мобильная версия
Прамень

Большая з меншасцяў

Нумар - №19-20    Рубрыка - Жыццё. Улада. Чалавек

31.01.2012

Фотография 1

Нагодай для інтэрв'ю з Мечыславам Лысым стала выбранне яго старшынёю рэспубліканскага грамадскага аб'яднання "Саюз палякаў на Беларусі". Да гэтага Мечыслаў Часлававіч з'яўляўся намеснікам старшыні Саюза і старшынёю Мінскага абласнога аддзялення. Паралельна Мечыслаў Лысы з'яўляецца дацэнтам інстытута парламентарызму і прадпрымальніцтва, дзе выкладае вышэйшую матэматыку і фінансавую матэматыку. Цікавасць нашай газеты да гэтай асобы выклікана і тым, што Мечыслаў Лысы доўгі час працаваў у нашым раёне, апошнім месцам яго работы была пасада дырэктара Рубяжэвіцкай сярэдняй школы.

- Мечыслаў Часлававіч, інтэрв'ю, канешне ж, пачнём з віншавання з заступленнем на пасаду. Чым выкліканы былі датэрміновыя выбары?

- 14 студзеня ў Гродне адбылося пасяджэнне Галоўнага Савета рэспубліканскага Саюза палякаў у Беларусі. Былы старшыня Станіслаў Сямашка падаў у адстаўку, матывуючы сваё рашэнне сямейнымі абставінамі. Адбыліся выбары новага старшыні.

- Заступаючы на гэтую пасаду ў маштабах рэспублікі, як бачацца вам накірункі дзейнасці арганізацыі, якая аб'ядноўвае польскую супольнасць на беларускай зямлі?

- Канешне ж, будуць працягнуты тыя накірункі работы, якія добра сябе зарэкамендавалі. У першую чаргу, гэта правядзенне фестываляў і свят нацыянальных культур. У гэтым плане ёсць ужо вялікі вопыт работы. Шэсць гадоў назад Стаўбцоўшчына стала першай ластаўкай у правядзенні Дзён польскай культуры. Стаўбцоўская арганізацыя нашага аб'яднання - адна з самых вялікіх на Міншчыне, больш за 20 працэнтаў жыхароў раёна адносяць сябе да польскай нацыянальнасці. Невыпадкова менавіта ў Стоўбцах прайшло гэта вялікае свята, да якога супрычыніліся ўлады, установы адукацыі, культуры. Далей эстафету прынялі Нясвіж, Валожын, Маладзечна, Івянец. У мінулым годзе такое свята прайшло крыху ў іншым фармаце. Мы прымалі ў сябе ў Беларусі польскі Дзяржаўны ансамбль "Сьлёнск", у складзе якога 100 чалавек: аркестр, танцоры, спевакі. Канцэрты прайшлі ў Палацы Рэспублікі і ў Маладзечанскім палацы культуры. Гэта быў значны крок да збліжэння палякаў абедзвюх краін. Ёсць дамоўленасць на далейшыя абменныя гастролі. Польшча гатова прыняць нашых артыстаў. Цяпер мы працуем над тым, якія мастацкія калектывы накіраваць у такое турнэ за мяжу. Восенню зноў запросім польскія творчыя калектывы, якія выступяць у розных беларускіх гарадах, не толькі ў сталіцы. Такія маштабныя мерапрыемствы служаць папулярызацыі польскай культуры. Наогул, наша грамадская арганізацыя ў першую чаргу заклікана спрыяць захаванню культурных традыцый.

- Якія яшчэ накірункі работы польскай нацыянальнай меншасці ў Беларусі, самай масавай сярод іншых, найбольш адметныя?

- Праводзім вялікую арганізацыйную работу па прадастаўленні жадаючым магчымасці вывучаць польскую мову: гэта падбор кадраў для выкладання, а таксама ўмоў для правядзення заняткаў. Усякая культура пачынаецца з шанавання сваёй мовы, гэта падмурак, на якім яна трымаецца. Вывучэнне мовы ажыццяўляецца двума шляхамі: традыцыйным, праз работу факультатываў пры агульнаадукацыйных школах, і тут мы адчуваем вялікую падтрымку сферы адукацыі, і праз стварэнне курсаў пры нашых дамах польскіх у рэгіёнах, а таксама ў Мінску. Колькасць жадаючых вывучаць мову сваёй нацыі не змяншаецца, кожны год толькі праз навучанне на факультатывах гэта не менш за 500 чалавек. Такая ж прыкладна колькасць слухачоў па Мінскай вобласці вывучае польскую мову пры дамах польскіх. Важным накірункам дзейнасці грамадскага аб'яднання з'яўляецца аздараўленне дзяцей у час летніх канікул. Толькі з Мінскай вобласці кожным летам у Польшчы аздараўляюцца 150-200 дзяцей.

- Якія бліжэйшыя планы Саюза палякаў у Беларусі?

