Выхоўвае бібліятэка
Нумар - №9-10 Рубрыка - Адукацыя
17.01.2012

Заямнаўская сярэдняя школа прыняла бібліятэкараў раёна, каб падзяліцца вопытам работы па выхаванні камунікабельнасці вучняў. Семінар праводзіла бібліятэкар Алена Нікалаева, яна ж - і настаўніца беларускай мовы і літаратуры. Алена Паўлаўна сумела сумясціць і навыкі бібліятэкара, і прафесіяналізм педагога, каб ярка і глыбока раскрыць тэму семінара перад калегамі. Паколькі семінар праходзіў у дні, калі святкавалася 120-годдзе з дня нараджэння паэта Максіма Багдановіча, Алена Нікалаева разам з вучнямі падрыхтавала вусны часопіс, прысвечаны жыццю і творчасці адметнай асобы. У бібліятэцы падрыхтавана выстава літаратуры. А потым бібліятэкараў запрасілі ў кабінет беларускай мовы і літаратуры, які вельмі багата аформлены. Тут ёсць нават экспазіцыя музея слова.
Былі выкарыстаны мультымедыйныя сродкі і задзейнічаны таленты вучняў. Старонкі жыцця паэта перагортваў не толькі відэаэкран. Вучні падрыхтавалі інсцэніроўкі, у якіх нагадалі самыя яркія факты з біяграфіі Максіма Багдановіча. Гэта вельмі добра ўспрымалася. Акрамя таго, члены эстрадна-харавога гуртка выканалі песні на словы Максіма Багдановіча. У гэтым ім дапамог паэт і кампазітар Яўген Карпуць. Ён акампаніраваў вучням. Больш таго, выступіў перад удзельнікамі семінара, прачытаў вершы, прысвечаныя Максіму Багдановічу, звярнуў увагу на тое, як захоўваецца памяць аб паэце ў нашай краіне. Выканаў і музычныя творы.
Усё пасавала адно другому, і госці школы адзначылі высокі ўзровень работы школьнага бібліятэкара па прапагандзе беларускай літаратуры, папулярызацыі мастацкага слова, нацыянальнай культурнай спадчыны.






