Перасяленне за даўгі
Нумар - №19-20 Рубрыка - Жыццё. Улада. Чалавек
31.01.2012
Новы год адзін са стаўбцоўскіх пенсіянераў - злосны неплацельшчык за камунальныя паслугі - сустрэў у "новай" кватэры.
Рашэннем суда ён быў пераселены ў іншае жыллё, з меншай камфартабельнасцю і сціплейшае па плошчы.
Да хранічнай, на працягу не аднаго года, запазычанасці трэба дабавіць і парушэнне даўжніком санітарных правіл. У кватэры па вул. Ленінскай, 48 (яна з'яўляецца службовай) ён развёў сырасць, ледзьве не размарозіў водаправод ва ўсім шматкватэрным доме. Што і казаць, беднымі аказаліся ў гэтай сітуацыі суседзі, бо сам неахайны жылец доўгі час фактычна не пражываў у гэтай кватэры і ніякіх мер па прывядзенні яе ў парадак не прымаў.
Судовая цяжба з ім цягнулася два гады. Камунальнікі спрабавалі прымяняць і гуманныя меры, але сітуацыя заставалася на дзіва стабільнай. Пасля рашэння суда пенсіянеру выдзелена іншае жыллё. Цяпер з пенсіі яму прыйдзецца разлічвацца па даўгах і плаціць за пражыванне ў "новай" кватэры.
Праблема камунальных неплацяжоў не губляе сваёй актуальнасці. Сёння ў аб'яднанні камунальных службаў назбіралася 92 мільёны рублёў пратэрмінаванай запазычанасці. Крайняя мера - перасяленне хранічных даўжнікоў - пакуль мала распаўсюджана, бо ў горадзе адсутнічае абменны жыллёвы фонд.






