мобильная версия
Прамень

Сляды браканьераў

Нумар - №9-10    Рубрыка - Прамая лінія

17.01.2012

Фотография 1

Эфектыўнасць работы Стаўбцоўскай міжраённай інспекцыі аховы жывёльнага і расліннага свету пры Прэзідэнце Рэспублікі Беларусь (яна абслугоўвае чатыры раёны - Стаўбцоўскі, Дзяржынскі, Уздзенскі і Валожынскі) адзначана на ўзроўні Мінскай вобласці, у першую чаргу па наступных крытэрыях: абясшкоджана 26 адзінак браканьерскай зброі, большая палова яе была незарэгістравана (уявіце, колькі звера ўдалося захаваць!); у адносінах да браканьераў, якія нанеслі прыродзе шкоду не менш чым на 330 мільёнаў рублёў, узбуджана 16 крымінальных спраў, накладзена на парушальнікаў штрафных санкцый на 28,2 мільёна рублёў; каэфіцыент рэальнага спагнання нанесеных страт - 80 працэнтаў. Сярод затрыманых інспектарамі нярэдка сустракаюцца і кіраўнікі, што сведчыць аб адной з важных складаемых дзейнасці інспекцыі - антыкарупцыйнай.  

Падчас прамой тэлефоннай лініі начальнік Стаўбцоўскай міжраённай інспекцыі Уладзімір Лойка адказаў на пытанні, якія хвалююць жыхароў раёна.

Марыя Мяцёлкіна з Рубяжэвіч расказала, што з зямлі, з-пад іх дома б'е вада. Яна запоўніла  пограб, калодзеж... Напэўна, недзе прарвала водаправод.

- Ваша пытанне - не ў нашай кампетэнцыі (райінспекцыі прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя), але разбяромся і прымем меры.

(Пакуль матэрыял рыхтаваўся да друку, пытанне з прарывам водаправода было вырашана станоўча).

Уладзімір Капуста з Яблынаўкі паскардзіўся на перапоўненую яму з гноевай жыжкай, сцёкі з якой трапляюць да яго ў двор і ствараюць пагрозу для рэчкі Альхоўка. Пасля першага яго звароту ў інспекцыю прадпрыемства ПДСУП "Профі-Аграцэнтр"ухіліла прарыў абвалоўкі, вывезла 5-6 бочак і на гэтым работы прыпыніла...

- Пад'едзем да вас у бліжэйшы час і разбяромся на месцы. Па першым вашым звароце было дадзена прадпісанне ПДСУП "Профі-Аграцэнтр". Калі словы не дапамагаюць і пацвярджаецца факт забруджвання навакольнага асяроддзя, інспекцыя прымяняе штрафныя санкцыі да кіраўніка або асобы, адказнай за стан гнаясховішча. Штраф на фізічную асобу прадугледжаны законам ад 4 да 20 базавых велічынь, на юрыдычную асобу - да 500 базавых велічынь. І гэтая мера дзейсная. Сёлета за забруджванне ракі Тонва прыцягвалася да адказнасці ААТ "Рубяжэвічы", а таксама кіраўнік аднаго з падраздзяленняў сельгаспрадпрыемства. Усе недахопы былі ўхілены згодна з прадпісаннем і ва ўстаноўленыя законам тэрміны.

(Па звароце з Яблынаўкі праведзена адкачка гноевай жыжы. Калі ўсталюецца марознае надвор'е і будзе магчымасць вывезці яе на палі, работа будзе выканана ў поўным аб'ёме).

Жыхар раёна пацікавіўся штучнай сажалкай у Нясвіжскім раёне і задаў пытанне, чаму арандатар не пускае на сажалку рыбакоў-аматараў?

- На вадаёмы, перададзеныя юрыдычным асобам для рыбаводства, правілы вядзення рыбнай гаспадаркі і рыбалоўства не распаўсюджваюцца. У адносінах да іх мае сілу пастанова Савета Міністраў ад 04.10.2007 № 1260 "Аб зацвярджэнні Палажэння аб парадку прадастаўлення водных аб'ектаў (іх частак) у арэнду для рыбаводства і іншых мэтаў". Адным словам, каб можна было палавіць рыбу на платнай аснове, вадаём павінен знаходзіцца ў арэндзе для платнага аматарскага рыбалоўства, інакш арандатар не мае права браць грошы і рэалізоўваць пуцёўкі для платнага аматарскага лову.

- Як падтрымліваецца парадак на вадаёмах раёна, узятых у арэнду?

- У нашым раёне арандуюцца вадаёмы ў Заямным і Яблынаўцы, ва ўрочышчах Сінява і Перцы, у Падгорнай, Сопкаўшчыне, "Истоки" непадалёку ад Несцеравіч, у раёне Тонава (два вадаёмы) і пасёлка Школьны. Вадаём непадалёку ад вёскі Слабодка арандуе фермерская гаспадарка "Сівіш". Паслугі платнага аматарскага рыбалоўства прапануюцца на возеры Кромань (НТВК "Аналіз-Х). Інспекцыя пастаянна кантралюе стан прыбярэжнай паласы на гэтых вадаёмах і выкананне абавязацельстваў, указаных у дагаворы паміж арандатарам і раённым выканаўчым камітэтам. Пытанне гэта плануецца разгледзець на адным з бліжэйшых пасяджэнняў райвыканкама. 

Кантроль ажыццяўляецца і за сажалкамі ААТ "Агракамбінат Дзяржынскі" філіял "Хотава", у прыватнасці, адследжваецца захаванасць рыбы. З пачатку года на прадпрыемства вернута яе 52,5 кг. Высвятляецца, што да дармовай рыбалкі ахвочыя як чужыя, так і работнікі рыбгаса. Летась, напрыклад, на работнікаў рыбгаса былі заведзены крымінальныя справы.

Падводзячы вынікі размовы з жыхарамі раёна, Уладзімір Лойка спыніўся на паказчыках работы інспекцыі за 2011 год. Зарэгістраваны 145 рэйдаў, тры праверкі, у ходзе якіх выяўлены 204 парушэнні, у тым ліку 62 - правілаў вядзення рыбалоўнай гаспадаркі і рыбалоўства, 6 - крадзяжоў сажалкавай рыбы, 38 - правілаў вядзення паляўнічай гаспадаркі і палявання, 78 - правілаў лесакарыстання. 

На парушальнікаў складзена 180 пратаколаў, выдадзена ім 19 прадпісанняў. Канфіскаваны тры электравуды, 35 браканьерскіх сетак працягласцю 1,57 км,  212,5 кг незаконна здабытай рыбы і 311,5 кг здабытай такім жа шляхам дзічыны. Выяўлены 583 м куб. незаконна спілаванай драўніны.

Уладзімір Лойка выказаў пажаданне: хацелася б, каб грамадзяне смялей супрацоўнічалі з інспекцыяй, паведамлялі аб парушэннях прыродаахоўнага заканадаўства. Кантактны тэлефон - 8-044-57-62-108 (вэлком), дзейнічае і тэлефон гарачай лініі - 5-10-27. Ананімнасць паведамлення гарантавана.

Таццяна ПЯТКЕВІЧ