Кароткім радком
Нумар - №19-20 Рубрыка - Афіцыйна
31.01.2012

У НАШАЙ КРАІНЕ
Беларуска Вікторыя Азаранка ўпершыню ў кар'еры выйграла турнір серыі "Вялікага шлема" - адкрыты чэмпіянат Аўстраліі па тэнісе. Гэта дало магчымасць ёй таксама ўпершыню стаць першай у сусветным рэйтынгу. На кортах "Мельбурн Парку" 28 студзеня ў вырашальным паядынку адзіночнага разраду Australian Open лепшая беларуская тэнісістка абыграла расіянку Марыю Шарапаву - 6:3, 6:0. Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка павіншаваў Вікторыю Азаранка з перамогай на турніры Australian Open і ўзнагародзіў ордэнам Айчыны ІІІ ступені.
У Беларусі з 1 лютага па 30 красавіка бягучага года будуць дзейнічаць новыя памеры мінімальных спажывецкіх бюджэтаў для васьмі сацыяльна-дэмаграфічных груп насельніцтва. Сярэднедушавы мінімальны спажывецкі бюджэт сям'і з чатырох чалавек з 1 лютага гэтага года складзе Br1 млн 101 тыс. 440 у разліку на месяц. Гэта на 24,3 працэнта перавышае дзеючы з 1 лістапада 2011 года нарматыў.
У мінулым годзе ў Беларусі былі адкрыты тры аддзяленні дзённага знаходжання для грамадзян пажылога ўзросту - у Віцебскай, Гродзенскай і Магілёўскай абласцях. Яны ўпершыню створаны ў структуры тэрытарыяльных цэнтраў сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва (ТЦСАН). Такія аддзяленні прадастаўляюць старым догляд на працягу дня - тут створаны ўмовы для падтрымання актыўнага ладу жыцця, арганізуецца вольны час. Арганізацыя работы такіх новых для нашай краіны структурных падраздзяленняў прадугледжана Комплекснай праграмай развіцця сацыяльнага абслугоўвання на 2011-2015 гады.
Паводле аператыўных даных, колькасць насельніцтва Беларусі на 1 студзеня 2012 года склала 9 млн 465,4 тыс. чалавек, паведаміла прэс-сакратар Нацыянальнага статыстычнага камітэта Алена Кандраценка. У Беларусі ў мінулым годзе нарадзілася 109 тыс. 364 дзіцяці - на 1 тыс. 314 малышоў больш у параўнанні з 2010 годам.
У ВОБЛАСЦІ
Старшыня Мінскага аблвыканкама Барыс Батура, міністр культуры Павел Латушка і старшыня Нясвіжскага райвыканкама Іван Крупко 27 студзеня афіцыйна адкрылі рэспубліканскую акцыю "Культурная сталіца Беларусі 2012 года". У час цырымоніі адкрыцця культурнай сталіцы сёлетняга года, на якой прысутнічалі прадстаўнікі дыпламатычнага корпуса, дзеячы культуры і мастацтва нашай краіны і замежжа, у гарадской ратушы былі перададзены адпаведныя сертыфікат і сімвал, падпісана праграма мерапрыемстваў.






