мобильная версия
Прамень

За парадак на зямлі

Нумар - №6-8    Рубрыка - Прамая лінія

13.01.2012

Фотография 1

Чарговая прамая тэлефонная лінія са старшынёй райвыканкама пацвердзіла, што людзі давяраюць выканаўчай уладзе, а ў асобе старшыні бачаць свайго памочніка, дарадцу, да якога можна звярнуцца і атрымаць грунтоўны, канкрэтны адказ ці параду. Прамая лінія праходзіла якраз напярэдадні Новага года, але пытанні былі не святочныя, а жыццёвыя і вырашальныя. Многія жыхары Стаўбцоўшчыны, не звяртаючыся да сваёй мясцовай улады, вырашылі патэлефанаваць  напрамую старшыні, г. зн. у "апошнюю інстанцыю". Пытанні былі рознага характару, але на гэты раз яны больш тычыліся аўтобуснага руху, добраўпарадкавання і асвятлення вуліц і дарог, сацыяльнага накірунку.

М. Варэнік, вёска Старына:

- Паважаны Уладзімір Трафімавіч, дапамажыце разабрацца, чаму маёй жонцы не прадалі праязныя дакументы на студзень 2012 года. Яна кожны дзень дабіраецца на працу на маршрутным аўтобусе. І яшчэ адно пытанне, якое хвалюе ўжо ўсіх жыхароў вёскі: папаўзлі чуткі, што аўтобус са Стоўбцаў будзе прыязджаць да нас толькі 2 разы на тыдзень. Гэта праўда ці не?

- Вашыя пытанні я разгледжу больш дэталёва, разбяруся ў чым тут справа. У аўтапарку № 17 склалася цяжкае фінансавае становішча, таму яны пралічваюць кожную капейку. Ваша вёсачка невялікая, перспектывы ў яе няма, пражываюць людзі больш пажылога ўзросту, таму кіраўніцтва аўтапарка, напэўна, пойдзе на крок скарачэння маршрутаў.

А. Самахвал, вёска Новы Свержань:

- Уладзімір Трафімавіч, растлумачце,  калі  ласка,  чаму  такі вялікі  кошт  білета  на  аўтобус Стоўбцы - Новы Свержань, аж 2 600 рублёў?

- Кошт на білеты вызначае не райвыканкам, а  міністэрства транспарту. Вы абавязкова звярніцеся ў аўтапарк № 17, і вам растлумачаць адкуль узяўся такі кошт білета.

Жыхары вёскі Слабодка прасілі старшыню райвыканкама, каб аўтобус спыняўся не каля магазіна "Гаспадарчыя тавары", а падыходзіў бліжэй да райпаліклінікі.

-       Гэтая праблема падымаецца ўжо не першы раз. Паспрабуем штосьці зрабіць. Адрасую вашую просьбу кіраўніцтву аўтапарка.

Г. Цвірка патэлефанаваў Уладзіміру Трафімавічу з нагоды Новага года, павіншаваў са святамі, а затым выказаў просьбу ад імя працаўнікоў Аграмашзапчасткі:

-  Па дарозе да Аграмашзапчасткі ёсць два прыпынкі аўтобусаў. Паспрыяйце, калі ласка, каб дарога і прыпынкі асвятляліся.

- Вашую просьбу мы абавязкова выканаем. Пракладзём новы кабель - асветлім вуліцу.

Л. А. Рачок (вуліца Савецкая, дом 46):

- Паважаны Уладзімір Трафімавіч, дапамажыце, наша вуліца не асвятляецца (перакрыжаванне вуліц Савецкай і Урыцкага).

Адразу ж пасля размовы старшыня даў указанне адказным службам выехаць на месца і зрабіць усё магчымае,  каб вуліца асвятлялася.

З аналагічнай просьбай-праблемай (асвятленне вуліц) звярнуліся жыхары вуліц Ленінскай (дамы 164, 89), Танкістаў (дамы 44-59). Даныя просьбы Уладзімір Трафімавіч Місько адрасаваў АКС і аграпрамэнерга.

