Маршрутная сетка скарачацца не будзе
Нумар - №19-20 Рубрыка - Прамая лінія
31.01.2012

- Усе аўтобусныя маршруты дзейнічаюць, - паведаміў да пачатку прамой лініі дырэктар аўтапарка № 17 Іван Бычкевіч. - На фінішы 2011 года прадпрыемства адчувала цяжкасці, але сітуацыя стабілізавалася дзякуючы дапамозе райвыканкама. Былі выдадзены дадатковыя субсідыі.
Новы год пачынаецца таксама нялёгка. З аўтапрадпрыемствам, якое ажыццяўляе і грузаперавозкі, не спяшаюцца разлічвацца заказчыкі. У іх ролі выступаюць пераважна дарожныя арганізацыі. У цэлым дэбіторская запазычанасць перасягнула 800 мільёнаў рублёў.
Ад жыхароў вёсак Кнотаўшчына, Любкаўшчына, Жыгалкі паступіла просьба, каб першы рэйс аўтобуса меў прыпынак побач з раённай бальніцай. Аналагічная просьба - і ад вяскоўцаў са Сцяцкоў. Старым і нямоглым людзям, якія едуць у паліклініку, прыходзіцца выходзіць на прыпынку каля дзіцячага сада ці гаспадарчага магазіна.
- Мы гатовы пайсці на гэта пры наяўнасці абсталяванага прыпыначнага пункта, узгодненага з Дзяржаўтаінспекцыяй. Пытанне гэта не ў кампетэнцыі аўтапарка. Асноўнае, што ўплывае на выбар месца для прыпынку, - бяспечнасць пасажыраў пры пасадцы і высадцы. У раёне бальніцы на нешырокай двухпалоснай дарозе ажыўлены транспартны рух, абочыны застаўлены машынамі. Гэта трэба ўлічваць. І іншае. Калі, напрыклад, зрабіць прыпыначны пункт каля бальніцы, то аўтобусу прыйдзецца вяртацца на вакзал па іншым, больш працяглым маршруце, што прывядзе да падаражання білета для ўсіх пасажыраў. Рух па самым прамым шляху - па вуліцы Дзяржынскага і Цітова - закрыты для нашых аўтобусаў, бо ўмовы для праезду аўтобусаў не адпавядаюць бяспечнаму руху. На скрыжаванні гэтых вуліц неаднаразова адбываліся дарожна-транспартныя здарэнні.
Жыхары Сцяцкоў цікавіліся, чаму яны аплачваюць праезд да вакзала, хаця едуць, напрыклад, толькі да рэстарана "Турыст"?
- Ёсць такое паняцце як прыгарадны аўтобус. Правіламі перавозкі ў такім аўтобусе прадугледжаны адзін прыпынак - вакзал. А што датычыць кошту білетаў, то тарыфы ў гарадскіх і прыгарадных маршрутах устанаўліваюцца аблвыканкамам, на міжгароднія пасажырскія перавозкі - аўтапрадпрыемствам.
Жыхары вёскі Дружная: "Хацелася б, каб праз нашую вёску праходзіў аўтобус Стоўбцы - Налібакі".
- Праз Дружную штодзённа праходзіць аўтобус Стоўбцы - Куль тры разы на дзень. Лічу, гэтага дастаткова. Заварочваць сюды ўсе аўтобусы немэтазгодна. Да Дружнай будзе ехаць некалькі пасажыраў, а ўсім прыйдзецца дадаткова даплачваць за білет, ды і павялічыцца час знаходжання ў дарозе. Згодна з сацыяльнымі стандартамі, сельскі населены пункт павінен быць ахоплены аўтобусным рухам не менш чым два разы на тыдзень па два абароты (туды і назад).
Р. П. Гавака і іншыя жыхары Хутара Барка непакоіліся: "Ці будуць скарачацца маршруты? Хацелі б, каб аўтобус хадзіў да нас так, як цяпер". Г. Ф. Маз ад імя жыхароў Шашкоў і Тулёнкі цікавілася: "Ці застанецца маршрут Стоўбцы - Старына?"
