Каб маладзелі нашы вёскі
Нумар - №9-10 Рубрыка - Сельская гаспадарка
17.01.2012

На нядаўнім пленуме раённай прафсаюзнай арганізацыі работнікаў аграпрымысловага комплексу абмяркоўваліся праблемы, якія турбуюць маладых людзей, якія звязалі свой лёс з сельскай гаспадаркай. У прыклад ставілася прафсаюзная арганізацыя ААТ "Радзіма Якуба Коласа", дзе гэтай катэгорыі работнікаў удзяляецца пастаянная ўвага. У таварыстве працуе больш за 300 чалавек, з якіх 49 - маладыя людзі ва ўзросце да 31 года. Моладзь занята на розных участках вытворчасці. 21 чалавек - спецыялісты апарата кіравання і сярэдняга звяна, дванаццаць жывёлаводаў, восем механізатараў і чатыры вадзіцелі.
Чым жыве сёння сельская моладзь, як вырашаюцца яе праблемы непасрэдна прафсаюзнай арганізацыяй таварыства, якія жыццёвыя прыярытэты маладыя людзі ставяць на першае месца, - тэма нашай гутаркі са старшынёй прафкама Валянцінай Карнічэнка.
- Валянціна Пятроўна, пытанне аб тым, хто заўтра будзе працаваць у полі, на жывёлагадоўчай ферме, за штурвалам энерганасычанага трактара не можа не турбаваць. Якія захады прымаюцца ў вашай гаспадарцы для таго, каб затрымаць моладзь у вёсцы?
- Кожнаму чалавеку, а маладым асабліва, хочацца мець сваё жыллё, добрую работу і дастойную зарплату, паразуменне і павагу. У першую чаргу мы сочым за тым, каб маладыя спецыялісты былі забяспечаны добраўпарадкаванымі кватэрамі, каб рабочае месца адпавядала кваліфікацыі, спаўна прадастаўляліся гарантаваныя правы, выплачвалася кампенсацыя, каб ім не прыйшлося з першых дзён абараняць свае працоўныя інтарэсы самастойна. Вялікім падспор'ем стала Пастанова Савета Міністраў № 1041 ад 09.07.2010, згодна з якой маладыя спецыялісты на вёсцы пачалі атрымліваць гарантаваную даплату да заработнай платы ў памеры трох тарыфных ставак першага разраду. Што тычыцца маладых работнікаў масавых прафесій, то кіраўніцтва давярае ім новую тэхніку і абсталяванне, з дапамогаю якіх працаўнікі асвойваюць сучасныя тэхналогіі і дабіваюцца высокіх паказчыкаў. Нашы маладыя механізатары і аператары машыннага даення пастаянна ў ліку пераможцаў раённага спаборніцтва.
І ў калектыўным дагаворы занатаваны дадатковыя льготы для маладых. Гэта даплата ў памеры 30 працэнтаў ад тарыфнай стаўкі работнікам масавых прафесій, якія непасрэдна заняты на вытворчасці прадукцыі. Маладым, якія заключылі шлюб, уручаецца каштоўны падарунак на суму дзесяць базавых велічынь. У такім жа памеры аказваецца матэрыяльная дапамога пры нараджэнні дзіцяці.
- Але для таго каб зацікавіць моладзь, важнае значэнне мае і арганізацыя іх вольнага часу.
- Так. І ў гэтым нам істотна дапамагае райкам прафсаюза работнікаў АПК, што арганізоўвае зімовыя і летнія спартакіяды, конкурсы і іншыя мерапрыемствы, у якіх нашы маладыя людзі прымаюць самы актыўны ўдзел і праяўляюць сябе з самага лепшага боку. Яны займаюць высокія месцы і атрымліваюць шмат грамат і прызоў, а самае галоўнае - вялікі зарад бадзёрасці.
Два гады запар мы арганізоўваем спартыўныя спаборніцтвы сярод нашых вытворчых падраздзяленняў, кіраўніцтва заахвочвае пераможцаў. У лютым мінулага года на базе СШ № 3 правялі адкрыты валейбольны турнір на кубак ААТ "Радзіма Якуба Коласа". Пасля пяцігадовага перапынку разам з работнікамі Любкаўшчынскага дома культуры аднавілі добрую традыцыю правядзення свята вёскі. На мерапрыемстве былі адзначаны старажылы, залатыя юбіляры, навасёлы, маладажоны, маладыя бацькі. Для кожнага знайшліся цёплыя словы, прагучалі добрыя песні, кожнаму ўручаны падарункі на памяць. У намінацыі "Лепшы маладзёжны падворак" першае месца прысудзілі сям'і Міхаськовых - Ірына працуе ў таварыстве поварам, а Міхаіл механізатарам. Акрамя памятных падарункаў, у якасці заахвочвання за падтрыманне парадку на прысядзібным участку, па просьбе маладой сям'і ім былі выдзелены грошы на набыццё жалезабетоннай агароджы.
У таварыстве многа робіцца для таго, каб маладыя людзі заставаліся на вёсцы.
На агеньчыках і мерапрыемствах заахвочваюцца дынастыі, асаблівая ўвага ўдзяляецца дзецям, якія прыходзяць на змену сваім бацькам.
Арганізоўваем выезды на канцэрты і іншыя культурна-масавыя мерапрыемствы.
Варта адзначыць, што апошнім часам да нас на работу прыехалі маладыя людзі з горада, а гэта значыць, што ў вёсцы добра жыць і працаваць.
На здымку: старшыня прафкама Валянціна Карнічэнка (справа) і старшыня камісіі па аздараўленні і санаторна-курортным лячэнні Таццяна Станкевіч абмяркоўваюць план мерапрыемстваў.
Фота Васіля ЗЯНЬКО