Былі тэлефанаванні наконт добраўпарадкавання вуліц і дарог.

Я. К.  Марцінкевіч з Русакоў прасіла, каб падсыпалі дарогу ў іх вёсцы.

- Я ведаю, што зараз праз вашую вёску мясцовая гаспадарка возіць на поле ўгнаенні. Таму трэба трошкі пачакаць, каб закончылі гэтыя сельскагаспадарчыя работы, а пасля ДЭУ-135 яшчэ раз прагрэйдзіруе дарогу і, калі патрэбна, то і падсыпле.

У. І. Гамза з Аталезскага сельсавета цікавіўся, ці выдзяляюцца грошы на добраўпарадкаванне населеных пунктаў.

- Так, грошы выдзяляюцца. У Аталезскім сельсавеце добраўпарадкаваннем дарог займаецца ДЭУ-135.

А. А. Карнілава (вуліца Цітова, 10):

- Мы жывём у раёне вакзала, якраз каля перахода ад вакзала на вуліцу Цітова. Смецце ўвесь час  пешаходы кідаюць да нас у агарод, ды і  цеплатрасу, якая вісіць якраз над агародам, патрэбна  рэканструяваць. Уладзімір Трафімавіч, дапамажыце навесці парадак, хаця б сметніцу на пераходзе паставілі.

- Як бачыце, культура нашых гараджан яшчэ не на належным узроўні: смецце кідаюць і сабе пад ногі, і ў чужы агарод. Абавязкова назначым там прыбіральшчыцу і паставім сметніцу. А цеплатрасу паглядзяць супрацоўнікі АКС.

Жыхароў вуліцы М. Горкага турбавала пытанне пераходу праз чыгунку.

-       Для таго, каб пабудаваць пераход у даным месцы, патрэбен дазвол Беларускай чыгункі. Цяпер  праз Стоўбцы праходзяць хуткасныя цягнікі, электрычкі. Значыць, патрэбен і святлафор. Паспрабуем выйсці на кіраўніцтва Беларускай чыгункі, каб атрымаць дазвол, але сёння абяцаць штосьці канкрэтнае не маю права.

Цікавіліся гараджане і іншымі тэмамі: ці будуць у 2012 годзе выдавацца льготныя крэдыты? Калі ў Дзераўной будзе газ? Як спілаваць таполі ў вёсцы Шашкі?

На канкрэтныя пытанні былі дадзены і канкрэтныя адказы, а таксама ўзяты на кантроль тэрміны іх выканання.

Было адно і "навагодняе" пытанне. Працаўнікі ААТ "Вішнявецкі-агра" цікавіліся, чаму ў іх гаспадарцы навагоднія падарункі выдаюцца не ўсім працаўнікам.

-       Падарункі фарміруе сама гаспадарка. Звярніцеся, калі ласка, у назіральны савет таварыства, там вам павінны растлумачыць, чаму вам не далі навагодні падарунак як члену гаспадаркі.

На прамую лінію да старшыні райвыканкама паступалі пытанні і асабістага характару. Усе пытанні ўзяты на кантроль і будуць, па меры магчымасці, вырашаны ў самыя кароткія тэрміны.

Працуючы на прамой лініі, бачыш, як Уладзімір Трафімавіч уважліва выслухоўвае кожнага чалавека, як хоча яму дапамагчы. І нават сам факт, што скаргаў з кожным разам становіцца менш, гаворыць сам за сябе. Значыць, пытанні вырашаюцца. Прыемна, што і жыхары неабыякавыя да праблем горада і раёна, што людзі ў нас працалюбівыя, добрыя, любяць сваю Стаўбцоўшчыну. І толькі ўсе разам мы можам дабіцца парадку на зямлі. А вынікі ўжо ёсць. І значныя.

Нэлі АСТРЭЙКА