- Ніякіх скарачэнняў у маршрутнай сетцы не плануецца. Будзем абслугоўваць іх па-ранейшаму, нягледзячы на стратнасць большасці маршрутаў. Скажу, што пры захаванні дзеючай маршрутнай сеткі (тры гарадскія і 24 прыгарадныя маршруты, а таксама сезонныя ў вясенне-асенні перыяд) страты могуць скласці прыкладна 120 мільёнаў рублёў у месяц.
Жыхарка Сцяцкоў А. С. Круглік задала пытанне адносна абсталявання дадатковага прыпынку на выездзе з вёскі. Жыхары Старыны прасілі зладзіць на прыпыначным пункце хаця б дах, каб не капала на галаву.
- З гэтымі пытаннямі трэба звяртацца ў дарожную арганізацыю, якая абслугоўвае дарогу. Нашы аўтобусы гатовы спыняцца там, дзе ёсць заезд ці прыпыначная "кішэня". Вадзіцель мае права спыняцца толькі на тых прыпынках, якія абсталяваны, узгоднены з ДАІ.
Са Сцяцкоў цікавіліся таксама: як дабрацца са Стоўбцаў вечарам?
- Аўтобус Стоўбцы - Зарэчча быў адменены, таму што праз гадзіну ў гэтым накірунку ідзе аўтобус Стоўбцы - Ціскаўшчына. Трэба пачакаць яго.
Стаўбчанка пацікавілася: "Чаму знялі аўтобус на Коласава? На ім зручна было дабірацца ў Слабаду на работу".
- Гэта сезонны аўтобус да пасёлка Энергетык, які быў пушчаны для дачнікаў. З восені ён закрываецца і пачне курсіраваць вясною. Дабірацца са Стоўбцаў на работу ў Слабаду можна будзе на ранішнім рэйсе аўтобуса на Мінск. У бліжэйшы час плануем адкрыць на гэтым маршруце афіцыйны прыпынак у Слабадзе.
Стаўбчанка Т. К. Казей і жыхары г. п. Івянец: "Немагчыма даехаць у Івянец да сваякоў. Хоць бы раз у месяц хадзіў туды аўтобус. Як даехаць з Івянца ў блізляжачыя вёскі".
- Згодзен з вамі, што ёсць праблема. Я чую і ад жыхароў дзераўнянскага накірунку, што не могуць звязацца са сваімі сваякамі, якія пражываюць у Івянцы. У свой час мы абслугоўвалі маршрут Івянец - Цеснавая, а потым яго даручылі аўтапарку № 14 Валожына. Яны папрацавалі на ім некалькі тыдняў і з-за адсутнасці пасажыраў закрылі маршрут. Вам неабходна звярнуцца да іх.
Стаўбчанка Т. М. Шалькевіч: "Ці плануецца рух аўтобусаў па вуліцы Міру і ці можна пусціць раніцай другі рэйс аўтобуса Стоўбцы - Акінчыцы? Пасажыраў шмат, і калі на маршруце працуе іншы аўтобус, а не "МАЗ", то ў салоне цесна, некаторыя ўвогуле не могуць зайсці, так і застаюцца на прыпынку...
- Пытанне руху аўтобусаў на вуліцы Міру разгледзім. Неабходна вывучыць яго. У напрамку Стоўбцы - Акінчыцы курсіруе, як правіла, вялікі аўтобус "МАЗ". Мы яго не задзейнічаем на іншых маршрутах. Бывае, здараюцца паломкі, тады замяняем аўтобусам "КАВЗ". Нязручнасці ёсць, але яны часовыя. Другі рэйс наўрад ці патрэбны, бо па гэтым маршруце вяртаецца і аўтобус Стоўбцы - пансіянат, можна на ім заехаць.
Жыхар мікрараёна Акінчыцы пацікавіўся раскладам руху гарадскіх аўтобусаў да Акінчыцаў.
