2012 – год новых хуткасцяў
Нумар - №9-10 Рубрыка - Прамысловасць
17.01.2012
У мінулым годзе Стаўбцоўшчына стала адным з першых раёнаў Міншчыны, дзе дамы-новабудоўлі былі падключаны да паслуг сувязі з выкарыстаннем аптычнай тэхналогіі хPON (пасіўная аптычная сетка).
Такім чынам, для стаўбчан новы год павінен стаць годам новых хуткасцяў.
Першыя абаненты аптычных тэхналогій - 155 навасёлаў жыллёва-будаўнічых кааператываў "Дабранка", "Стаўбчанка" і "Крышталь". Усе новабудоўлі 2012 года таксама будуць працаваць па "валакне". Абанентам гэта гарантуе інтэрнэт на хуткасцях да 20 Мбіт/с (для параўнання: на тарыфным плане "СуперДамасед" хуткасць - 6 Мбіт/с прыём і 0,5 Мбіт/с перадача).
Важнай падзеяй для раённага вузла электрычнай сувязі стала пераключэнне абанентаў на мультысервісную платформу IMS. Пераключэнне ўжо закранула абанентаў каардынатнай станцыі ў Ніўным, але будуць задзейнічаны і іншыя падобныя станцыі, а таксама электронныя станцыі ранняга пакалення. У будучым сувязісты плануюць замяніць усе дзеючыя сеткі электрасувязі на сеткі наступнага пакалення NGN з выкарыстаннем платформы IMS.
Пры гэтым пераключаным абанентам варта нагадаць, што за зменай нумара ідзе шэраг істотных пераваг. У першую чаргу, гэта магчымасць карыстацца новымі сэрвісамі, напрыклад, "Музычным марафонам", забеспячэнне высокай якасці інтэрактыўнага тэлебачання і вялікай хуткасці доступу ў інтэрнэт, такія дадатковыя паслугі як вызначэнне нумара CLIP, пераадрасацыя, абмежаванне сувязі, скарочаны набор нумара і многае іншае.
Сёння вялікім попытам у жыхароў раёна карыстаюцца паслугі інтэрактыўнага тэлебачання (zala) і высокахуткаснага інтэрнэту byfly. Улічваючы гэта, у мінулым годзе ўведзены 10 пляцовак сеткі перадачы даных (тры - на гарадской тэлефоннай сетцы і 7 - на сельскай), а таксама па меры неабходнасці праводзілася расшырэнне на ўжо дзеючых пляцоўках.
- Гэтай навагодняй парой праводзіцца вялікая колькасць акцый пры падключэнні да паслуг Белтэлекама, - заўважыла спецыяліст па маркетынгу раённага вузла электрычнай сувязі Наталля Рабянок. - Да канца студзеня дзейнічаюць акцыі "Навасёлы". Пры ўстаноўцы першага тэлефона наш абанент можа падключыць пакет "Оптымум" (безлімітны інтэрнэт + інтэрактыўнае тэлебачанне па тарыфным плане "Прэм'ера") і карыстацца ім адзін месяц бясплатна або падключыць інтэрактыўнае тэлебачанне (тарыфны план "Прэм'ера") і карыстацца адзін месяц бясплатна. Да 31 снежня любы жадаючы мог падключыць інтэрнэт і карыстаецца ім бясплатна ўвесь студзень. А для абанентаў zala скідка дзейнічае і на наступныя тры месяцы ў памеры 25 працэнтаў ад выбранага тарыфнага плана.
З 15 снежня мінулага года стартавала рэкламная кампанія "У новы год з інтэрнэтам". Пры рабоце ў сетцы інтэрнэт на пункце калектыўнага карыстання (г. Стоўбцы, вул. Сацыялістычная, 21) кліент атрымлівае ў падарунак інтэрнэт-карту (калі кліент бесперапынна працаваў 60 мінут, ён атрымлівае інтэрнэт-карту на 60 т.адз. і т. п.). Акцыя будзе дзейнічаць да 31 студзеня 2012 года.






