Спартыўныя традыцыі Стаўбцоўшчыны
Нумар - №19-20 Рубрыка - Спорт
31.01.2012

А ГАСПАДАРЫ СТАРАЛІСЯ
На базе Дзераўнянскага ФАКа "Меліяратар" праведзены турнір на першынство раёна па валейболе сярод навучэнцаў агульнаадукацыйных школ. Першае месца сярод дзяўчат заняла каманда "Дзераўная-1", другое - "Налібакі", трэцяе - "Дзераўная-2". Першыя два месцы па выніках спаборніцтваў юнакоў размеркаваліся ў такім жа парадку, а вось трэцім прызёрам стала каманда "Любкаўшчына".
Аддзел адукацыі райвыканкама і дырэкцыя Стаўбцоўскай ДЮСШ адзначылі добрыя ўмовы спаборніцтваў і якаснае судзейства. Работнікі ФАКа "Меліяратар" (дырэктар С. Сахар) і Дзераўнянскай ДЮСШ (дырэктар А. Бурак) пастараліся. Ды вось шкада, што толькі Дзераўнянская, Налібацкая і Любкаўшчынская сярэднія школы выставілі свае каманды, як бачна, дзераўнянцы ажно дзве. Зразумела, яны і сталі ўсе прызёрамі. А дзе ж іншыя школы?
ПА ТРАДЫЦЫІ
Спартыўныя традыцыі паспяховых выступленняў, безумоўна, грунтуюцца на плённай рабоце трэнераў. Можна сказаць, сваю школу настольнага тэнісу ў раёне стварыў Пётр Цімкоў. Да раскрыцця таямніц "малой ракеткі" далучаюцца ўсё новыя юныя аматары спорту. Так і каманда хлопчыкаў і дзяўчынак 1997 года нараджэння і маладзейшых са Стаўбцоўшчыны не падвяла ў Барысаве на турніры Спартакіяды ДЮСШ Мінскай вобласці. Наш калектыў заняў прызавое трэцяе месца.
У састаў каманды ўваходзілі навучэнцы Тонаўскай СШ, дзе творча працуе настаўніца фізічнай культуры Марыя Садоўская, а таксама Налібацкай СШ. А курыраваў каманду трэнер Стаўбцоўскай ДЮСШ Пётр Цімкоў, пра якога ўжо згадвалася.






