мобильная версия
Прамень

Па дагаворы ці па заяўцы

Нумар - №21-23    Рубрыка - Добраўпарадкаванне

03.02.2012

Заключыць дагавор на вываз цвёрдых бытавых адходаў абавязаны кожны жыхар індывідуальнага жылога дома.

Аб'яднанне камунальных службаў нагадвае, што, згодна з Законам "Аб абыходжанні з адходамі", усе ўладальнікі індывідуальных жылых дамоў абавязаны заключыць дагавор на вываз і абясшкоджванне бытавых адходаў.  Іх, адходаў у выглядзе банак, шклянак і т. п. пасля таго, як заканчваюцца святы, асабліва шмат. Ізноў паўстае тэма смецця... 

У Стоўбцах дагавор на яго вываз і абяшкоджванне стопрацэнтна заключылі жыхары шматпавярховак і на 97 працэнтаў - уладальнікі прыватных дамоў. Аднак гэта робіцца не ўсюды.

- Спажывец абавязаны заключыць дагавор на аказанне асноўных жыллёва-камунальных паслуг. Сярод іх нароўні з ацяпленнем, водазабеспячэннем і водаадвядзеннем і вываз, абясшкоджванне цвёрдых бытавых адходаў, - падкрэслівае юрысконсульт аб'яднання камунальных службаў Алена Хурс, спасылаючыся на арт. 18 Закона Рэспублікі Беларусь "Аб абароне правоў спажыўцоў жыллёва-камунальных паслуг", іншыя акты заканадаўства. У арт. 415 Грамадзянскага кодэкса Рэспублікі Беларусь указваецца, што "...заключэнне дагавора абавязковае і пры невыкананні абавязкаў другі бок мае права звярнуцца ў суд з патрабаваннем аб прымусе заключыць дагавор".

У сувязі з тым, што на тэрыторыі раёна адзіная арганізацыя, якая займаецца вывазам і абясшкоджваннем цвёрдых бытавых адходаў -  аб'яднанне камунальных службаў (на яго балансе знаходзяцца і ўсе міні-палігоны), то насельніцтва абавязана заключыць дагавор на вываз цвёрдых адходаў з гэтым прадпрыемствам. Прывядзём яшчэ адну вытрымку з дакумента - з арт. 17 Закона "Аб абыходжанні з адходамі": "Уласнікі адходаў спажывання абавязаны прыняць меры па іх дастаўцы ў санкцыянаваныя месцы захоўвання адходаў у адпаведнасці са схемай абыходжання з камунальнымі адходамі, зацверджанай раённым выканаўчым камітэтам, з пляцовак з кантэйнерамі або са спецыяльнага транспартнага сродку (смеццявоза) пры прыдомавым аб'ездзе прыватных домаўладанняў". 

Такім чынам грамадзяне, якія пражываюць у індывідуальных жылых дамах, ахоплены цэнтралізаваным зборам цвёрдых адходаў, і таму  кожны абавязаны заключыць дагавор на іх вываз і абясшкоджванне. У адваротным выпадку прадугледжаны меры адміністрацыйнага ўздзеяння.

Бывае, што па той ці іншай прычыне грамадзянін жадае скасаваць раней заключаны дагавор. Гэты варыянт магчымы толькі тады, калі  грамадзянін устанаўлівае асабісты кантэйнер для збору адходаў. Такія выпадкі, хоць і адзінкавыя, але сустракаюцца. Кантэйнер можна купіць прыкладна за 500 тысяч рублёў, а вываз яго ажыццяўляецца аб'яднаннем камунальных службаў па разавай заяўцы. Кошт яе складае 6 тысяч 200 рублёў.

Таццяна ПЯТКЕВІЧ