібацкага сельвыканкама Уладзіміру Лойку і былому старшыні гэтага сельвыканкама Марыі Пухальскай.
Фота Васіля ЗЯНЬКО






