мобильная версия
Прамень

Кароткім радком

Нумар - №21-23    Рубрыка - Афіцыйна

03.02.2012

Фотография 1

У НАШАЙ КРАІНЕ

Пастановай Савета Міністраў №  86 ад 26 студзеня бягучага года зацверджаны бюджэт пражытачнага мінімуму ў сярэднім на душу насельніцтва і па асноўных сацыяльна-дэмаграфічных групах у цэнах снежня 2011 года ў разліку на адзін месяц. Перыяд дзеяння гэтых сацыяльных нарматываў - з 1 лютага па 30 красавіка 2012 года. Бюджэт пражытачнага мінімуму ў сярэднім на душу насельніцтва з лютага складзе Br706 тыс. 880. Новы БПМ павысіўся на 23 працэнты да нарматыву, які дзейнічаў з 1 лістапада 2011 года па 31 студзеня 2012 года (Br574 тыс. 790).

Урад Беларусі плануе аднавіць да канца 2012 года дакрызісны ўзровень пакупніцкай здольнасці асноўнай масы насельніцтва. Па словах Прэм'ер-міністра Міхаіла Мясніковіча, наяўныя разлікі даюць для гэтага ўсе падставы.

Банкноты наміналам 200 тысяч беларускіх рублёў з'явяцца ў абарачэнні сёлетняй вясной. Паралельна з гэтым Нацыянальны банк зоймецца вывядзеннем з разлікаў дзесяці і дваццацірублёвых купюр. Гэта паступовы працэс, у ходзе якога будуць выключацца з абарачэння старыя купюры і не выпускацца новыя. Адбудзецца і адпаведнае акругленне цэн. Аб гэтым расказала журналістам кіраўнік Нацыянальнага банка Рэспублікі Беларусь Надзея Ермакова.

У сувязі з неспрыяльнымі ўмовамі надвор'я Міністэрства аховы здароўя накіравала ў адрас Мінадукацыі, аблвыканкамаў і Мінгарвыканкама пісьмы аб неабходнасці прыпыніць або абмежаваць навучальныя заняткі ва ўстановах агульнай сярэдняй адукацыі, адмяніць прагулкі або скараціць іх працягласць у дзіцячых садах. Адпаведнае рашэнне прымаюць мясцовыя выканаўчыя і распарадчыя органы, а таксама загадчыкі ўстаноў дашкольнай адукацыі. У школах у выпадку часовага прыпынення заняткаў гэта абмежаванне закране ў першую чаргу 1-4 класы. Пад катэгорыю неспрыяльных умоў надвор'я падпадаюць тэмпература мінус 25 градусаў і ніжэй пры скорасці руху паветра больш як 2 м/сек.

Метэаролагі лічаць, што ў Беларусі існуючыя ўмовы садзейнічаюць добрай перазімоўцы сельскагаспадарчых культур. Аб гэтым паведаміў 31 студзеня на канферэнцыі ў Маскве начальнік Рэспубліканскага гідраметэацэнтра Беларусі Анатоль Палішчук.  Назіранні аб уплыве з'яў надвор'я на рост сельгаскультур вядуцца пастаянна, у любую пару года, адзначыў Анатоль Палішчук. На яго думку, у гэтым годзе склаліся нармальныя для раслін умовы. "Снег лёг на мёрзлую зямлю, яго вышыня цяпер складае ад 10 да 45 см, што садзейнічае добрай перазімоўцы культур, - расказаў Анатоль Палішчук. - Але назіранні прадаўжаюцца, вядзецца адбор проб на жыццяздольнасць. І ў выпадку анамальных з'яў надвор'я, пацяплення, утварэння снежнай скарынкі або снежнай цвілі, работнікі сельскай галіны будуць папярэджаны з мэтай мінімізацыі страт будучага ўраджаю".

У ВОБЛАСЦІ

Фестываль праваслаўнай культуры "Кладезь" стартаваў у Дзяржынску 3 лютага. Трэці па ліку форум працягнецца па 9 лютага і прымеркаваны, па традыцыі, да дня памяці Валянціны Мінскай. У гэтыя дні ў рэгіёне праводзяцца тэматычныя выстаўкі, кінапаказы, тэатральныя прадстаўленні і грамадскія абмеркаванні самых надзённых сацыяльных праблем.

Вытворчасць імпартаза мяшчальнай прадукцыі ў Мінскай вобласці ў 2012 годзе плануецца павялічыць на 30 працэнтаў. Аб гэтым паведаміў журналістам намеснік старшыні Мінаблвыканкама Аляксандр Ярмак. Будзе рэалізавана 46 імпартазамяшчальных праектаў. "Мы стараемся рэалізаваць праекты і прыцягнуць інвестараў у сферы інавацыйнага імпартазамяшчэння, а не проста вырабляць імпартныя аналагі для ўнутранага рынку. Гэта павінна быць прадукцыя, запатрабаваная таксама за мяжой, робіцца стаўка і на развіццё сферы паслуг, будаўніцтва лагістычных цэнтраў", - адзначыў Аляксандр Ярмак.

(Па інфармацыі афіцыйнага інтэрнэт-сайта Мінаблвыканкама і матэрыялах БелТА)