Звычайная сялянская біяграфія
Нумар - №19-20 Рубрыка - Сельская гаспадарка
31.01.2012

У механізатара Паўла Мазаніка з Цеснавой (на здымку злева), як ён лічыць, звычайная сялянская біяграфія. Яго бацька Мар'ян Міхайлавіч таксама быў механізатарам, адпрацаваў у гаспадарцы звыш сарака гадоў, а маці Ганна Паўлаўна завіхалася ў паляводстве. З пяцярых дзяцей Мазанікаў толькі Павел застаўся працаваць у роднай гаспадарцы.
Трыццаць гадоў прайшло з таго часу, як Павел Мар'янавіч скончыў школу і прыйшоў на працу ў калгас. Успамінае, што даручылі яму тады ўжо далёка не новы "МТЗ-50", але і гэтай тэхніцы абрадаваўся - хоць і старэнькая, але на ёй зрабіў першы крок у самастойны працоўны шлях. Пасля арміі (служыў у ваенна-паветраных войсках у Эстоніі) вярнуўся з сяржанцкімі "лычкамі". Высокі, статны, ну чым не жаніх! Неўзабаве стварыў сям'ю. Жонка Яніна Казіміраўна таксама з мясцовых, таму і засталіся ў вёсцы, тым больш, што калгас выдзеліў маладой сям'і новы дом. І новага трактара дачакаўся. Каля двух гадоў на "Т-150" адпрацаваў, прапанавалі больш магутны - "К-700". Дваццаць тры гады надзейна служыла тэхніка свайму гаспадару, бо добра даглядаў яе. Дарма, што шум у кабіне, ды дымна, але магутная, высокапрадукцыйная. Сёння Павел Мар'янавіч водзіць па палетках "Беларус-3022", аналаг "кіраўца". Умовы працы на ім значна лепшыя, у кабіне камфортна, але механізатар даводзіць, што трактар патрабуе некаторай дапрацоўкі канструктараў.
Сёлета Павел Мазанік заняў у раённым спаборніцтве на сяўбе кукурузы трэцяе месца і быў запрошаны на свята работнікаў сельскай гаспадаркі, якое ладзілася ў гарадскім Цэнтры культуры. Новым пасяўным камбінаваным агрэгатам айчыннай вытворчасці АПП-6Д ён засеяў 382 гектары. Акрамя гэтага пасеяў вясною збожжавыя больш як на 500 гектарах, а восенню - азімыя, прычым справіўся з гэтай работай адзін. Урадзіла ў гэтым годзе ў таварыстве грэчка. Па ўраджайнасці гэтай крупяной культуры гаспадарка заняла першае месца ў раёне.
І ў гэты поспех Мазанік таксама ўнёс свой уклад.
- Думаю, што ўраджайнасці грэчкі сёлета паспрыяла менавіта надвор'е, бо гэта цеплалюбівая культура, - сказаў механізатар. - Зразумела, прытрымліваліся мы і тэхналогіі - папярэдне былі выкананы ўсе перадпасяўныя работы, унесены гліфасаты. Трэба сказаць, што і пчолкі добра папрацавалі.
На сваім трактары Павел Мазанік праводзіць і ворыва глебы. Зімою работы нямнога, гэта раней у міжсезонне вазілі тарфакрошку, бо аб'ёмы былі вялікія, выконвалі і іншыя транспартныя работы. Занятак знайшоўся б і зараз, але не стае прычэпаў, іх трэба купляць. "Беларус" яго стаіць спраўны, таму дапамагае механізатар у майстэрні сваім калегам даводзіць да ладу сельгастэхніку.
Самым памятным для Мазаніка быў 1998 год. Ён тады заняў першае месца ў абласным спаборніцтве на ворыве глебы і разам са сваімі калегамі з іншых гаспадарак раёна пабываў на свяце, якое ладзілася ў Мінскім раёне.
У свабодны час Павел Мар'янавіч любіць хадзіць у грыбы. Удаецца, на жаль, рэдка, але месцы, дзе растуць белыя, ведае добра. Гаворыць, што сёлетні год не выдаўся на гэтыя элітныя грыбы - іх было мала, ды і тыя чарвівыя. А вось у канцы лістапада і ў пачатку снежня палезлі зялёнкі і падзялёнкі.
Павел і Яніна Мазанікі гаспадарлівыя. Разам з іншай жыўнасцю трымаюць на падвор'і і карову. Для сябе і дзяцей Яніна Казіміраўна робіць з малака тварог, масла, смятану. Яна працуе поварам у школьнай сталовай, і ў яе гэта атрымліваецца адмыслова. Лішкі малака здаюць. І, трэба сказаць, адмаўляцца ад рагулі пакуль не збіраюцца. Кожныя выхадныя прыязджаюць з Мінска дачка і сын з сям'ёй. Для ўнука, які вельмі любіць глядзець мультфільмы па ІР-ТV, ствараюцца самыя спрыяльныя ўмовы.
Васіль ЗЯНЬКО (фота)






