Да ведама чытачоў
Нумар - №21-23 Рубрыка - Жыццё. Улада. Чалавек
03.02.2012
СУПРАЦЬ П'ЯНСТВА
У 2011 годзе да адміністрацыйнай адказнасці за распіванне алкагольных напіткаў у грамадскіх месцах і з'яўленне ў п'яным выглядзе прыцягнуты 1022 грамадзяніны. Супрацоўнікамі РАУС з улікам асаблівасцяў рэгіёна праведзена больш за 160 рэйдавых мерапрыемстваў па выяўленні асоб, якія займаюцца вырабам, захоўваннем і рэалізацыяй спіртаўтрымліваючых вадкасцяў, самагону і брагі. За даны перыяд да адміністрацыйнай адказнасці за парушэнне Дэкрэта Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь № 11 "Аб удасканаленні дзяржаўнага рэгулявання вытворчасці, абароту і рэкламы алкагольнай, нехарчовай спіртаўтрымліваючай прадукцыі і харчовага этылавага спірту" ад 09.09.2005 прыцягнуты да адказнасці 17 чалавек. За незаконную рэалізацыю спіртных напіткаў па арт. 12.43 КоАП Рэспублікі Беларусь (выраб, захоўванне і набыццё моцных алкагольных напіткаў (самагону), паўфабрыкатаў для іх вырабу (брагі), захоўванне апаратаў для іх вырабу) да адміністрацыйнай адказнасці прыцягнуты 124 чалавекі (з іх па ч. 1 - 46, па ч. 2 - 56, па ч. 3 - 22), па арт. 12.27 ч. 4 - 2), знішчаны 52 міні-заводы і самагонныя апараты, адабрана 687 літраў самагону, 8070 літраў самагоннай брагі, 262 літры спірту, спіртаўтрымліваючых вадкасцяў і іншых фальсіфікаваных спіртных напіткаў. 23 асобы, якія злоўжывалі спіртнымі напіткамі, накіраваны ў лячэбна-прафілактычны прафілакторый.
Так ужо за 20 дзён 2012 года за парушэнні антыалкагольнага заканадаўства прыцягнуты да адказнасці восем жыхароў нашага раёна, канфіскавана 500 літраў самагоннай брагі, тры літры самагону.
У сувязі з гэтым на тэрыторыі Стаўбцоўскага раёна праводзіцца комплекс аператыўна-прафілактычных мерапрыемстваў па прафілактыцы п'янства, арганізавана тэлефонная прамая лінія па тэл. 5-32-76, на якую кожны грамадзянін можа ананімна або адкрыта паведаміць аб сем'ях, дзе не ўсё добра, асобах, якія злоўжываюць спіртнымі напіткамі і вядуць антыграмадскі лад жыцця, займаюцца вырабам і рэалізацыяй спіртаўтрымліваючай вадкасці, непаўналетніх, якія знаходзяцца ў сацыяльна небяспечным становішчы, для прыняцця своечасовых мер рэагавання.
У 2011 годзе на тэлефоны гарачай лініі ад жыхароў раёна паступіла 56 інфармацый аб парушэннях антыалкагольнага заканадаўства, з якіх 22 знайшлі сваё пацвярджэнне.
ЗУСІМ НЕ БЯСКРЫЎДНЫЯ РАСКОПКІ
На Стаўбцоўшчыне пачасціліся выпадкі раскопак, якія вядуць аматары даўніны ў пошуках рарытэтаў. Пры гэтым важна не пераступіць мяжу і не ператварыцца з бяскрыўднага аматара ў злачынцу.
Узброеныя гістарычнымі звесткамі і металашукальнікам, "капацелі" ўздоўж і ўпоперак абследуюць мясціны былых радзівілаўскіх уладанняў. Недалёка ад Любкаўшчыны, дзе знаходзілася некалі княжацкая таверна, трое шукальнікаў увосень працавалі два выхадныя дні, каб знайсці некалькі старадаўніх манет.
Летась у маі пры адпрацоўцы Вішнявецкага сельсавета ўчастковым інспектарам Аляксандрам Кільчэўскім быў затрыманы за падобнымі раскопкамі жыхар горада Дзяржынска, у якога на Стаўбцоўшчыне спадчынны прысядзібны ўчастак. Што ён шукаў - невядома, але пры ім былі знойдзены боепрыпасы, а менавіта 12 патронаў. У маі 2011 года таксама быў прыцягнуты да адміністрацыйнай адказнасці жыхар Новай Вёскі, які перавозіў 6 штык-нажоў.
