У лесаводаў
Нумар - №9-10 Рубрыка - Стаўбцоўшчына – родны край
17.01.2012

У ЛЕС ІДУЦЬ ТЭХНАЛОГІІ
У Кульскім лясніцтве пачалі асвойваць новую, скандынаўскую, тэхналогію распрацоўкі лесасек.
У сувязі з гэтым узнікла патрэба ў вальшчыках, падрыхтаваных да работы ў новых умовах. З рэспубліканскага вучэбнага цэнтра "Рослес" нядаўна вярнуўся вопытны ляснік Міхаіл Чарнамашэнец, які атрымаў другую спецыяльнасць - вальшчыка, і адзін з першых у лясніцтве пачаў працаваць па скандынаўскай тэхналогіі. Услед за Міхаілам Міхайлавічам плануецца пасылаць у спецыялізаваны цэнтр і іншых вальшчыкаў. Вучобу іх аплачвае Стаўбцоўскі доследны лясгас. У лясніцтве працуюць кадры ў асноўным маладыя. Самымі вопытнымі лічацца ляснік-вальшчык Уладзіслаў Чуйко і ляснік Станіслаў Хомчык.
- Ахове працы вальшчыкаў (а гэтая прафесія адносіцца да самых небяспечных у лясной галіне) служаць не толькі грунтоўныя веды, навыкі, а і спецадзенне. Ім усе забяспечаны, - адзначае памочнік ляснічага Мікалай Бурак.
НА СУСТРЭЧУ З ЛІСТОЎНІЦАЙ
Асаблівасцю лясоў у гэтых мясцінах з'яўляецца некалькі плантацый лістоўніцы.
Пасаджаны яны сярод шырока распаўсюджаных хваёвых парод, а самай старэйшай пасадцы ўжо сем гадоў. Крыху раней у Кульскім лясніцтве з'явіліся пасадкі рабіны чарнаплоднай. Ва ўраджайныя гады лесаводы збіраюць добры ўраджай гэтай прыгожай і каштоўнай ягады і здаюць на перапрацоўку. Яны адзначаюць, што па тэрыторыі лясніцтва часткова пралягае заказнік "Налібацкая пушча".
У 2009 годзе ў лясніцтве прайшло лесаўстройства. Да ляснога фонду былі далучаны каля 50 га былых калгасных зямель. Паралельна вядуцца нарыхтоўкі драўніны, высечкі догляду, а з вясны - пасадкі маладога лесу. Сёлета да "пасяўной" кульскім лесаводам неабходна падрыхтаваць плошчу велічынёй чатыры гектары.
Лістоўніца - упрыгажэнне і відавая разнастайнасць кульскіх лясоў, а "візітная картка" лясніцтва - стромкія сосны ды кашлатыя елкі, якія памятаюць Ф. Э. Дзяржынскага, на музейнай сядзібе. Кожны дзень сюды прыязджае шмат гасцей, турыстаў. Святы абавязак лесаводаў - падтрымліваць у навакольных абшарах парадак і чысціню.
ДОБРАЎПАРАДКАВАННЕ БЕЗ ЗАГАРАННЯЎ
Без добраўпарадкавання нельга ўявіць і само лясніцтва. За мінулы год змяніўся пажарны пункт: замест драўлянай будыніны з'явіўся блочны будынак, атынкаваны і пафарбаваны. Абноўлены пункт аснашчаны ўсім неабходным.
У лясніцтве дастаткова і тэхнікі, каб належным чынам ажыццяўляць ахову леса. Не выпадкова, што за мінулы пажаранебяспечны перыяд не было зафіксавана ніводнага факта загарання ў гэтых лясных масівах.






