мобильная версия
Прамень

І ўсюды мудрасці пячаць

Нумар - №9-10    Рубрыка - Культура

17.01.2012

Пачатак года -  час календароў. Прапануюцца яны на выбар: сугучна вашым прафесійным заняткам, захапленням. Але вось гэты асаблівы. Шырокафарматныя лісты з раскладам дзён і багатым тэкстам - на кожны месяц. Найпершае ўражанне і ад шматколернасці мастацкага афармлення. Нездарма ж на вокладцы пазначана - "Маляўнічая Бацькаўшчына".

Такая каляндарная серыя рыхтуецца ўжо на дзясяты год запар дзякуючы творчаму шчыраванню аўтара праекта Валерыя Дранчука і спонсарскай падтрымцы ААТ "Мінскводбуд". Зацікаўленасць саліднай кампаніі зразумелая - каляндарны праект мае экалагічную, прыродалюбную накіраванасць. Гэта і падкрэслівае ў сваёй прадмове генеральны дырэктар таварыства Сцяпан Паўловіч. І ён жа адзначае, што чарговы каляндар, на 2012 год, прысвечаны 130-й гадавіне Якуба Коласа. Тым часам перагорнуты папярэдні, Купалаўскі каляндар, які па-свойму вянчае год 2011-ы. Два календары  - дзве часткі аднаго праекта: у 2012 годзе краіна адзначыць 130-годдзе Янкі Купалы і Якуба Коласа. Такім чынам, як акрэслівае генеральны дырэктар, акцыянеры вытворча-будаўнічай галіны пацвердзілі сваё шчырае жаданне - наблізіць спадчыну слынных паэтаў да шырокага грамадства, у першую чаргу да шматлікіх партнёраў і кампаньёнаў. А аўтар праекта Валерый Дранчук дадае: "Мала сказаць, што Колас - вялікі пісьменнік, геній. Колас, у дадатак, праграмна экалагічны пісьменнік. Мала сказаць - прыродалюбны, ён сучасны і актуальны. Дастаткова прачытаць верш "Мой дом". Верш, які аб'ядноўвае сферы Паэта і нясе нам радасную вестку, загадку і сэнс…"

"Мой дом" - гэта і назва, дэвіз календара, пазначаны, як і ўвесь тэкст, і на беларускай, і на англійскай мовах. Задума зразумелая: каб і за межамі нашай Бацькаўшчыны адчулі непаўторнасць малюнкаў і з'яў найперш прыроды Беларусі. На старонках календара прыводзяцца і іншыя вершы Коласа, радкі з іх. А ўвогуле ж, каб мелодыяй паэтычных слоў намаляваць воблік нашага  дома, роднага кута, можна цытаваць ледзьве не ўсю "Новую зямлю" ці "Сымона-музыку".

Што датычыць ілюстрацыйнага пачатку, то і тут шматфарбнасць, ад якой не адвядзеш вока. Каля 150 фотазымкаў, прэзентаваў Валерый Дранчук для календара, пераважна сваіх, аўтарскіх. І, як сам ён падлічыў, прыкладна 95 працэнтаў фотамалюнкаў зроблены ў нашых мясцінах - даносяць чытачу краявіды Стаўпеччыны. Іменна ў такім напісанні, бо аўтар спасылаецца на наступны гістарычны факт. У пашпарце Якуба Коласа, выдадзеным паэту ў 1953 годзе, запіс аб месцы нараджэння пазначаны з гэтай першапачатковай нормай.

Каб палюбавацца выданнем, трэба яго хаця б палістаць. Дарэчы, аўтар перадаў экземпляр каляндара раённай дзіцячай бібліятэцы. Магчыма, паступіць ён і ў продаж, з'явіцца ў сталічных кнігарнях. А для аматараў творчасці Коласа, іх у нас, вядома, шмат, як нідзе, прывядзём некаторыя цікавыя факты з біяграфіі народнага песняра, змешчаныя таксама на старонках календара.

"Ён пільна назіраў навальніцу і часам званіў у бюро надвор'я", - адзначыў у сваіх успамінах сын Якуба Коласа Даніла. І гэта была найперш практычная сялянская патрэба: спрыяльнае надвор'е - добры ўраджай. А пісьменнік Міхась Лынькоў прыгадваў, што Колас высадзіў пладовы сад ля свайго дома, садзіў там іншыя дрэвы: дубкі, рабінкі, бярозкі, клапаціўся аб кветніках. Як рады ён быў, калі пад пасаджанымі дрэвамі прыжыліся прывезеныя з лесу некалькі сцяблінак верасу і чарнічніку. Там жа ў садзе, ля самага дома, была ў яго невялічкая, як казаў ён "вопытная дзялянка", на якой ён займаўся рознымі доследамі, засейваў усякімі гатункамі жыта, ячменю. Міхась Лынькоў падагульняе: "Колас любіў фізічную працу на свежым паветры, падмятаў двор, пілаваў і сек дровы".

"Да вайны ў сваёй гаспадарцы Колас трымаў карову", - як бы шле дакор прыкладам залішне інтэлігентным вяскоўцам Максім Лужанін. З задавальненнем тупаў ранічкай па беразе рэчкі, пакуль падласая пасвілася па роснай траве. Трымалі і парсючка, і хатняе птаства, нават дразда, пра якога паэт напісаў верш "Дронік".

"Колас любіў прайсціся пехатой", - акрэслівае не абцяжараны гарадской фанабэрыстасцю характар паэта Янка Брыль. Міхась Лынькоў прыгадвае, што любіў паэт прайсціся па лузе, лясной дарозе нават босым. Ён не любіў паўднёвых курортаў, а летам адпачываў там, дзе можна "паляваць на грыбы", - у лесе, ля рэчкі.

Толькі чалавек арганічна блізкі да прыроды мог стварыць, сабраць паэтычныя скарбы - на вякі. Яскрава падкрэслівае гэта кожны і слаўны, і фатаграфічны відарыс календара.

"Пад ясна-сіняю страхою

Чыёюсь дбалаю рукою

Збудован мне прасторны дом.

Утульна ў ім, дабра ў ім поўна,

І ўсюды мудрасці бязмоўнай

Відна спрадвечная пячаць…"

"Прырода, зямля - наш родны дом", - часта прыводзім мы гэта як ісціну. А ці памятаем верш Якуба Коласа, які, здаецца, не быў уключаны ў школьныя хрэстаматыі. Валерый Дранчук, а творчая біяграфія яго звязана і з "Праменем", адкрыў бліжэй і гэты прамень мудрасці неабдымнага Коласа.

Фёдар БАНДАРОВІЧ