мобильная версия
Прамень

Быць узорам санітарнай культуры

Нумар - №21-23    Рубрыка - З сесіі райсавета

03.02.2012

Пытанне аб рабоце раённых службаў і арганізацый усіх формаў уласнасці па навядзенні парадку на зямлі ў 2011 годзе было заслухана на сесіі раённага Савета дэпутатаў. З абагульненай інфармацыяй выступіў галоўны дзяржаўны санітарны ўрач раёна Ігар Кунцэвіч. У яго мы і пацікавіліся: што станоўчага ў добраўпарадкаванні населеных пунктаў раёна, хто як папрацаваў і чый вопыт варты пераймання, якія праблемы належыць  вырашаць сёлета?

Дагавор з двухмесячнікам

Пытанне навядзення парадку на зямлі, добраўпарадкавання - прыярытэтнае ў дзейнасці органаў мясцовай улады. Згодна з рашэннем райвыканкама, з 1 красавіка па 31 мая на Стаўбцоўшчыне былі аб'яўлены двухмесячнікі, акрамя таго, двойчы на працягу года праходзілі месячнікі. Традыцыйнымі сталі суботнікі. Пасля іх санітарны стан раёна істотна палепшыўся.

За зароблены на суботніках 261 мільён рублёў была закуплена тратуарная плітка. У райцэнтры добраўпарадкаваны вуліцы Гагарына, Цэнтральная, Каперніка, Калініна, Багінскага, Сацыялістычная, пешаходныя дарожкі ў парку Дружбы народаў. Праведзены ямачны рамонт вуліц і рамонт цвёрдага пакрыцця, пасаджаны дрэвы і кветкі.   

Паляпшэнню санітарнага стану горада і вёсак пасадзейнічала набыццё аб'яднаннем камунальных службаў дадаткова дзевяці аўтамабіляў-смеццявозаў. У выніку, планава-рэгулярнай саначысткай ахоплены 174 населеныя пункты (з 201), 46 садовых таварыстваў (з 48). 

Разам з тым, заключэнне дагавораў на вываз цвёрдых камунальных адходаў пакуль не ўсюды атрымала шырокае распаўсюджанне. У вёсцы Старына, да прыкладу, дагаворамі ахоплены толькі 43 працэнты жыхароў. Нездавальняюча наладжана гэтая работа ў аграгарадках Налібакі, Аталезь, Горкі.

Свае абеліскі і кінутыя "люксы"  

Сельвыканкамамі нямала зроблена ў справе навядзення парадку на зямлі. Іх работа насіла, як правіла, сістэмны характар. Не засталіся без увагі абеліскі і мемарыяльныя помнікі. За год у раёне ачышчаны ад кустоўя 58 могільнікаў, на 43-х адрамантаваны агароджы. Ліквідаваны 23 стыхійныя звалкі смецця. Прыведзена ў парадак трэцяя частка грамадскіх шахтавых калодзежаў. Спілаваны 378 аварыйных дрэў. Мясцовая ўлада аказала дапамогу ў пафарбоўцы і рамонце 17 215 метраў пагонных плоту.

Найлепш гэтая работа была арганізавана старшынямі Вішнявецкага, Цясноўскага, Засульскага і Літвенскага сельвыканкамаў. У гэтых сельскіх Саветах задзейнічаны ў справе добраўпарадкавання грамадскія санітарныя камісіі, старасты вёсак. Парушальнікам не проста выдаецца прадпісанне, а і кантралюецца яго выкананне.

Паўсюдна па раёне праблемай застаюцца кінутыя, пустыя дамы (іх 156, у тым ліку ў сельскай мясцовасці - 117).  Чысцінёй і бяспекай у гэтых "люксах" і не пахне. Гаспадароў іх прыходзіцца вышукваць праз БРТІ, сваякоў. Неабходна актывізаваць работу раённай камісіі па абследаванні пустых дамоў, прызнанні іх бесгаспадарчымі і прыняцці мер у адпаведнасці з Указам Прэзідэнта № 70. 

У цэлым эстэтычны выгляд некаторых фасадаў дамоў, платоў жыхароў раёна пакідае жадаць лепшага. У гэтай справе кожнаму з нас не варта чакаць напамінку ад санітарнай службы. Злосным парушальнікам выдадзена летась рознымі службамі 47 прадпісанняў, на 31 домаўладальніка накладзены штрафы.

