Стаўка – на эканамічны росквіт Стаўбцоўшчыны
Нумар - №9-10 Рубрыка - Прамая лінія
17.01.2012

Закончыўся 2011 год. У пачатку новага года заўсёды падводзяцца вынікі, як спрацавалі ў мінулым годзе, і, безумоўна, намячаюцца планы, задачы на год бягучы. З гэтай нагоды мы сустрэліся з намеснікам старшыні райвыканкама Ірынай Мікалаеўнай ЕРМАКОВІЧ.
- Ірына Мікалаеўна, вядома, што адной з важнейшых задач на 2012 год будзе прыцягненне інвестыцый у эканоміку раёна, у тым ліку прамых замежных на чыстай аснове. Раскажыце, калі ласка, нашым чытачам, якія найбольш значныя інвестпраекты будуць рэалізаваны ў бягучым годзе ў нашым раёне?
- У 2012 годзе прагназуецца накіраваць інвестыцый на развіццё эканомікі раёна на 267,5 млрд руб., што ў ацэнцы 2011 года складзе 107%, па камунальных унітарных прадпрыемствах, гаспадарчых таварыствах, у якіх адміністрацыйна-тэрытарыяльная адзінка валодае акцыямі ў памеры больш за 50%, - 161,6 млрд руб., ці 104%.
Асноўным накірункам інвестыцыйнай дзейнасці ў раёне на 2012 год стане рэалізацыя эфектыўных інвестыцыйных праектаў па мадэрнізацыі, стварэнні і развіцці прыярытэтных высокатэхналагічных вытворчасцяў, якія будуць забяспечваць канкурэнтаздольнасць эканомікі на ўнутраным і знешнім рынках. Выкананне прагнознага паказчыка па інвестыцыях у асноўны капітал камунальныя прадпрыемствы плануюць забяспечыць за лік будаўніцтва новых малочнатаварных комплексаў, набыцця тэхнікі, машын і абсталявання, будаўніцтва жылля з дзяржаўнай падтрымкай, будаўніцтва энергазберагальных аб'ектаў і т. п. Канкрэтныя сумы сродкаў, накіраваныя на будаўніцтва вышэйуказаных аб'ектаў, знаходзяцца ў стадыі распрацоўкі і ўзгаднення.
- Якія інвестпраекты плануецца рэалізаваць па будаўніцтве і рэканструкцыі МТК?
- У бягучым годзе плануем будаўніцтва малочнатаварнага комплексу ПДСУП "Профі-Аграцэнтр", будаўніцтва малочнатаварнага комплексу ААТ "Агранёманскі", рэканструкцыю МТФ ААТ "Вялікі Двор". А таксама будзе прадоўжана рэалізацыя наступных інвестпраектаў: будаўніцтва кацельні ў пасёлку Наваколасава, 24-кватэрнага жылога дома сацыяльнага карыстання ў горадзе Стоўбцы, рэканструкцыя будынка кулінарнага вучылішча пад фізкультурна-аздараўленчы комплекс у Стоўбцах. Інвестыцыйная палітыка Стаўбцоўскага раёна ў 2012 годзе па пазаведамасных арганізацыях будзе накіравана на замацаванне пазітыўных тэндэнцый, якія сфарміраваліся ў эканоміцы раёна, забеспячэнне ўстойлівага эканамічнага росту за лік далейшай актывізацыі ў рэалізацыі інвестыцыйных праектаў.
- Ірына Мікалаеўна, Стаўбцоўшчына мае багатую культурную спадчыну, якую трэба адраджаць. Ці рэалізуецца ў раёне які інвестпраект па адраджэнні нашай спадчыны?
