мобильная версия
Прамень

Пра клёцкі на бярозавым соку

Нумар - №19-20    Рубрыка - На сувязі – рэдакцыя

31.01.2012

Якіх толькі навін не прачытаеш у пісьмах нашых юных карэспандэнтаў! Вучань Дзераўнянскай СШ Павел Ціхановіч расказаў, што ўсе яго дамашнія з вялікім задавальненнем перачытваюць паэму Якуба Коласа "Новая зямля". Напісана яна такой сакавітай мовай, што малюнкі ў вачах усплываюць як жывыя. Больш таго, можна ж яшчэ і шмат чаму навучыцца. Напрыклад, зварыць клёцкі на бярозавым соку, як некалі рабіў дзядзька Антось. Павел сцвярджае, што выйшла такая смаката, што нават і суседзям не сорамна было прапанаваць.

Вучаніца гэтай жа школы Вікторыя Анісько паведамляе, як змястоўна праходзяць у навучальнай установе гадзіны інфармавання: "У старэйшых класах кожны тыдзень праводзяцца тэматычная і аглядавая гадзіны. Выкарыстоўваюцца геаграфічныя карты, калі апавядаецца пра падзеі за мяжою. Рабяты вучацца самастойна працаваць з перыядычнымі выданнямі, выбіраць галоўнае".

Настасся Дзюдалава, таксама член гуртка "Юны карэспандэнт" Дзераўнянскай СШ, прысвяціла свой допіс рабоце школьнай бібліятэкі. У Год кнігі намечана правядзенне тэматычных тыдняў, канферэнцый, абмеркаванняў, дыспутаў, творчых вечароў.

Трэцякласніца Лізавета Грыгарцэвіч з гэтай жа школы расказала пра тое, каго яна любіць у сваім жыцці.

Юныя карэспандэнты Старасвержанскай СШ Таццяна Коршык і Кацярына Рыцько паведамілі аб мерапрыемствах, што прайшлі ў школе і былі прысвечаны юбілею з дня нараджэння паэта Максіма Багдановіча: "Тыдзень, прысвечаны Максіму Багдановічу, арганізавалі настаўнікі беларускай мовы і літаратуры Я. М. Сідарэнка і Л. А. Кручок разам з вучнёўскім актывам. Прайшлі творчыя конкурсы чытальнікаў, конкурсы малюнкаў, літаратурная гасцёўня. У ходзе гэтых мерапрыемстваў вучні даведаліся шмат новага і цікавага з жыцця Максіма Багдановіча".

Лана СВЯТЛІЦКАЯ