мобильная версия
Прамень

А Хрышчэнне ўсё ж з марозам

Нумар - №9-10    Рубрыка - Надвор’е на Стаўбцоўшчыне

17.01.2012

Фотография 1

"Вы можа нам зіму прынеслі?" - з жартам, вядома, пытанне да начальніка метэастанцыі Стоўбцы Антаніны Уставіч. А за вокнамі тады быў усё той жа надакучлівы асенні пейзаж: мокры снег знік поўнасцю, хлюпата. "Цёплыя, сырыя паветраныя масы з Атлантыкі, якія пасылалі да нас цыклоны, - тлумачыла Антаніна Юр'еўна, - уступаюць сваё месца арктычнаму антыцыклону…" Сапраўды, выпаў снег, узмацніліся маразы да 10-15 градусаў. Спраўджваецца прагноз, а значыць і непарушная кліматычная традыцыя: якое ж Хрышчэнне без марозу.

"Да канца месяца яшчэ пацяплее", - супакойвае метэаролаг, бо і працяглыя халады не надта радуюць. Цяпер жа, у тон размове, з выкарыстаннем запісаў Антаніна Юр'еўна нібы раскрывае старонкі ўяўнай Кнігі Гінэса рэкордных тэмператур. Самы моцны хрышчэнскі мароз за ўсю гісторыю назіранняў у Стоўбцах здарыўся 17 студзеня 1940 года, калі слупок тэрмометра апускаўся да мінус 39 градусаў, у межах сарака быў мароз і годам раней. Праўда, можна і не браць надта далёкі час. Так, хрышчэнскай ноччу 1968-га было каля мінус 26. Нізкія тэмпературы, да мінус 30 градусаў, адзначаліся ў асобныя ночы студзеньскай парой у 1995-1998 гадах і зусім нядаўна, у 2005-2006-ым. Увогуле ж з канца 80-ых назіраецца ўстойлівы працэс пацяплення клімату, які найлепш адчуваецца ў зімовыя месяцы. У гэтым русле і леташні год, пачатак сёлетняга.

Што ж датычыць бясснежнага студзеня, то гэта таксама не выключная з'ява. Прыкладна адзін раз за 10 гадоў снежнае покрыва на 19 студзеня адсутнічала. А самы моцны снегапад адзначаўся ў 2004 годзе.

Нездарма на Хрышчэнне гадаюць. Па народных прыкметах, калі на Хрышчэнне дзень цёплы, то хлеб цёмны, значыць, чакаецца, што будзе добры ўраджай. І яшчэ, калі ў гэты дзень поўня, то вясной быць вялікай вадзе.

-       Антаніна Юр'еўна, да прыкмет мы ўсе прыслухоўваемся, вы ж, як навуковец, больш давяраеце прыборам, назіранням?

-       Сапраўды так. Сёння метэаролагі амаль са стопрацэнтнай верагоднасцю прадказваюць надвор'е на пяцідзёнку, на тыдзень. Таму смела гавару вам, што на Хрышчэнне і сёлета мароз будзе. Складаюцца прагнозы і на працяглы перыяд, нават на цэлы сезон. Аднак жа яны, хаця і грунтуюцца на навуковай аснове, не могуць поўнасцю спраўдзіцца. За ходам атмасферных працэсаў ва ўсім свеце вядуць назіранні сотні метэастанцый, спецыяльныя касмічныя апараты, але як угадаць, калі ўзнікне новы атмасферы віхор і куды ён накіруецца. Цяпер вось на прыборах бачна: цыклон над Ленінградскай вобласцю рэзка мяняе сваю траекторыю, імчыць на поўдзень. І адкрываецца шлях да нас паўночным вятрам.

-       Ваша задача весці і статыстыку, так бы мовіць, летапіс прыродных з'яў.

-       Безумоўна. Вось пакідаем для нашчадкаў характарыстыку мінулагодняга снежня. Ён увойдзе ў разрад самых цёплых за ўсю гісторыю назіранняў. Сярэднямесячная тэмпература паветра склала плюс 1 градус, што ажно на 5 градусаў вышэй за кліматычную норму. А ў параўнанні са снежнем папярэдняга года было на 8-9 градусаў цяплей. Усё ж было некалькі і адносна халодных начэй, калі тэмпература паніжалася да мінус 6 градусаў. А вось з ападкамі апошні месяц года, можна сказаць, уклаўся ў норму - выпала іх 41 міліметр. Пераважна, памятаем, ішоў дождж, але часам выпадаў і сняжок. Зімовы выгляд меў і Новы год, хоць снегу было мала.

-       А як з прагнозамі на ўраджай?

-       Яшчэ і па календары паўзімы наперадзе. Пакуль жа аграметэаралагічныя ўмовы для развіцця азімых культур у цэлым складваліся здавальняюча. Небяспечных з'яў не назіралася. Глеба заставалася пераважна талай, толькі ў асобныя перыяды назіралася нязначнае падмярзанне яе верхняга пласта. Аднак перавага павышанага тэмпературнага рэжыму не дазволіла азімым набыць стан глыбокага фізіялагічнага спакою. У асобныя дні з незвычайна цёплым надвор'ем назіралася слабая вегетацыя раслін. Мінімальная тэмпература паветра на глыбіні залягання вузла кушчэння вагалася ад мінус 1 да плюс 2 градусаў. Так што пакуль для аграрыяў усё нармальна.

Ф. ФЯДОТАЎ