мобильная версия
Прамень

Віртуоз года

Нумар - №6-8    Рубрыка - Культура

13.01.2012

Прайшоў 12-ы раённы конкурс сярод педагогаў і канцэртмайстраў школ мастацтваў раёна - выканаўцаў на музычных інструментах. Паступіла 12 заявак на ўдзел у саперніцтве віртуозаў. Журы конкурсу ўзначаліла кіраўнік народнага вакальнага ансамбля "Берагіня", кампазітар, педагог-музыказнаўца Стаўбцоўскай школы мастацтваў Тамара Барэхава. У склад журы ўвайшлі член Саюза кампазітараў Беларусі, піяністка, арганістка, лаўрэат прэміі Беларускага прафсаюза работнікаў культуры, выкладчык Дзераўнянскай школы мастацтваў Ганна Кароткіна, кіраўнік народнага ансамбля народнай музыкі "Славяначка", дырэктар Наваколасаўскай школы мастацтваў Наталля Кур'яновіч.

Конкурс, які праходзіў на сцэне Старасвержанскага цэнтра культуры, ўступным словам адкрыла начальнік аддзела культуры райвыканкама Алена Суднік.

Умовы спаборніцтва  прадугледжвалі выкананне двух рознахарактарных твораў з класічнага, народнага ці эстраднага рэпертуару. Віртуозам года названы выкладчык Дзераўнянскай школы мастацтваў Іван Юркевіч. Журы і самі ўдзельнікі конкурсу прызналі, што такой віртуознай, прыгожай ігры на фартэпіяна ў гісторыі конкурсу "Віртуоз года" яшчэ не было. Дыпламант міжнародных конкурсаў Іван Юркевіч выканаў два творы польскага кампазітара Фрыдэрыка Шапэна і адзін твор сваёй маці, кампазітара Ганны Кароткінай ва ўласнай аранжыроўцы. Іван Юркевіч таксама спрабуе пісаць музыку, браў урокі ў маскоўскіх і мінскіх прафесараў. Яго выступленне, без сумнення, упрыгожыла конкурс, выканаўца па праву атрымаў тытул віртуоза года.

Першае месца журы прысудзіла педагогу па класу цымбал Старасвержанскай школы мастацтваў Настассі Мазуновай, другое - піяністцы Аксане Гаптар, выкладчыцы Дзераўнянскай школы мастацтваў, трэцяе - маладому спецыялісту, выкладчыку па класу гітары Стаўбцоўскай школы мастацтваў Юліі Зачэпа.

Дыплом за яркае выкананне папулярнай музыкі ХХ стагоддзя атрымаў саксафаніст Дзераўнянскай школы мастацтваў Кірыл Чараўко.

Конкурс прайшоў на добрым арганізацыйным узроўні, за што атрымалі падзяку дырэктар Старасвержанскай школы мастацтваў Таццяна Курмышава і дырэктар Старасвержанскага цэнтра культуры Валерый Пугач.

Лана СВЯТЛІЦКАЯ