Тыдзень Стаўбцоўшчыны
Нумар - №21-23 Рубрыка - Падзеі і здарэнні
03.02.2012
ЗАГСам зарэгістраваны ў раёне на мінулым тыдні два шлюбы, зроблена адна адзнака аб скасаванні сямейнага саюза. Пасведчанні аб нараджэнні выдадзены семярым маленькім жыхарам Стаўбцоўшчыны: Елісею Брылеўскаму, Антону Валовічу, Раману Гарохавіку, Паліне Міхайлавай, Паўлу Валадзько, Арцёму Кісялю і Валерыі Піліпчук.
Зямны шлях закончыўся для 19-ці чалавек.
У пажарнай часці згадалі два вогненныя здарэнні. У Вечатарове агонь моцна прайшоўся па даўно закінутым доме, гаспадар якога памёр, а ў доме ў апошні час спыніліся цыганы. Падвяло пячное ацяпленне, якое эксплуатавалася з парушэннямі. Па гэтай жа прычыне ў Шашках адбылося загаранне кармакухні вяскоўца.
Міліцыяй зарэгістравана 113 паведамленняў аб правапарушэннях, у тым ліку ўзбуджаны чатыры крымінальныя справы. Нецвярозы грамадзянін 1983 года нараджэння выкраў з дваровай тэрыторыі ў вёсцы Заямнае рулон металічнай сеткі "рабіца". Жыхар Дзераўной паўторна ўчыніў грабеж - з прымяненнем насілля адкрыта адабраў у пацярпелага грошы і мабільны тэлефон. Ноччу невядомы хуліган пашкодзіў аўтамабіль "БМВ", прыпаркаваны ля дома па вул. Свярдлова. На працягу мінулага года грамадзянін сістэматычна збіваў сваю жонку, наносіў ёй боль і псіхічныя пакуты. За тыдзень райаддзелам міліцыі складзена 30 пратаколаў на дробных хуліганаў, 19 -на тых, хто распіваў спіртное, знаходзіўся ў грамадскім месцы ў нецвярозым стане і інш.
Пракуратурай праведзена праверка па звароце жыхаркі вёскі Заямнае, які датычыў выканання райвыканкамам заканадаўства аб зваротах грамадзян. У ходзе праверкі выяўлены шэраг парушэнняў дзеючага заканадаўства, на імя старшыні ўнесена прадстаўленне. Унесена таксама прадстаўленне кіраўніцтву ТАА "Лясная кампанія", дзе выяўлены парушэнні працоўнага заканадаўства, заканадаўства аб ахове працы. Пракурорам раёна праведзена праверка выканання антыкарупцыйнага заканадаўства ў Стаўбцоўскім доследным лясгасе па факце злоўжывання службовымі паўнамоцтвамі службовай асобай гэтага прадпрыемства, па выніках якой узбуджана крымінальная справа і ўнесена прадстаўленне на імя дырэктара аб ухіленні парушэнняў.
Суд абмежаваў у волі на паўтара года жыхара Варнавугла, які падняў руку на аднавяскоўца. Да шасці месяцаў арышту прыгавораны жыхар Дзераўной, 1970 года нараджэння, ужо сем разоў судзімы: на гэты раз ён пакараны за крадзеж курэй і прыцягнуты таксама да прымусовага лячэння ад алкагольнай залежнасці. Жыхар вёскі Агароднікі, які захоўваў у сябе 150 літраў самагону, аштрафаваны судом на 175 тысяч рублёў і ўвесь яго самагонны склад канфіскаваны.
ДАІ выявіла 170 парушэнняў правілаў дарожнага руху. Сярод парушальнікаў - трое п'яных і 8 бяспраўных вадзіцеляў, 19 недысцыплінаваных пешаходаў (з іх чацвёра -веласіпедысты) і інш. 27 студзеня каля 8 гадзін непадалёку ад Варнавугла адбылася дарожная аварыя: вадзіцель, які кіраваў аўтамабілем "Ніва-шэўрале", падчас абгону наехаў на пешахода, састарэлую жанчыну, якая рухалася з веласіпедам у руках па сустрэчнай паласе. Пешаход не была абазначана флікерам, з траўмамі яна трапіла на бальнічны ложак.
"Хуткая" выязджала да хворых 180 разоў, у тым ліку сем сігналаў паступіла да асоб з алкагольным ап'яненнем. Два звароты ў экстранную службу медыкі прылічваюць да неабгрунтаваных.