Імкненне грамадскае

Пра імкненне грамадскасці, кіраўнікоў прадпрыемстваў і арганізацый да паляпшэння знешняга вобліку раёна сведчыць стан прылеглых тэрыторый. Узорам санітарнай культуры можа служыць тэрыторыя Цэнтра банкаўскіх паслуг № 624 ААТ "ААБ Беларусбанк", мясакамбіната, гандлёвага цэнтра "Наш дом" ІП С. М. Гайко (вул. Цэнтральная), ААТ "БелНатурПрадукт". Са станоўчага боку варта адзначыць Стаўбцоўскую ПМК, раённы вузел электрасувязі, лясгас, электрасеткі, Хатаўскі спіртзавод, хлебапрыёмнае прадпрыемства, якія не шкадуюць сродкаў на добраўпарадкаванне і азеляненне сваёй тэрыторыі, замену агароджы.

У той жа час патрабуюць большай увагі тэрыторыі аўтабазы райспажыўтаварыства, аўтапарка № 17, Навасвержанскага лесазавода, торфабрыкетнага завода, Аграпрамэнерга, стаўбцоўскага цэха УП "Мінскутормет", аб'яднання камунальных службаў, ПМК-233, райаграсэрвісу (у тым ліку па вул. 17 Верасня ў Стоўбцах).  

Нягледзячы на прынятыя меры, да гэтай пары не наведзены парадак на тэрыторыі ніжняга склада ААТ "Маладзечналес", што ў Новым Свержані. Тэрыторыя яго захламлена, зарасла пустазеллем і звалкамі. Напрыканцы мінулага года па даных фактах накіравана прадстаўленне ў пракуратуру раёна. Аналагічныя меры прыняты і ў адносінах да былога ДАКа ПГВУП "Шато-інвест" (вул. Кірава, 5 у Стоўбцах).

Санітарны дзень не для ўсіх

Тое, што навядзенне парадку на зямлі - справа агульная, лічыць пакуль не кожны кіраўнік. Пра гэта сведчыць падыход да выканання распараджэння райвыканкама аб замацаванні за суб'ектамі гаспадарання пэўных гарадскіх вуліц. Гэтым жа дакументам устаноўлены адзіны санітарны дзень у горадзе - чацвер. Значыць, уборка "сваіх" вуліц павінна весціся прадпрыемствамі кожны тыдзень. Але гэтага нельга сказаць пра рамонтна-будаўнічае ўпраўленне, ДРБУ № 135, аўтапарк № 17, Аграмашзапчастку, цэх "Мінскутормет", лінейна-кабельны ўчастак № 61 РУП "Белтэлекам" і інш.

Пэўныя недахопы ёсць і ў рабоце камунальнікаў, у прыватнасці, па ўтрыманні кантэйнерных пляцовак для збору смецця, уборцы і абкошванні пустыроў, своечасовым рамонце асфальтавага пакрыцця вуліц і прыдомавых тэрыторый. На працягу года адказныя службовыя асобы АКС неаднаразова прыцягваліся да адміністрацыйнай адказнасці.

Што неабходна зрабіць АКС у першую чаргу? У поўным аб'ёме ажыццявіць пераход ад заяўляльнага прынцыпу вывазу смецця да планава-рэгулярнага, а таксама павялічыць кратнасць вывазу адходаў з прыватнага сектара, што дазволіць падтрымліваць належны узровень чысціні і зменшыць абгрунтаваныя скаргі жыхароў.

І ферма, і мехдвор - тэрыторыі чысціні

У сельгаспрадпрыемствах раёна палепшыўся агульны стан мехдвароў. Тэрыторыі іх агароджаны, у асноўным - з цвёрдым пакрыццём і з абазначанымі пляцоўкамі для складзіравання металалому і шынаў. Але пакідаюць жадаць лепшага тэрыторыі малочнатаварных фермаў.

За іх нездавальняючы стан да адміністрацыйнай адказнасці прыцягваліся дырэктары сельгаспрадпрыемстваў "Рочавічы", "Радзіма  Дзяржынскага", "Шашкі", "Каганец", "Рубяжэвічы", "Дзераўное", "Радзіма Якуба Коласа".

Калі звярнуць увагу на тэрыторыі іншых суб'ектаў гаспадарання і аб'ектаў, размешчаных у сельскіх населеных пунктах раёна, то тут ёсць над чым папрацаваць кіраўніцтву райспажыўтаварыства, аддзелаў культуры і адукацыі, вузла паштовай сувязі, камбіната бытавога абслугоўвання, а таксама ўладальнікам прыватных піларамаў і станцый тэхабслугоўвання аўтамабіляў. Пакідае жадаць лепшага дзейнасць дарожных службаў па ўтрыманні прыдарожных палос, прыпыначных пунктаў і пляцовак для адпачынку.

Навядзенне парадку на зямлі - задача важная і актуальная, вырашыць якую можна толькі агульнымі намаганнямі.

Таццяна ПЯТКЕВІЧ