- З першага па пяты дзень тыдня аўтобус адпраўляецца з аўтастанцыі Стоўбцы ў 06.20, 07.10, 11.40, 17.10, 18.10 і 19.35, а ў шосты і сёмы дні тыдня (выхадныя) - у 07.10, 11.40 і 17.10.
Жыхары вуліцы 17 Верасня, якія працуюць на філіяле маторнага завода: "Як дабрацца на ранішнім аўтобусе да завода? Нярэдка бываюць яго зрывы. Калі першы рэйс аўтобуса Акінчыцы - Стоўбцы пусціць на 10-15 мінут раней, то адпадае неабходнасць у маршрутным аўтобусе "Горад-3".
- Падвоз работнікаў маторнага завода на прадпрыемства - гэта тэхналагічныя перавозкі, за якія філіял маторнага завода павінен кампенсаваць нашыя страты. Для нас гэтыя перавозкі ў ліку самых стратных. Назад аўтобус ідзе пусты. Вашую прапанову разгледзім і паспрабуем адкарэкціраваць час адпраўлення аўтобуса Акінчыцы - Стоўбцы.
П. Валадзько з Любкаўшчыны: "Ці нельга пусціць аўтобус да нашай вёскі ў абедзенны час?"
- Ёсць сацыяльныя стандарты. Два абароты ў дзень на Жыгалкі - гэтага дастаткова. Акупнасць іх невялікая. Яшчэ і дадатковы рэйс уводзіць? Днём ідзе аўтобус да Ахрэмавіч. На ім можна даехаць да Пагарэлага, а там прайсці.
Паштальён Л. А. Кажамяка з Ячнага прасіла аб увядзенні дадатковага рэйса, каб была магчымасць развозіць пошту, і звяртала ўвагу на нясвоечасовае адпраўленне аўтобусаў з вакзала.
- Раённы вузел паштовай сувязі павінен дапамагаць вам давозіць пошту зімою. Мы не можам падстроіцца пад вас і пусціць аўтобус на Зарэчча або Ціскаўшчыну ў іншы час. Каго будзем вазіць? Раніцай жа людзі едуць на работу. А з нясвоечасовым адпраўленнем аўтобусаў разбяромся.
Г. І. Амельчыц з Ператокаў: "Аўтобус Стоўбцы - Залужжа на 17.30 ідзе праз Раёўшчыну і вяртаецца па прамой, а нашы Скамарошкі і Ператокі застаюцца ў баку".
- Мы пайшлі на гэта, каб зменшыць страты. Пасажыраў на ім нямнога, і гравійная дарога выбіта. У вас жа ёсць выхад: можна сесці на гэты ж аўтобус, толькі трэба праехаць на круг. Білет, зразумела, будзе каштаваць крыху даражэй.
К. К. Пальчык са Слабодкі: "Нам прыходзіцца ехаць на круг, пераплачваць за білет. Як пусціць да нас прамы аўтобус?"
- Аўтобус Стоўбцы - Слабодка ідзе праз Ініцу, Цвіркі, Градкі, Віскачы, каб ахапіць усіх аўтобусным рухам. Разгледзім вашую прапанову і дадаткова праінфармуем праз газету.
Жыхары Пільніцы наракалі, што да іх не даходзяць аўтобусы.
- Вырашым пытанне. Мною ўжо дадзена даручэнне на гэты конт аддзелу перавозак.
К. В. Дудак са Старыны: "Як прыстасаваць адпраўленне са Стоўбцаў вячэрняга "старынскага" аўтобуса пад электрычку, а таксама пусціць на Старыну дзённы рэйс?"
- Наколькі мне вядома, людзі задаволены дзеючым раскладам. А пускаць два аўтобусы адзін за адным у бок Шашкоў - нерацыянальна. У вашым напрамку дастаткова і дзённых рэйсаў аўтобусаў, якімі можна даехаць да Старыны. Абедзенны рэйс не плануецца.






