Сельская гаспадарка Стаўбцоўшчыны
Нумар - №19-20 Рубрыка - Сельская гаспадарка
31.01.2012

УТУЛЬНЕЙ І ЦЯПЛЕЙ
Механічная майстэрня і аўтагаражы сельгаставарыства "Вялікі Двор" заўсёды вылучаліся сярод аднатыпных у гаспадарках раёна яны ў ліку лепшых па створаных умовах працы. Пастаянна працуе душавая, камфортна ў пакоі для адпачынку і прыёму ежы. А нядаўна правялі рамонт у вытворчых памяшканнях, яны набылі новы выгляд. Поўнасцю забетанавана падлога, адрамантаваны аглядавыя ямы. Заменены на шклопакеты вокны і ўстаноўлены ўцепленыя шчыльныя металічныя дзверы - стала цяплей, пазбавіліся і скразнякоў. Новым шыферам накрылі павеці для захоўвання тэхнікі.
ПАСТАВЯЦЬ І ПЯЦІТОННІК
Штодзень жывёлаводы МТФ "Вялікі Двор" надойваюць ад кароў у сярэднім каля дзесяці тон малака, вытворчасць якога пастаянна павялічваецца. А гэта значыць, што наяўны халадзільнік у хуткім часе не зможа ўмясціць усю прадукцыю. Улічыўшы сітуацыю, кіраўніцтва гаспадаркі разлічвае закупіць яшчэ адзін, таксама закрытага тыпу. Выпуск такіх халадзільнікаў, а набудуць пяцітоннік, наладжаны ў Нясвіжскім райаграсэрвісе. Варта дадаць, што халадзільнае абсталяванне апрабавана ў многіх сельгаставарыствах раёна і прыйшлося даспадобы вытворцам.
ПА НЯМЕЦКАЙ ЛІЦЭНЗІІ
Сёлета пад кукурузай у сельгаставарыствах будзе занята 8100 гектараў. Практычна ўсе з адведзеных на зерне, а гэта 2600 гектараў, будуць засеяны больш ураджайным насеннем замежнай селекцыі. Айчынныя сарты плануецца высяваць пераважна на атрыманне зялёнай масы. На сёння па раёне набыта 43 тоны насення сартоў "палескі" і "алмаз", вытворчасць якіх ажыццяўляецца па нямецкай ліцэнзіі, а таксама шэсць тон сорту "клемэнтэ" плануе купіць ААТ "Шашкі". Варта дадаць, што ПДСУП "Профі-Аграцэнтр" разлічвае скарыстаць на вырошчванне кукурузы толькі імпартнае насенне.






