Рабінка з радзімы Крапівы
Нумар - №9-10 Рубрыка - Добраўпарадкаванне
17.01.2012

Стаўбцоўская гімазія № 1 завяршае вялікую работу па рэканструкцыі будынка навучальнай установы, якая мае 100-гадовую гісторыю. Стараннямі дырэктара гімназіі Васіля Курака ўведзена ў строй прыбудова да гімназіі. Да наступлення зімы калектыў школы паспеў добраўпарадкаваць тэрыторыю, на якой на працягу некалькіх гадоў вяліся рамонтныя работы.
Тэрыторыя гімназіі не толькі добраўпарадкавана з дызайнерскім рашэннем, але праведзена і яе азеляненне. Пасаджана больш за 100 дрэў і кустоў. Большасць з іх - дэкаратыўныя. Як лістоўніцы, спірэя японская, вярба, барбарыс, айва японская, кізільнік, жоўтая акацыя, глог... У гэтым парку знайшлося месца і для рабінкі, прывезенай з радзімы беларускага пісьменніка Кандрата Крапівы, які вучыўся ў стаўбцоўскай гімназіі. Аб гэтым паведамляе і мемарыяльная дошка на будынку навучальнай установы.
Прыглядны выгляд гімназіі пасля рамонту - радасць не толькі педагагічнаму і вучнёўскаму калектывам, але і выпускнікам гімназіі, настаўнікам, якія знаходзяцца цяпер на заслужаным адпачынку. Сваю радасць педагогі-ветэраны маглі выказаць на сустрэчы ў гімназіі. Яны захапляліся ўсімі новаўвядзеннямі. Пасля экскурсіі па тэрыторыі школы педагогі-ветэраны, іх больш за 20 чалавек, дзякавалі Васілю Кураку за яго старанні і клопат аб гімназіі і паабяцалі вясною падарыць роднай навучальнай установе са сваіх клумбаў кусты гартэнзіі і ружаў.






