мобильная версия
Прамень

Без скідкі на праблемы

Нумар - №19-20    Рубрыка - Медыцына

31.01.2012

Фотография 1

Прайшоў яшчэ адзін вытворчы год у сферы аховы здароўя раёна. Вянцом яго заўсёды з'яўляецца выніковы медыка-санітарны савет. Свае справаздачныя даклады прадставілі галоўны ўрач цэнтральнай раённай бальніцы Віктар Пярхальскі, галоўны санітарны ўрач раёна Ігар Кунцэвіч, а таксама намеснікі галоўнага ўрача і кіраўнікі падраздзяленняў.

За што толькі не адказваюць медыцынскія работнікі: акрамя сваіх непасрэдных паказчыкаў па медыцынскім абслугоўванні розных катэгорый жыхароў раёна, яшчэ і за дэмаграфічную сітуацыю (стан смяротнасці і нараджальнасці), за выкананне сацыяльных стандартаў дзяржаўных гарантый, за прыцягненне пазабюджэтных сродкаў. Кожнае падраздзяленне мае яшчэ і свае праграмы. Не дзіва, што справаздачны даклад Віктара Пярхальскага і іншых прамоўцаў з трыбуны быў напоўнены лічбамі, якія шмат што гаварылі самім медыкам. Было адзначана, што па пераважнай большасці паказчыкаў, якія ацэньваюць дзейнасць медыцынскай установы, медыкі Стаўбцоўскага раёна спрацавалі ў межах кантрольнага ўзроўню. Галоўны санітарны ўрач Ігар Кунцэвіч таксама засведчыў на канкрэтных фактах, што пры ўзаемадзеянні  і падтрымцы раённай улады, сумесна з лячэбнай сеткай і ведамствамі санітарнай службе ўдалося захаваць санітарна-эпідэміялагічны дабрабыт у раёне. На некаторыя  лічбы, што былі агучаны, хочацца звярнуць увагу і нам, так як яны будуць уяўляць цікавасць для шырокага кола чытачоў.

У мінулым годзе на забеспячэнне дзейнасці медыцынскіх устаноў раёна з бюджэту было выдаткавана 25,5 мільярда рублёў. У разліку на аднаго жыхара раёна нарматыў бюджэтнай забяспечанасці склаў 610 тысяч рублёў. 893 мільёны рублёў склалі расходы на бясплатныя і льготныя лекавыя сродкі. Адно наведванне паліклінікі пацыентам каштавала для дзяржавы 25 599 рублёў, адзін ложка-дзень у стацыянары - 107 тысяч рублёў, адзін выклік хуткай дапамогі - 144 тысячы рублёў. Медыкі адзначалі, што не зжыты яшчэ выпадкі, калі выклік машыны хуткай дапамогі з'яўляецца неабгрунтаваным, чалавек пры гэтым не задумваецца, што нясуцца пры гэтым вялікія расходы. На 957 мільёнаў рублёў аказана платных паслуг насельніцтву, у сярэднім 9 мільёнаў 345 тысяч рублёў на аднаго ўрача, і пры гэтым даведзенае заданне не выканана. Сярод прыемных навін такія. У 2011 годзе адзначана зніжэнне агульнай захваральнасці. Дзяцей нарадзілася   больш, чым летась.

 Па-ранейшаму на першым рэйтынгавым месцы ў статыстыцы прычын смяротнасці застаюцца хваробы сістэмы кровазвароту, на другім - знешнія прычыны смерці, як самазабойствы, атручэнні алкаголем, трагічныя выпадкі, на трэцім - новаўтварэнні. Ёсць яшчэ адна лічба, якая выклікала рэакцыю залы. У мінулым годзе ў раёне памерлі 155 чалавек працаздольнага ўзросту, сярод іх 80 працэнтаў мужчын. Гэтая лічба не засталася без абмеркавання. Урачы канстатуюць, што менавіта мужчыны менш звяртаюць увагі на лад жыцця, не кантралююць ужыванне ежы, алкаголю, піва, цыгарэт. Прычынай многіх захворванняў з'яўляецца лішняя вага. Урачы яшчэ раз нам напамінаюць, што здароўе чалавека ў яго ж руках.