- Каб міжволі не стаць злачынцам, пры знаходжанні боепрыпасаў грамадзянін павінен неадкладна паведаміць у міліцыю, - адзначыла начальнік аддзела прафілактыкі і аховы правапарадку РАУС Юлія Белавусава. - У адваротным выпадку пры затрыманні ён можа быць прыцягнуты да крымінальнай адказнасці па арт. 295 "Незаконныя дзеянні ў адносінах да агнястрэльнай зброі, боепрыпасаў і выбуховых рэчываў". Да такіх дзеянняў адносяцца: выраб іх, набыццё, перадача ў валоданне, захоўванне, збыт, перавозка, перасылка або нашэнне. Любое з іх лічыцца цяжкім злачынствам і цягне за сабой адказнасць аж да пазбаўлення волі да сямі гадоў з канфіскацыяй маёмасці.
Сярод шукальнікаў рарытэтаў знаходзяцца і тыя, хто капае старыя могільнікі. Закон тут адзін: пасля раскопак усё павінна быць вернута ў ранейшы стан. Вядома і тое, што пры знаходжанні скарбу, у тым ліку і залатых манет, грамадзянін абавязаны заявіць аб гэтым у дзяржорганы (сельскі Савет, райвыканкам) або ў міліцыю. Нагадаем, яму гарантуецца ўзнагароджанне ў памеры 25 працэнтаў каштоўнай знаходкі.
У МАРОЗНЫ МАКСІМУМ
Траскучыя маразы прымушаюць гарачэй напальваць печы. А каб гэта не абярнулася пажарам, прыслухайцеся да рэкамендацый выратавальнікаў.
Нельга перакальваць печ! Лепш прапаліць яе некалькі разоў за дзень, чым адзін раз максімальна. Выратавальнікі настойваюць на тым, каб дымаход у печах чысціўся не толькі перад ацяпляльным сезонам, але і падчас яго - не радзей аднаго раза ў тры месяцы, інакш можа загарэцца сажа.
Агульнавядома тое, што нельга прымяняць для распальвання печы лёгкія на загаранне і гаручыя вадкасці (бензін, керасін) - гэта надзвычай небяспечна. Пазбегнуць загарання ў доме драўлянай падлогі ад выпаўшых раскаленых вуглёў дапаможа металічны перадтопачны ліст, прыбіты перад дзверцай печы. Памер яго павінен быць не менш за 50х70 см.
Нельга паліць печ з разбураным дымаходам, але і самастойна займацца яго рамонтам выратавальнікі таксама не раяць.
Нагадаем, што адно з асноўных патрабаванняў да печаў і печак, якія абаграваюць многія вясковыя дамы, - пабелка дымахода. На свежай пабелцы адразу прыкметныя трэшчыны, якія, як вядома, могуць выклікаць надзвычайнае здарэнне.
ЧАЛАВЕЧЫ ФАКТАР У БЫТОЎЦЫ
З надыходам маразоў павялічылася колькасць пажараў у падсобных памяшканнях на будаўнічых пляцоўках.
З пачатку года ў Мінскай вобласці здарыліся два пажары ў бытоўках, прычым адзін пажар зафіксаваны ў нашым раёне. 8 студзеня загарэўся вагон-бытоўка ў вёсцы Шашкі. Без ахвяр тут абышлося па шчаслівай выпадковасці. Затое пажар, які здарыўся 25 студзеня ў будаўнічай бытоўцы ў в. Міхалёўшчына Дзяржынскага раёна, забраў жыццё чалавека. Прычына абодвух пажараў - курэнне і неасцярожнае абыходжанне з агнём.
Акрамя чалавечага фактара, да ліку найбольш частых прычын, якія выклікаюць пажары ў бытоўках, адносяцца няправільнае ўстройства пячнога ацяплення і электраабсталявання, парушэнне правіл іх эксплуатацыі, прымяненне для абагрэву электраабагравальнікаў кустарнай вытворчасці.
- Пажарна-тэхнічныя абследаванні шэрагу аб'ектаў, праведзеныя работнікамі дзяржаўнага пажарнага нагляду на будаўнічых пляцоўках, паказалі, што названыя парушэнні пакуль не зжыты, - паведаміў інспектар раённага аддзела па надзвычайных сітуацыях Сяргей Сіткевіч. - Акрамя таго, не ўсе аб'екты, што будуюцца, забяспечаны супрацьпажарным водазабеспячэннем. Нярэдка з парушэннем патрабаванняў выканана электраабсталяванне, адсутнічаюць пярвічныя сродкі пажаратушэння, назіраюцца парушэнні супрацьпажарнага рэжыму. У сувязі з гэтым у лютым - сакавіку на будаўнічых пляцоўках раёна запланаваны месячнік пажарнай бяспекі.