- Так, для рэалізацыі інвестпраекта на тэрыторыі нашага раёна па адраджэнні культурнай спадчыны была пададзена заяўка сялянскай (фермерскай) гаспадаркай "Панскі маёнтак", якая плануе стварыць турыстычную інфраструктуру пры агратурыстычным комплексе гісторыка-культурнай накіраванасці "Панскі маёнтак" у вёсцы Сула на зямельным участку з 11-ці гектараў ДЛФ і двух гектараў зямель Літвенскага сельсавета. Пры рэалізацыі данага праекта плануецца рэканструяваць парк канца ХVІІІ стагоддзя, пабудаваць гасцінічны комплекс на 100 нумароў са SPA-комплексам, не менш за два рэстараны. Намечана абсталяваць верталётную пляцоўку для базіравання верталёта маркі Robinson RAV-1 для здзяйснення аглядных экскурсій па гістарычных месцах Беларусі і транспартных паслуг класа VIP для турыстаў, якія прыбываюць у аэрапорты горада Мінска, набыць верталёт маркі Robinson RAV-1. А таксама добраўпарадкаваць месцы масавага адпачынку, кемпінгі, месцы выезду на конях, пляжы, стварыць шматпрофільную сельскагаспадарчую вытворчасць малочнай прадукцыі, раслінаводства, рыбаводства, лекавых траў, купіць племянны статак буйной рагатай жывёлы, рэканструяваць вядомую аптэку лекавых траў Вількоцкага. Аб'ём інвестыцый не менш за 7 млрд рублёў. Фінансаванне дзейнасці па рэалізацыі інвестпраекта плануецца за ўласныя і крэдытныя сродкі. З гэтай мэтай заключана пагадненне з амерыканскай кампаніяй на прыцягненне інвестыцый у памеры тры млрд руб. у першыя тры гады з перспектывай далейшага фінансавання. Тэрмін рэалізацыі пяць гадоў.
- А якія інвестпраекты ўжо распачаты на тэрыторыі раёна?
- СТАА "Фрэор рэфрыгерайшан" здзяйсняе гаспадарчую дзейнасць з 2010 года. Асноўны накірунак работы - вытворчасць халадзільнага абсталявання для аграпрамысловага комплексу і прадпрыемстваў гандлю. Таксама яны плануюць рэалізаваць інвестпраект па вытворчасці халадзільнага абсталявання на зямельным участку 3,6 га, размешчаным па вуліцы Задвор'енскай у Стоўбцах. Асноўная прадукцыя - вітрыны халадзільныя. Рынкамі збыту будуць Рэспубліка Беларусь, Расійская Федэрацыя, Казахстан, бліжняе замежжа. Па заканчэнні работ плануецца стварыць 60 рабочых месцаў.
ЗЗАТ "Ферролі Бел" праводзіць работы на тэрыторыі раёна па вытворчасці радыятараў і катлоў цэнтральнага ацяплення. Праект плануецца рэалізаваць да верасня 2012 года. Будзе створана 35 рабочых месцаў.
ААТ "БіяБелЭкспарт" - стварэнне вытворчасці па вырабе драўнінных брыкетаў і іншай прадукцыі.
ААТ "Вівалія" ў 2012 годзе плануе прыступіць да рэалізацыі праекта па рэканструкцыі будынка склада пад цэх па дрэваапрацоўцы.
Акрамя таго, плануецца прыцягнуць замежныя інвестыцыі на чыстай аснове за лік далейшага ўкладвання сродкаў замежнымі інвестарамі ў інвестпраекты, якія ўжо раней рэалізаваны.
- А што плануецца пабудаваць ў 2012 годзе?
- У 2012 годзе за кошт усіх крыніц фінансавання плануецца ўвесці ў эксплуатацыю 20000 кв. м жылля. Прадугледжаны ўвод ЖБК "Стоўбцы-1" (60 кватэр, 2639 кв. м), ЖБК "Калінка-1" (120 кватэр, 7628 кв. м), ЖБК "Стоўбцы-2" (80 кватэр, 4629 кв. м) і ЖБК "Стоўбцы-3" (40 кватэр, 2392 кв. м), будаўніцтва жылля сельскагаспадарчымі прадпрыемствамі і будаўніцтва індывідуальнага жылля (2720 кв. м).
Асноўная задача, якая стаіць перад кіраўніцтвам раёна і арганізацыямі ўсіх формаў уласнасці, - зрабіць эканоміку раёна імпартазамяшчальнай, да мінімуму знізіць імпарт, а таксама імкнуцца пашыраць сваю вытворчасць і ў выніку скараціць валютныя затраты за лік імпартазамяшчэння. Ад кожнага кіраўніка патрабуецца праяўленне ініцыятывы, адказнасці і добрасумленнасці. Толькі агульнымі намаганнямі мы зможам дабіцца росквіту нашага рэгіёна.
P.S. На мінулым тыдні адбылося пасяджэнне райвыканкама, на якое былі запрошаны юрыдычныя асобы, прадпрымальнікі, якія яшчэ не распачалі работы на сваіх аб'ектах ці працуюць вельмі марудна. Старшыня райвыканкама з членамі выканкама заслухалі кожнага "віноўніка" і вызначылі ім канкрэтныя тэрміны для рэалізацыі сваіх праектаў.






