мобильная версия
Прамень

Вернасць

Нумар - №9-10    Рубрыка - Стаўбцоўшчына – родны край

17.01.2012

Фотография 1

Чацвераногі сябар, не здольны на здраду і гатовы служыць да апошняга, сапраўды дастойны самых шчырых пачуццяў. А памятаеце хвалюючы да слёз амерыканскі фільм пра сабаку, які кожны дзень хадзіў на вакзал, верна чакаў свайго гаспадара, і за гэта людзі ўстанавілі яму помнік?  

На жаль, мы не ведаем і не можам даведацца, як звалі аднаго з такіх чацвераногіх, што абнюхвае і праводзіць вачыма кожную машыну на дарозе непадалёку ад возера Кромань. Уся радаслоўная гэтай нямецкай аўчаркі засталася ў мінулым жыцці. Цяпер гэта - стары, з сівой барадой, са зношанымі клыкамі і непрывабным бяльмом на левым воку сабака... Магчыма, ён верай і праўдай служыў гаспадару не адзін дзясятак гадоў, быў з ім не ў адной вандроўцы. Але прайшоў час і надакучыла таму карміць састарэлую і ўжо мала чым карысную жывёліну. Ён узяў і звёз яе з дому. Проста прывёз у незнаёмы лес і пакінуў на выжыванне.

Разумны сабака так і не западозрыў гаспадара ў здрадзе: і сёння ён чакае там, дзе яго "забыліся". Раніцай і  вечарам бяжыць, як на дзяжурства, на старое месца, дзе апошні раз бачыўся з гаспадаром, і ціха ляжыць, скруціўшыся ў клубок, спіць, а як толькі пачуе гул машыны, адразу ўзнімае галаву. А раптам гаспадар вярнуўся па яго?..

"Трэба ж, такая вернасць! - здзіўляюцца высакародству сабачай душы і бывалыя аматары братоў нашых меншых, турысты і рыбакі, што адпачываюць на Кромані. Кінутага сабаку яны галодным не пакінулі. 

Паляўніцтвазнавец са Стоўбцаў Іосіф Грыгарцэвіч, які таксама стаў падкормліваць яго (гісторыя гэтая здарылася побач з яго хутарам-бацькаўшчынай), не стрымлівае прыліву эмоцый:

- Сабака з'явіўся на Кромані яшчэ леташняй вясной, у красавіку. Калі яго выкідвалі, меркавалі, што ён тут не прападзе. Яно так - побач возера са шматлікімі турыстамі. Але ж рабіць гэтак нельга! Сузіраючы пакуты кінутай жывёліны, карцела сфатаграфаваць яе і "запусціць" здымак у інтэрнэт. Да яго зрабіць наступны подпіс: "Адгукніся, гаспадар!"

Сапраўды, калі сабака становіцца абузай для гаспадара, ёсць нямала цывілізаваных спосабаў, каб пазбавіцца ад яго. Напрыклад, можна пашукаць і прыстроіць каму-небудзь са знаёмых. Можна завезці на ферму, дзе ад разумнага вартаўніка таксама могуць не адмовіцца. На худы канец, сабаку можна ўсыпіць… Але не выкідваць жа яго ў лесе як штосьці лішняе, непатрэбнае. 

Сярод розных гісторый, якімі багата жыццё на хутары, Іосіф Грыгарцэвіч прыгадаў выпадак з кошачкай. Мінчане адпачывалі і выпусцілі яе пабегаць. А яна знікла. Колькі ні шукалі - безвынікова. Яе і след прастыў у вялікім лесе. Перад ад'ездам гэтыя людзі пакінулі нумар тэлефона -  прасілі пазваніць, як кошачка знойдзецца. "Гэта ж член нашай сям'і", - ледзьве не плакалі яны. І якая была іх удзячнасць, калі чацвераногая пушыстая свавольніца праз некалькі дзён знайшлася!..

Зрэшты, і ў нічыйнага сабакі з'явіўся гаспадар. Іосіф Грыгарцэвіч забраў яго на свой вялікі хутарскі падворак. Будку прадаставіў яму, наклаў туды духмянага сена: "Жыві тут!" Сабака вольна бегае, стаў брахаць, лашчыцца да дзяцей… На дарогу ходзіць па-ранейшаму. Ды ніхто і не збіраецца яго адваджваць. А клічку далі яму - Верны.

Таццяна ПЯТКЕВІЧ