У свой выхадны
Нумар - №9-10 Рубрыка - Моладзь Стаўбцоўшчыны
17.01.2012
У свой выхадны дзень вадзіцель аварыйна-выратавальнага паста, што ў вёсцы Старына, Генадзь Маліноўскі выратаваў на пажары чалавека.
8 студзеня каля 17 гадзін у Шашках задыміўся бытавы вагончык, устаноўлены на ўчастку для будаўніцтва. Вагончык аблюбаваў мужчына без пэўнага месца жыхарства 1947 года нараджэння. Пажарны, у якога быў выхадны, у гэты час знаходзіўся праз хату, у сваякоў. Калі суседка ўзняла шум, з вагончыка ўжо валіў моцны дым. Пажарны кінуўся туды і вынес яго "жыхара". Мужчына быў у стане алкагольнага ап'янення. З прыкметамі атручэння прадуктамі гарэння ён быў дастаўлены ў раённую бальніцу.
Прычынай пажару стала курэнне. На шчасце, абставіны склаліся так, што ахвяры ўдалося пазбегнуць. Вадзіцель старынскага паста Генадзь Маліноўскі працуе ў раённым аддзеле па надзвычайных сітуацыях з 2002 года, свой учынак лічыць звычайнай з'явай.






