З водарам рамонкаў
Нумар - №9-10 Рубрыка - Культура
17.01.2012
Самадзейныя паэты Стаўбцоўшчыны перад Новым годам атрымалі найлепшы падарунак, які маглі жадаць, - іх творы ўвайшлі ў паэтычныя зборнікі, выпушчаныя народным клубам самадзейных паэтаў і кампазітараў "Жывіца" Мінскага абласнога цэнтра народнай творчасці.
На прэзентацыю выданняў у клуб былі запрошаны Яўген Карпуць, Аляксандра Бібікава, Анатоль Маркаў, Міхась Мінцель. Уважылі гэтую падзею вядомыя паэты Беларусі Навум Гальпяровіч, Васіль Жуковіч, Юрась Нераток, рэдактары рэспубліканскіх газет і часопісаў.
У двухтомнік "Мне рамонкі цалуюць калені" ўвайшлі вершы Яўгена Карпуця, Аляксандры Бібікавай, Анатоля Маркава, Міхася Мінцеля, Альдоніі Наўчанковай. Зборнік песень "Незабудкавая таямніца" для Яўгена Карпуця дарагі не толькі тым, што ў ім надрукаваны яго песні, але і тым, што радок з яго твора даў назву кнігі. Акрамя трох песень Яўгена Карпуця на словы аўтара і на вершы Анатоля Маркава, у зборніку змешчана песня на музыку Тамары Барэхавай на словы Яўгена Карпуця.
Выданні прыгожага выдавецкага афармлення даставілі радасць і паэтам, і кампазітарам, якія з'яўляюцца членамі раённага літаратурна-мастацкага аб'яднання "Аўтограф".