Добразычлівым было выступленне на выніковым медсавеце намесніка начальніка ўпраўлення аховы здароўя аблвыканкама Сяргея Ганчарова. Ён пацвердзіў, што па мадэлях канчатковых вынікаў і іншых даведзеных паказчыках медыкі Стаўбцоўшчыны нядрэнна спрацавалі ў мінулым годзе. На сходзе былі закрануты самыя злабадзённыя пытанні работы медыцынскай установы. У ліку іх па-ранейшаму - кадравае. Сяргей Ганчароў пацвердзіў, што гэта праблема ўсіх раёнаў Мінскай вобласці і іншых рэгіёнаў рэспублікі. Праблема настолькі вострая, што Міністэрства аховы здароўя распрацавала спецыяльную анкету, каб адсачыць, куды дзяюцца кадры медыкаў, планы ж прыёму ў медыцынскія навучальныя ўстановы не змяншаюцца. Былі  прыняты меры для вырашэння кадравай праблемы. У ліку іх - навучанне выпускнікоў мясцовых школ за кошт сродкаў мясцовага бюджэту. Мінаблвыканкамам была прынята адпаведная праграма. У нашым раёне па рашэнні райвыканкама тры студэнты навучаюцца на платнай умове за кошт сродкаў мясцовага бюджэту. Намеснік старшыні райвыканкама Сяргей Шэсцель агучыў гатоўнасць райвыканкама працягваць практыку падрыхтоўкі ўрачоў за кошт мясцовага бюджэту, толькі б гэта было падмацавана нарматыўнымі дакументамі. Узніклі пытанні ў самой працэдуры аплаты  вучобы. Законнасць яе не падмацавана дакументамі на ўзроўні краіны. Мінаблвыканкам выйшаў з хадайніцтвам у парламент рэспублікі, Міністэрства фінансаў аб узаконенні такой формы падрыхтоўкі кадраў. Як сказаў Сяргей Ганчароў, Мінаблвыканкам атрымаў праект Указа Прэзідэнта па  гэтым пытанні. Аднак ён пакуль у стадыі абмеркавання і атрымае сілу, калі Указ будзе прыняты. Прынята рашэнне давучыць тых студэнтаў, з кім заключаны дагаворы, знаходзячы магчымасць аплаціць  вучобу навучальным установам. Да пытання аб кадрах такія лічбы: у цэнтральнай раённай бальніцы застаюцца больш за 20 урачэбных вакансій. З году ў год на ўрачоў накладваецца нагрузка большая, чым прадугледжваюць нарматывы. З якімі высілкамі працуюць медыкі, можна прасачыць толькі па адным аддзяленні - прыёмным, якое ўзначальвае вопытны ўрач Марыя Ярмак. За год прынята 7296 чалавек  (з іх 5029 шпіталізавана)  і 2300 аказана амбулаторная дапамога. Прыёмнае аддзяленне прыняло 971 пацыента, каму быў праведзены медыцынскі агляд на ўтрыманне алкаголю ў крыві, зроблена 2240 электракардыяграм, 353 хірургічныя аперацыі. Прынята 358 пацыентаў з крымінальнымі траўмамі, 45 - з укусамі жывёлін, 179 - з укусамі кляшчоў. У сярэднім у суткі прыёмнае аддзяленне прымае да 30 пацыентаў.

Не абышоў Сяргей Ганчароў і пытанне аказання платных паслуг. Стаўбцоўская райбальніца ў табліцы вобласці па гэтым паказчыку займае не самыя перадавыя пазіцыі. Аблвыканкамам пастаўлена задача хутчэйшага завяршэння капітальнага рамонту будынка, куды плануецца перавесці стаматалагічнае аддзяленне. Пасля ўводу яго адміністрацыі райбальніцы і ўсяму калектыву медыкаў лягчэй будзе выконваць напружаныя планы па пазабюджэтнай дзейнасці. На сучасны момант у цэнтральнай раённай бальніцы аказваеццца 27 відаў платных паслуг, з іх  24 - медыцынскія.

У сваім выступленні Сяргей Шэсцель запэўніў, што ў бюджэце раёна расходы на сферу аховы здароўя застаюцца прыярытэтнымі. На бягучы год на забеспячэнне дзейнасці гэтай галіны выдзяляецца 47 мільярдаў рублёў, амаль у два разы больш, чым у мінулым годзе.

Па традыцыі, на галоўным медыцынскім савеце былі ўзнагароджаны калектывы аддзяленняў, лепшыя працаўнікі граматамі і падзякамі.

Галоўны медсавет даў старт новаму вытворчаму году.

Лана СВЯТЛІЦКАЯ