- Ва ўсіх аддзелах адзначаны калядныя святы, прычым вельмі адметна.  Нядаўна закончыўся абласны адборачны тур на фестываль нацыянальных культур. Ён праходзіць раз у два гады ў Гродне. У гэты горад з'язджаецца шмат нацыянальных меншасцяў з дэманстрацыяй сваёй культуры, нацыянальнай кухні, традыцый, абрадаў. Гродна ў гэтыя дні пагружаецца ў асяроддзе шматнацыянальнай культуры. У сакавіку майстроў народнай творчасці зноў запросіць традыцыйнае свята рамёстваў "Казюкі". Да 140 майстроў Мінскай вобласці выстаўляюць свае мастацкія работы - арыгінальныя, выкананыя ў адным экземпляры. Нямала аматараў набыць для сябе гэтыя творы мастацтва. Калі гаварыць пра ўрачыстасці рэспубліканскага маштабу, то найперш трэба адзначыць фестываль у культуры трох народаў - "Аўгустоўскі канал". Ініцыятарам гэтай урачыстасці, якая набыла вялікі размах, выступіла якраз польская супольнасць. На свята з'язджаюцца з вялікай канцэртнай праграмай мастацкія калектывы Беларусі, Польшчы, Літвы, зноў жа працуе горад майстроў. Свята набыло такую папулярнасць, што яно збірае больш за 10 тысяч чалавек. У Слоніме мы праводзім фестываль паланэзу, ён праходзіць у выглядзе конкурсу. Некалькі гадоў пераможцам у ім выходзіў духавы аркестр з Рубяжэвіч пад кіраўніцтвам Тадэвуша Сабалеўскага. Гэты аркестр у прыгожых касцюмах і ўзначальвае парад - калона рухаецца ад касцёла да Дома культуры. Вельмі прыгожа ўсё адбываецца. Наша арганізацыя мае паразуменне з уладамі ў рэгіёнах - райвыканкамамі, абласным выканаўчым камітэтам. Мы заўсёды адчуваем іх падтрымку ў правядзенні мерапрыемстваў, урачыстасці адбываюцца на дастойным узроўні. Выдатна наладжана ў нас супрацоўніцтва са Стаўбцоўскім райвыканкамам і яго аддзеламі, выказваю ўдзячнасць і прызнанне за гэта.

- Мечыслаў Часлававіч, пэўна ж, польская супольнасць як самая вялікая ў нацыянальным асяроддзі прадстаўнікоў іншых нацыянальнасцяў у Беларусі мае і свае перыядычныя выданні?

- Так, ужо 20 гадоў (сёлетні год - юбілейны) выдаецца штотыднёвая газета "Глос з-над Немна" і часопіс-квартальнік "Магазін польскі". Выданні змяшчаюць шмат гістарычных артыкулаў, паведамляюць пра навіны. Падпісчыкі атрымліваюць перыядычныя выданні па пошце. Актыўным аўтарам газеты "Глос з-над Немна" з'яўляецца кіраўнік польскага аддзела ў Рубяжэвічах Ядвіга Календа. Дарэчы, Ядвіга Уладзіміраўна ўзначальвае польскі аддзел з дня заснавання Саюза палякаў у Беларусі - гэта канец 80-х гадоў. Вельмі актыўны, ініцыятыўны старшыня.

- Нельга не закрануць пытанне, якое набыло вялікі рэзананс у грамадстве - існаванне ў Беларусі афіцыйнага і неафіцыйнага Саюзаў палякаў. Якая ваша асабістая пазіцыя ў гэтым пытанні?

- Адносіны да польскага пытання ў Беларусі сапраўды не могуць не звярнуць на сябе ўвагу. Як бачыцца нам, многія бар'еры і перашкоды ў дзейнасці ствараюцца штучна. Гэта нонсэнс, калі актыўныя палякі Беларусі атрымалі забарону польскіх улад на ўезд у Польшчу. Наша аб'яднанне палякаў у Беларусі мае добрыя кантакты з такімі ж польскімі супольнасцямі ў Германіі, Расіі, краінах Прыбалтыкі, цяпер вось завязваюцца сувязі з палякамі, якія пражываюць у Злучаных Штатах Амерыкі. Я спадзяюся, што гэтыя непаразуменні, якія ўзніклі, носяць часовы характар. Раскол, што атрымаўся, штучны, нам няма чаго дзяліць, патрэбна аб'ядноўвацца і будаваць сваё жыццё ў згодзе, паразуменні, міры. Ад гэтага ўсе выйграюць. Ёсць такое імкненне з нашага боку - спакойна падступіцца да гэтага пытання, расставіць усе кропкі над "і", і да новага з'езда Саюза палякаў у Беларусі, які адбудзецца летам 2013 года, падысці з новымі падыходамі, з новымі напрацоўкамі, каб згладзіць, выраўняць гэтую сітуацыю.

Лана СВЯТЛІЦКАЯ