Хто ў адказе за жалезны век?
Нумар - №19-20 Рубрыка - Духоўная і гістарычная спадчына
31.01.2012

Асобны накірунак работы аддзела культуры райвыканкама - ахова помнікаў, якія занесены ў Дзяржаўны спіс гісторыка-культурных каштоўнасцяў Рэспублікі Беларусь. Адказвае за гэты ўчастак работы ў нас у раёне метадыст аддзела культуры Наталля Радомская. За апошнія два гады ёю праведзена вялікая работа па падрыхтоўцы ахоўных абавязацельстваў новага ўзору на ўсе аб'екты - іх 21, а таксама пашпартоў і ўліковых картак.
У ходзе гэтай работы ўпарадкавана і дакументацыя па ведамаснай прыналежнасці гісторыка-культурных каштоўнасцяў, у першую чаргу гэта датычыць помнікаў археалогіі. Іх на тэрыторыі раёна 8. Паводле новай дакументацыі адказнасць за захаванне помнікаў накладваецца на арганізацыі, на чыёй тэрыторыі яны знаходзяцца.
Так, у ведамства Рубяжэвіцкага лясніцтва перайшло Гарадзішча перыяду жалезнага веку. На тры курганы са статусам гістарычнай каштоўнасці, якая ахоўваецца дзяржавай, папоўнілася лясная скарбніца Апечкаўскага лясніцтва. Адзін помнік археалогіі ў Васілеўшчыне перайшоў з ведамства Літвенскага сельвыканкама адкрытаму акцыянернаму таварыству "Рочавічы". Акінчыцкае лясніцтва прыняло на 269-гектарнай плошчы Коласаўскі заказнік з чатырма мемарыяльнымі сядзібамі і мастацка-мемарыяльным комплексам драўляных скульптур "Шлях Коласа".
З ведамства Мікалаеўшчынскага сельвыканкама ААТ "Радзіма Якуба Коласа" перайшлі паселішча і стаянка перыяду каменнага веку, ААТ "Вішнявецкі-агра" - паселішча і стаянка каменнага і бронзавага вякоў.
У ходзе гэтай няпростай работы па правільным афармленні дакументаў у іншым ведамстве цяпер брацкая магіла на Плошчы Бессмяротнасці ў райцэнтры і магіла Авяніра Касценчыка на гарадскіх могілках - цяпер за іх адказвае аб'яднанне камунальных службаў.
Ведамствы, на тэрыторыі якіх знаходзяцца аб'екты са статусам нацыянальнай каштоўнасці, нясуць адказнасць перад дзяржавай за іх належнае ўтрыманне.






